«Ідзі, ідзі, зіма, да Кракава, бо ты нам нахракала!»: У Беларусь прыйшла Масьленічная вясна

1 сакавіка беларусы шырока адзначалі сьвята масьленіцы. Нядзеля — апошні дзень мясапуснага тыдня перад пачаткам Вялікага Посту, сымбалічны адыход зімы і поўная надзей сустрэча вясны. У часы паганства людзі верылі, што ў гэты дзень бог зімы Зюзя саступае свае правы багіні вясны Лялі.

Па прыкладзе продкаў многія сучасныя беларусы не абмінулі такую падзею сваёй увагай. Ва ўсіх раёнах Менску, гарадзкіх парках і нават менскім заапарку па даўна знаёмым сцэнары былі арганізаваныя тыповыя народныя «гуляньні» з песьнямі, пляскамі, вулічнымі блінамі і аладкамі. А для тых, чыя душа прагнула роднай традыцыйнасьці, расчыніў свае шэра-драўляныя абдымкі Беларускі Дзяржаўны музэй народнай архітэктуры і побыту ў Строчыцах.

Строчыцы Масьленіца

Тым, хто прыехаў у музэй параней, пашчасьціла павывучаць самабытны жыцьцёвы ўклад продкаў-сялянаў у цішыні і зручнай адноснай бязьлюднасьці.

Строчыцы Масьленіца

З кожнай жа гадзінай бліжэй да абеду ланцужкі турыстаў падаўжаліся, а чэргі расьлі. Цікаўныя сем’і з маленькімі дзеткамі, пажылыя бабулі, маладыя пары, падлеткі інтэлігентнай і сумнеўнай зьнешнасьцяў, замежныя госьці старанна фоткаліся і білі ілбы аб нізкія дзьвярныя праёмы хатаў, часта нават не здагадваючыся пра глыбокі сэнс сваіх шышак у пакланеньні духам продкаў, якія жывуць у парогах.

Строчыцы Масьленіца

Натуральна, некаторыя з наведвальнікаў шчыра захапляліся калекцыяй прадметаў побыту з Цэнтральнай Беларусі, Паазер’я і Падняпроўя, захаванымі яшчэ з XVIII стагодзьдзя, некаторыя весела забаўляліся сьнежкамі і санкамі, а хтосьці раскладаў пікнікі проста на сьнезе. Прычым апошнія ня ведалі самі, што ўшаноўваюць традыцыю, бо Масьленіца — гэта апошні дзень перад Постам, калі можна ўжываць сьпіртовыя напоі.

Строчыцы Масьленіца

Тым, хто прыехаў не ў музэй, а на сьвята, праграма абяцала быць даволі цікавай і ў цэлым, заняцца было чым. Людзі хадзілі на хадулях, перацягвалі канаты, кідалі ў мішэні кольцы, абміналі чыгунныя збаны з такім жа збаном на галаве, лезьлі на слуп, каб разьвязаць чырвоную стужку, удзельнічалі ў конкурсе на лепшую Масьленічную ляльку, набывалі сувеніры, слухалі гурт «Джамбібум» і глядзелі выступ народнага літаратурнага тэатру «Жывое слова», хадзілі з бабкай-павітухай, дзедам, мядзьведзем і казой па хатах, вадзілі магічны карагод і грэліся каля рытуальнага вогнішча.

Строчыцы Масьленіца

Канешне, рэальнасьць трошку сапсавала сьвяточную ідэальнасьць. Холад і вецер сагнаў людзей у адзіную маленечкую карчму, дзе яны выстойвалі доўгія чэргі, каб выпіць гарачай гарбаты і паласавацца блінамі — круглымі сымбалямі сонца — па 4800 рублёў за 100 грамаў. Гэта было адзіным месцам «для сугрэву», што выклікала нямала нараканьняў сталічных гасьцей.

Строчыцы Масьленіца

Не было і дадатковых аўтобусаў, хаця ў маршрутныя такая колькасьць гасьцей зьмясьціцца проста не магла. А машыны з-за адсутнасьці паркоўкі расьцягнуліся ўздоўж усёй праезжай часткі ва ўсе магчымыя бакі.

Сёлетняя Марэна нагадала жыхарам цэнтральнага раёна Менску стэлу «Радзіма Маці». Марэна — гэта лялька, якая зь’яўляецца сымбалем адыходзячай зімы і ўсяго кепскага. Разам зь ёй ў вагні згарае ўсё злоснае і нячыстае. Таму людзі без шкадаваньня кармілі вогнішча сваімі старымі рэчамі, ператвараючы ў попел усе свае турботы. Усе чакалі, калі ж загарыцца само цела пудзіла, але яно пераможана ўпала долу, распачаўшы калектыўны карагод.

Строчыцы Масьленіца

Наведвальнікі зьяжджалі чырвоныя ад марозу і задаволеныя, бо тыя, хто хацеў не проста паталеньня паверхневай прагі шэраговага сьвята, а больш глыбокіх уражаньняў, іх атрымалі. І тыя, хто выкшталцонай праграмы не чакаў, таксама павесяліліся на сваім пікнічку. Усе арганізатарскія недахопы ў Даравальную нядзелю былі прабачаныя.

Строчыцы Масьленіца

Глядзіце яшчэ 15 здымкаў з Масьленіцы ў фотаблогу Generation.bY

Аўтар фота: Shery V.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0697 seconds.