I, we, two, three — найстарэйшым ангельскім словам можа быць да 40 000 год

Навукоўцы з University of Reading высьветлілі, што старэйшыя словы ў ангельскай мове датычацца сярэдняга палеаліту, калі самой ангельскай мовы яшчэ ня было.

Для складаньня мадэлі эвалюцыі мовы навукоўцы выкарыстоўвалі найперш сувязі паміж гучаньнем словаў і паняцьцямі. Да таго ж аналізавалі ня толькі ангельскую мову, але словы з роднасных ёй моваў. Бо пры пераходзе з мовы ў мову ў слова можа крыху зьмяняцца гучаньне, што важна для вылічэньня адноснага ўзросту таго ці іншага слова.

Для пачатку вылічэньняў экспэрты склалі сьпіс з 200 словаў, якія ня маюць дачыненьня да культуры ці тэхнікі, а таму можна дапусьціць, што не мянялі свой сэнс ні ў залежнасьці ад эпохі, ні ад геаграфіі. Таксама дадалі асаблівыя пары словаў у роднасных мовах — гэта словы, якія паходзяць ад больш старажытных словаў. А потым усё гэта разам з адмысловымі прынцыпамі, па якіх словы зьмяняюцца на працягу стагодзьдзяў, заклалі ў кампутаровую мадэль, якая й змагла вылічваць даўнасьць розных словаў у ангельскай мове.

Па выніку працы дасьледнікі могуць уводзіць у машыну любую дату і атрымліваць слоўнік на той час. Такім чынам, словы I, we, two, three, who і five могуць налічваць да 40 000 год. Гукі пры вымаўленьні гэтых словаў на ангельскай і іншых роднасных мовах выкарыстоўваюцца на працягу ўсёй гісторыі людзей, што гавораць на гэтых мовах.

Цікава, што оne крыху маладзей за адзначаныя словы, а вось four — значна маладзейшы. Чаму існавалі «адзін», «два», «тры» і «пяць», а «чатыры» — значна пазьней, пакуль ня ясна.

А аўтары дасьледаваньня дадаюць таксама сьпіс хутка эвалюцыянуючых словаў, якія хутка зьнікнуць з ангельскай мовы — панятак застанецца, а вось словы зьменяцца. Кандыдаты на вылет: dirty, stick, guts, push, turn, wipe, squeeze, bad і stab.

Паводле BBC

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1046 seconds.