Дзень абаронцаў роднай мовы: Men’s Fest вачыма марсіяніна

Men’s Fest прайшоў 22 лютага ў сталічным R-club. Ваш пакорлівы слуга наведаў дадзенае мерапрыемства з мэтай высьвятленьня, што за рэч маладыя зямляне называюць «беларускай альтэрнатыўнай музыкай». Глямурная афіша падказвала, што канцэрт прымеркаваны да Дня абаронцаў айчыны, у прынцыпе, да сьвята мужчынскага. Мужчынскі такі, суворы склад удзельнікаў гэта толькі пацьвярджаў, а ўдзел дзяўчынак — вакалістак з гурта UNIA — можна расцэньваць як прыгожы падарунак слабага полу моцнай палове чалавецтва. Ды і сьвята без жанчынаў, выключна мужчынскае, выклікае недвухсэнсоўныя падозраньні, не знаходзіце?

Сказаць, што клюб ламіўся ад народу, будзе няпраўдай. Скажам так, народу было дастаткова. Ва ўсякім разе, пакуль запусьцілі ўсіх людзей і іншых жывых істотаў, першы гурт з назвай Tweed ужо граў. Хлопцы выконвалі даволі мілагучную мяшанку з nu-metal і нечага падобнага на хард-н-хэві.

Харызматычны зямлянін мужчынскага роду сьпяваў даволі добра для гэтага жанру і для гэтых шырот. Аб чым Tweed сьпявалі, я не зразумеў, нават не зразумеў, на якой мове. Не перастаю дзівіцца розным нелягічнасьцям тут на Зямлі. Напрыклад, гук на канцэрце адладжаны быў ну проста выдатна, але толькі гурт пачынаў сьпяваць, — адразу закрадаліся сумненьні: а што яны там увогуле пяюць? Песьні аб’яўляліся на расейскай мове, барадач-вядучы сьмешна гарлапаніў на ўсю галяктыку па-беларуску пра Дзень Роднае мовы, які прайшоў днём раней, музыкі ж сьпявалі на нейкім сваім дыялекце. З мовамі ў той вечар была проста страшная блытаніна.

Другім выйшаў на сцэну берасьцейскі гурт D_tails. Ёсьць у гэтай назьве нешта такое тэхналягічнае, можа, таму і музыка ў хлапцоў адпаведная. Агрэсіўная такая падача! Мне іх музон па-добраму нагадаў амэрыканцаў Machine Head. Зямлянам гурт, здаецца, пакаціў. Ва ўсякім разе глядзелі на іх з зацікаўленасьцю, а тое, што быццам няма ў музыцы гэтага гурта арыгінальнасьці, дык гэта ня самае страшнае. Затое выканаўчы ўзровень вельмі высокі. Пелі D_tails па-расейску.

Потым быў Sok. Гэтых хлопцаў я ведаю па Басовішчы. Граць, рабіць шоў (доўгія валасы, муміі розныя ў бінтах) яны ўмеюць, і калі ты зьяўляесься аматарам такога жанру, то паслухаць тут ёсьць што. На «Басах» гурт хоча — ня хоча, але мусіць сьпяваць выключна па-беларуску. Тут жа ніякіх такіх абмежаваньняў не было, таму хлопцы казалі то «спасибо», то «дзякуй». Праграма таксама ў іх была дзьвюхмоўная. Згодны, у вас тут на Беларусі дзьве дзяржаўныя мовы, але са сцэны гэта гучыць асабліва дзіўна і нелягічна. Хаця ў астатнім гурт адпрацаваў на «выдатна»!

Sok

Выступ грута Unia стаў своеасаблівым пераходам Рубікону, пасьля якога зямляне ў залі паўставалі на вушы і стаялі так ужо да канца. Музычна гурт, груба кажучы, — сярэдняе паміж Gods Tower і Long Play, але чапляе. Усё проста: высокі прафэсіянальны ўзровень (пэўна, без «кулька» не абышлося), касьцюмы у стылі «пяты элемэнт», беларуская мова выкананьня (ня варта забывацца на тое, што шмат народу менавіта дзеля беларускамоўных гуртоў і прыйшло) ды і, шчыра кажучы, каму непрыемна на дзяўчонак з голымі ножкамі пазырыць? Усё ў іх было, усё сышлося. Адзінае, што не заўсёды можна «браць» аўдыторыю толькі акадэмічным прафэсіяналізмам, бывае, і «гаражным» гукам трэба рубануць, напрыклад, але пакуль у Unia усё на месцы.

Unia

Бярозаўскія рок-монстры гурт :B:N: ужо прадказальна выступілі моцна. Ня памятаю, калі яны ўвогуле дрэнна гралі. Аднак было заўважна, што хлопцы ўжо адвыклі граць такія невялікія сэты. Душа размаху патрабуе!

B:N

Зямныя слухачы :B:N: чакалі, таму зь першых і да апошніх нот біліся ў пазытыўных канвульсіях на танцпляцы і выкрыквалі музыкам сьмешныя камплімэнты.

Калі ж на сцэну выйшла «беларуская Кортні Лав» Вольга Самусік і запела з «бээнамі» песьню «Сьпіралі», тут усім стала не да жарцікаў — зямляне зразумелі, што гэта ня тая «дзяўчынка з касічкамі», зь якой хочацца нерашуча цалавацца і хадзіць у кіно. Гэтая дзяўчына сама зробіць з вамі ўсё, што захоча! Тут баязьліўцам і слабакам ня месца! Е!

Воля Самусік

Гонар завершыць Men’s Fest выпаў берасьцейскаму гурту «Сьцяна». Ну, пэўна хутка можна будзе казаць пра «берасьцейскую хвалю» альтэрнатыўнай музыкі. Нешта падобнае ёсьць і ў «Сьцяны», і ў :B:N:, і ў D_tails — шчыльная, гучная сьцяна гітарнага гуку, на які зьверху пакладзены гучны пранізьлівы вакал.

гурт Сьцяна

Увогуле, калі «Сьцяна» толькі выходзіць на сцэну і ты ўпершыню бачыш іх зьнешне вельмі прыемнага, сьціплага фронтмэна, то чакаеш, што зараз ён запяе нешта спакойнае кшталту рэгі, ну, максымум поп-панк. Але ўключаецца мікрафон і на цябе падае такі гучны сьпеў, што пачынаеш хлапцоў амаль баяцца і лезеш пад стол. Такім чынам, «Сьцяна» выціснула апошнія сокі зь менскіх слухачоў і падвяла рысу пад усім мерапрыемствам. Стомленыя зямляне-беларусы рассыпаліся з клюбу па хатах і ўжо сьвята верылі, што ва ўсялякім выпадку іх мову пакуль ёсьць каму бараніць.

ПРА АЎТАРА

Buzzika 

 

Нарадзіўся на Дэймасе 200 000 год таму, але ў раньнім дзяцінстве з бацькамі пераехаў на Марс, дзе і вырас. Пасьля школы па разьмеркаваньні трапіў на Тытан, адкуль і быў з дапамогай аптычна-люстэркавай сыстэмы (АЛС) зь сям’ёй і калегамі адпраўлены на Зямлю. У Беларусь патрапіў таму, што яшчэ з савецкіх часоў гэтая краіна спэцыялізуецца на оптыцы ў вытворчасьці дэталяў касьмічных караблёў. Праз АЛС сюды накіраваць было прасьцей.

Імя buzzika не сапраўднае, сапраўднае немагчыма паўтарыць не на адной зямной мове з-за асаблівасьцей марсіянскага маўленчага апарату, але buzzika — найбольш блізкае па гучаньню да сапраўднага імя. Тое ж самае і са зьнешнасьцю. Зьнешне buzzika выглядае як чалавек, але гэта зроблена для зручнасьці камунікацый тут, на Зямлі. Насамрэч buzzika нагадвае зямнога ката. Сапраўдная місія buzzika на Зямлі засакрэчана.

Глядзіце таксама ў фотаблогу Generation.bY:

Buzzika 15:50, 24/02/2009 | Рэпартажы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1888 seconds.