«Каласы пад сярпом тваім» Караткевіча цяпер і ў mp3

Унікальную бібліятэку аўдыёкніг знакамітага пісьменьніка запачаткавала выдавецка-рэклямная кампанія «БелТонМэдыя». «Каласы пад сярпом тваім» у 40-гадзінным запісе зьявяцца ў кнігарнях ужо на гэтым тыдні. Агучыў твор колішні стваральнік тэатру «Жывое слова» Андрэй Каляда.

Дырэктар «БелТонМэдыі» Алесь Калоша ў інтэрвію Радыё Свабода адзначае, што пачаць кампанію менавіта з «Каласоў…» змусіла асаблівая роля рамана ў духоўнай прасторы беларусаў.

«Каласы пад сярпом тваім» — гэта ня толькі высокамастацкі ўзор літаратуры, а твор, які і рабіў, і робіць, і будзе рабіць беларусаў па пашпарце — беларусамі па духу. Беларусамі, якія ўсьведамляюць сваю гісторыю, якія ўсьведамляюць свае карані, хто яны на гэтай зямлі, разумеюць сваю культуру. Асабліва, мне здаецца, гэты твор важны для беларускай моладзі».

Стваральнікі бібліятэкі ўжо ўзяліся за агучку і іншых твораў Уладзіміра Караткевіча, бо плянуюць выдаць як мінімум шэсьць дыскаў з творамі пісьменьніка. Андрэй Каляда ўжо пачаў чытаць у студыі раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». У плянах таксама «Чорны замак Альшанскі», «Дзікае паляваньне караля Стаха» і іншыя — гэтыя творы ў mp3 чакаюцца цягам году.

tarka 14:25, 03/02/2009 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0691 seconds.