«Rebe Skrypa» — новы альбом лідэра zygimont VAZA Сяргея «Скрыпы» Скрыпнічэнкі

«Rebe Skrypa» падрыхтаваны ў верасьні 2008 году і зьяўляецца чарговай сольнай працай музыкі. У дзевяці кампазыцыях з блізкаўсходнімі матывамі і вядомая «Hava Nagila» у цяжкой апрацоўцы, і інструмэнтальнае ўвасабленьне Амэрыкі пачатку 1960-х, і вяртаньне аўтара ў час уласнага юнацтва, і рамантычныя баляды.

Запісваў і зводзіў альбом Скрыпа сам – на ўласнай хатняй студыі. Новы інструмэнтальны альбом даступны ў Сеціве для вольнага спампоўваньня.

Rebe Skrypa

«У 2007 годзе я штодня па дарозе на працу праходзіў міма сынагогі. У галаве ўвесь час круціліся нейкія габрэйскія матыўчыкі. Я й падумаў, ці не запісаць іх — і свае, і вядомыя, кшталту „Хава Нагілы“ — у якім-небудзь цяжкім стылі як shred metal. Але ўявіў, што сорак хвілін гітарнага пілілава блізкаўсходніх тэм — вельмі аднастайная і нецікавая рэч. Таму насачыняў усялякага-рознага», — распавядае Скрыпа пра ідэю новага альбому.

Сольнымі праектамі па-за межамі «zygimont VAZA» Скрыпа пачаў займацца ў 2005 годзе. Музыка тлумачыць, што некаторыя рэчы наагул выпадалі зь ягонай канцэпцыі бачаньня zygimont VAZA, таму ўзьнікалі паралельныя праекты. Так, пад шыльдай «Skrypa MX» паўсталі альбомы «Fire King’s Diary» і «Blues Mood», а таксама альбом «Сталёвая Папараць» — своеасаблівае «балцкае фэнтэзі», які выйдзе пад тытулам «ТУР».

Стварэньню сольных праектаў спрыяла таксама зьяўленьне ў Скрыпы ўласнай хатняй студыі — музыка менш залежны ад агульных студыяў і гукарэжысэраў, ды й часу на ўдасканальваньне матэрыялу болей.

«Зарабляць у Беларусі на продажы дыскаў бессэнсоўна», — разважае Скрыпа. Таму новы альбом выкладзены для бясплатнага cпампоўваньня на афіцыйным сайце «zygimont VAZA». Зрэшты, мяркуе музыка, надалей усе ягоныя сольныя праекты і запісы «zygimont VAZA» будуць не выдавацца на CD, а выкладвацца ў Сеціве.

tarka 13:30, 22/01/2009 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0848 seconds.