«Нарыс пра піва нашага гарадка»: агляд піўнога рынку Менску з 90-х гадоў і па сёньня

Напрыканцы 1980-х піва было толькі аднаго віду — тое, што прадавалася. Выбару, як такога, ня было. Ідзеш у краму (да кіёску ці бочкі) і набываеш тое, што ёсьць. Больш за тое, піва магло і не прадавацца, бо дэфіцыт — адна з характэрных рысаў савецкае гаспадаркі. Пасьля 1985 году да гэтага дадалася і вядомая гарбачоўская антыалькагольная кампанія.

І вось, улетку 1992 году, калі СССР-у ўжо ня было, у Менску назіралася наступнае. Звычайныя гастраномы — як вялікія, так і зусім маленечкія, пачалі выстаўляць на вуліцы перад уваходам белыя плястыкавыя столікі і крэслы і тут жа — скрыні з півам. Піва стаяла пад сонцам, было цёплае, але, самае галоўнае — ЯНО БЫЛО ЗАЎСЁДЫ! Можна было набыць яго і зьнесьці з сабой дахаты, каб ахаладзіць. А можна было выпіць яго наўпрост на месцы. Галоўнае — яно стала даступным.

Аднак, датычна гатункаў, усё заставалася па-ранейшаму — нейкі адзін гатунак: «Жыгулёўскае» ці «Ячменны колас» вырабляўся і прадаваўся. Потым вырабляўся і прадаваўся іншы. Што праўда, у Менску меўся выбар паміж двума броварамі: Піўзавод №1 «Беларусь» і Піўзавод №2 «Крыніца». Паводле перакананьняў аматараў піва той пары, крыніцаўскае піва было, традыцыйна, лепшае якасьці. Да гэтага спрычыніўся той факт, што «Крыніцу» пабудавалі толькі ў 1974 годзе і гэта было больш сучаснае, чым «Беларусь», прадпрыемства.

І тут настаў травень-чэрвень 1993 году.

Пра Крыніцу 1993-1996гг: «Пачалася папросту дэманстрацыя смакоцьця»

Зьявілася крыніцаўскае «Старажытнае». Трэ адзначыць, што за савецкім часам цёмныя гатункі піва былі ўвогуле нечым з разраду далікатэсаў. А тут, калі ласка — і сьветлае можна набыць, і цёмнае. Ды яшчэ якое смачнае! Посьпех «Старажытнага» быў ашаламляльны. Але, як аказалася, «Крыніца» мела не адну, а шмат неспадзяванак для аматараў піва. Пачалася папросту дэманстрацыя смакоцьця. Не перастаючы выпускаць асноўныя — сьветлыя гатункі, на «Крыніцы» пачалі літаральна штоколькі тыдняў песьціць народ цёмнымі навінкамі. Пайшлі «Вязынскае», «Сонечнае». Сьвята піва!

На працягу 1993–1996 году крыніцаўскае піва мела адзін вельмі важны паказчык — яно было якасным. Гэта заўважалі як самі менчукі і беларусы ўвогуле, так і прыежджыя, якіх тады тут было непараўнальна больш у адрозьненьне ад дня сёньняшняга. «Жалезная заслона» зьнікла, заходнеэўрапейскім і амэрыканскім турыстам адкрыўся невядомы, цікавы сьвет былога СССР. І якаснае піва, апроч усяго іншага, зьяўлялася адным з прывабных і прыемных для турыстаў момантаў.

Крыніца vs Аліварыя: «Жартам казалі, што «Крыніца» мае сваю артэзіянскую сьвідравіну на тэрыторыі бровару, таму і піва лепшае»

Пэрыядычна зьяўляліся новыя гатункі. Якасьць не пагаршалася. Адрозьненьні паміж півам першага і другога бровараў заставаліся. Нельга сказаць, што піва «Беларусі» — сёньняшняе «Аліварыі» было дрэнным. Не, яно папросту было іншым. Сапраўды, як кажуць півавары, асноўнае — гэта якасьць вады. Тады жартам казалі, што «Крыніца» мае сваю артэзіянскую сьвідравіну на тэрыторыі бровару, таму і піва лепшае. А на «Беларусі» традыцыйна пампуюць ваду зь недалёкае Сьвіслачы, таму і вынік горшы. Асабіста я піва першага бровару купляў толькі ў двух выпадках: калі выходзіў нейкі новы гатунак (дзеля дэгустацыі) і ў выпадках, калі іншага піва не магчыма было набыць.

Не абышлося і бяз выключэньняў. «Піўзавод №1 Беларусь» часам выпускаў піва «Траецкае». Гэта быў цёмны гатунак з непараўнальным і не падобным на іншыя гатункі смакам. Калі я бачыў «Траецкае», то і сам купляў, і сябрам тэлефанаваў.

Летам 1996 году «Крыніца» выпусьціла «Портэр» — нарэшце зьявіўся адзін з самых знакамітых сусьветных гатункаў. Аднак пад канец лета — увосень нешта адбылося.

Пра Крыніцу ў 1996-м: «Склалася ўражаньне, што да піва нешта падмяшалі з побытавай хіміі. І гэта быў толькі пачатак»

Мы з сябрам набылі «Старажытнага». Як зараз памятаю, яшчэ ў такіх бутэльках — 0,33л, з-пад ліманаду (было і такое — пэпсікольная бутэлька). Але піва гэтае мела яскрава выражаны нехарчовы прысмак. Склалася ўражаньне, што да піва нешта падмяшалі з побытавай хіміі. І гэта быў толькі пачатак.

Зь цягам часу якасьць крыніцаўскага піва стала заўважна пагаршацца. З пэўных публікацый у прэсе вынікала, што нешта адбылося ў адносінах «бровары — дзяржава». Маўляў, з валютай прадпрыемствы не маглі больш паступаць вольна, як раней. Нейкія абмежаваньні паўсталі і сталася немагчымым купляць якасную сыравіну за мяжой. Ну і бровары пачалі неяк выкручвацца. Нешта недзе набываць, нешта — самі вырабляць. Наогул, вэрсія праўдападобная, бо ў выніку піва аднае маркі кожнага разу было адрознае ад папярэдняга. Штораз — нейкі новы прысмак, часам — нішто сабе, часам — дуст дустам. Дзеля справядлівасьці трэ заўважыць, што падобныя непрыемныя мэтамарфозы назіраліся з півам «Крыніцы». Зь «Беларусьсю», якая на той час ужо сталася «Аліварыяй» усё было прасьцей — іхнае піва не пагаршалася, але й не станавілася лепшым. З крыніцаўскім жа ўсё было фатальна.

Лідзкі бровар у 1998-м: «Піва было экстра!»

Неяк прамінуў час, і ў 1998 годзе на Лідзкім бровары выпусьцілі дзіўны гатунак «Hopfen Konig». Паводле інфармацыі ў прэсе, новае піва стваралася на новай, толькі-толькі ўсталяванай, аўстрыйскай лініі. Піва было экстра! Гэта ня было падобна на штосьці, што выпускалася раней. Асабліва на тое самае звычайнае лідзкае, якое існавала ў мітычным вобразе «лідзкае піва — лепшае ў СССР». Можа так яно і было калісьці, аднак у 1990-х лідзкае піва ня было, канешне, атрутай. Але й амброзіяй таксама не зьяўлялася.

Калі звычайныя гатункі Лідзкага бровару мелі такія постсавецкія стракатыя рознакаляровыя этыкеткі, то з «Hopfen Konig» назіралася спроба падаць тавар больш вытанчана. Этыкетка была не простакутная, але й ня проста авальная. Белы фон, мэталізаваная папера, срэбныя надпісы і кангрэў надавалі «Каралю Хмелю» выразны «фірмовы» выгляд. І, раптам — неспадзяванка, — у крамах пачалі зьяўляцца прывычныя гатункі лідзкага — «Стары Замак» і іншыя з такімі самымі, «фірмовымі» этыкеткамі. Пакаштаваўшы іх, я зрабіў выснову, што лідзкае піва сталася «фірмовым» ня толькі на ўзроўні этыкеткі.

Аднак. Ня тая тут краіна, каб расслабляцца.

Пра лідзкае піваў ў канцы 1998-га: «Паклікаўшы бомжыка, мы аддалі яму чатыры закаркаваных і дзьве распачатых бутэлькі»

У крамах побач зь лідзкім півам у новым аздабленьні стаяла лідзкае піва тых жа гатункаў са старымі, саўдэпаўскімі этыкеткамі. Па той самай цане. Паглядзеўшы аднойчы на дату вырабу і таго і другога, я ўбачыў, што абодва — сьвежыя. Ага, падумалася, запас старых этыкетак вялікі, то й лепяць іх на ўжо новае піва. І вось, аднойчы летам, мы з сябрам вырашылі прапусьціць па піўку. Зайшлі ў краму, убачылі лідзкае і я пачаў яго нахвальваць — маўляў, лепшага ў нас раней не рабілі, давай купляць. Набылі шэсьць бутэлек са старымі этыкеткамі, бо я быў упэўнены, што розьніцы няма. Зайшлі ў адзін утульны дворык. Тут жа матэрыялізаваўся бомжык: «Ребяткі, бутылочкі оставіте?» Мы яго ўпэўнілі, што пакінем яму ўсё і ён кудысь скіраваўся, каб нам не замінаць. Але далёка ён ня здолеў адыйсьці — выпіць мы здолелі толькі па палове бутэлькі. Бо піць тую вадкасьць было немагчыма. Катастрофа — вадкае лайно! Паклікаўшы бомжыка, мы аддалі яму чатыры закаркаваных і дзьве распачатых бутэлькі. Пры гэтым, самым сур’ёзным чынам, параілі зьмесьціва бутэлек нават не спрабаваць, бо атруціцца.

Пазьней я зрабіў сьледчы экспэрымэнт, набыўшы лідзкага піва аднолькавых гатункаў, але з рознымі (старымі і новымі) этыкеткамі. Дык аказалася, што выпускалася сапраўды два віды піва з аднолькавымі назвамі і аднолькавай цаной. Толькі адно было лепшым сярод мясцовых, а другое — памыямі.

Зь цягам часу піва зь белымі этыкеткамі неяк зьнікла і засталося традыцыйнае лідзкае — гаўнянае.

«Здаровы сэнс перамог і ўжо да 2000 году ніхто з маіх знаёмых беларускага піва ніколі не купляў»

У пэўным часе некаторыя людзі прынцыпова адмаўляліся купляць не беларускае піва — маўляў не патрыятычна. Але ж здаровы сэнс перамог і ўжо да 2000 году ніхто з маіх знаёмых беларускага піва ніколі не купляў. Прынцыпова. Акурат у тым часе ў кіёсках пачала зьяўляцца штораз большая колькасьць расейскага і ўкраінскага піва. Яно было даражэй беларускага. Але паміж цаной і якасьцю выбіралі якасьць.

Можна шмат чаго ўзгадаць з тае і пазьнейшае пары. І мэга-кампанію піва «Дедново», якога нідзе не прадавалі. А калі, нарэшце, яно зьявілася ў нейкіх кіёсках, то стала зразумела, што звыклыя эканамічныя законы ў гэтай краіне ня дзейнічаюць. Бо тую субстанцыю, якую разьлівалі ў бутэлькі пад маркай «Дедново», півам можна было назваць даволі ўмоўна. Ці ўзгадаць, што фасоўку піва ў кегі для продажу ў барах, беларускія бровары пачалі рабіць, мякка кажучы неяк запозьнена. Дзіўная рэч — варта было пераехаць любую з нашых пяці межаў, каб у абсалютнай большасьці бараў пакаштаваць разьліўнога мясцовага піва. А на Беларусі мясцовае разьліўное піва ў барах зьявілася параўнальна нядаўна. Зазвычай — якая «Балтыка».

Усё ж за апошнія год пяць адбыліся нейкія зрухі ў лепшы бок. Штопраўда, заўважная адна тэндэнцыя, датычная літаральна ўсяго, што адбываецца ў нашай краіне. Прынамсі, у галіне харчовай прамысловасьці і грамадзкага харчаваньня. Зьяўляецца нешта і спачатку ў гэтае «нешта» ўкідваюць пэўныя рэсурсы для забесьпячэньня якасьці. Але, з цягам часу, узровень гэтай самай якасьці апускаецца ўсё ніжэй і ніжэй. Так мы былі сьведкамі зьяўленьня нейкіх новых гатункаў піва літаральна ўсіх нашых бровараў. І усе рэклямныя кампаніі будаваліся менавіта на акцэнтаваньні двух важных момантаў: абноўленае абсталяваньне і, адпаведна, падвышаная якасьць. Але, мінае час, і смак піва паступова пачынае зьмяняцца ў горшы бок. Асабіста я, праз пэўны час стала купляў «Три Короля», ды потым перастаў. Бо замест «Трёх Королей» зараз прапануецца тое самае галімандоснае лідзкае лайно, толькі пад адпаведнай этыкеткай.

Хочацца адзначыць «Аліварыю», якая стала падвышае якасьць. Прынамсі горшым іхнае піва не стаецца. «Бівэр», безумоўна, даволі значную канкурэнцыю стварае ўсім іншым броварам. Нягледзячы на сваю невялікую вытворчую моц, гэты бровар шырока прадстаўлены менавіта ў барах, дзеля якіх, уласна, і працуе. Зьявіўся нейкі «Bliss/Вкус», але, глянуўшы прафэсійным вокам, я дапускаю, што гэта — тыповы бізнэс чыноўнікаў пад дахам дзяржавы. Пра якасьць гутаркі ня йдзе — купіце і паспрабуйце самі (галоўнае — ня больш за адну бутэльку).

Дарэчы, існуе вельмі адэкватны паказчык сапраўднай якасьці піва. Гэта самаадчуваньне нараніцу пасьля значнага ўжываньня піва перад тым. Выпіўшы нават восем-дзесяць «Pilsner Urquell» альбо «Budweiser», раніцай можна спакойна выпраўляцца па справах. А вось пасьля значна меншае колькасьці той жа «Крыніцы», наступствы могуць быць даволі трагічнымі.

Пэўны час (пару год таму) «Крыніца» цешыла больш-менш прыстойным півам. Асабліва «Адзінка» і «Класічнае» адзначу — тыповы лагер бяз розных ідыёцкіх дадаткаў. Але, паводле вышэйапісанай традыцыі, якасьць заўважна прыпала. Зараз я «Крыніцу» ніколі ня купляю.

«Сябар», на жаль, зараз значна саступае ў якасьці таму «Сябру», які зьявіўся спачатку. Рэчыцкае, нягледзячы на інвэстыцыі літоўскіх партнэраў, стабільна знаходзіцца недзе «пасярэдзіне» — і не памыі, але й не тое, што хацелася б. Брэсцкае — амаль тамсама, толькі яшчэ горшае, як на мой густ. Віцебскае «Николаевское» ад пачатку рэклямавалася як піва, для вырабу якога выкарыстоўваецца толькі імпартны хмель ды солад. Пакаштаваўшы яго, я паставіў яму такую сабе моцную чацьвёрку. Празь вельмі кароткі час айчынныя бровары прымусілі адмовіцца ад імпартнае сыравіны. І я зараз і ня ведаю, што ўяўляе сабой сёньняшняе «Николаевское».

Зноў-такі, ня без сюрпрызаў абыходзяцца беларускія півавары. Рэчыцкі бровар вельмі парадаваў сваёй лінейкай «Bergg» (чамусьці з алюзіямі на «Bentley» у графічным рашэньні гандлёвай маркі). «Bergg», паводле смакавых характарыстык — тыповы эль. Праўда эль — не лагер, — прадукт спэцыфічны. А ў нашае краіне практычна не вядомы. Апошнім часам я «Bergg» у крамах не назіраў.

Што яшчэ прыгадаць? Слуцкі і Маладзечанскі бровары, здаецца, ужо і ня існуюць. Але й за часам іх існаваньня, яны ня надта ўжо і радавалі аматараў піва якасьцю сваёй прадукцыі.

Апошнія навінкі ад «Аліварыі», безумоўна, нікога раўнадушнымі не пакінулі. Лічу іх піва на сёньняшні дзень найлепшым сярод беларускіх вытворцаў.

Пад канец аповяду хачу дадаць, што сёньняшнія «Старажытнае» і «Траецкае», апроч назоваў ня маюць анічога агульнага з тымі «Старажытным» і «Траецкім», пра якія я ўзгадваў, гаворачы пра сярэдзіну 1990-х.

ПРА АЎТАРА

 

Сяргей «Скрыпа» Скрыпнічэнка

Дызайнэр і музыка. Заснавальнік, гітарыст і вакаліст гурта žygimont VAZA. Піша музыку і тэксты. Некаторы час жыў у Польшчы, Чэхіі і Літве, цяпер жыве ў Менску. Разам з жонкай заснаваў дызайнэрскі лэйбл «Tank Press». Мае шматлікія дызайнэрскія ўзнагароды.
Вядзе блог skryppa.livejournal.com.

.
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1372 seconds.