Культурніцкі абмен у Нямеччыне для маладых беларускіх творцаў

1–5 сакавіка 2009 году ў Бэрліне і Дрэздэне адбудзецца культурніцкі абмен. Нямецкае студэнцкае таварыства «Лагода» запрашае да ўдзелу маладых беларусаў, якія займаюцца мастацтвам у розных праявах.

 

Візыт улучае ў сябе экскурсіі, наведваньне вядомых культурных цэнтраў, артыстычных салёнаў, музэяў, галерэяў, сустрэчы з нямецкай творчай моладзьдзю (напрыклад, знаёмства і сумесны майстар-кляс з бэрлінскай тэатральнай групай).

Апроч азнаямленьня з творчым ляндшафтам і магчымасьцямі самарэалізацыі ў Нямеччыне, візыт дае шанс беларускім творцам выступіць на нямецкай сцэне і завязаць карысныя кантакты са сваімі калегамі-аднагодкамі, а таксама людзьмі, якія займаюцца арганізацыяй культурніцкіх мерапрыемстваў і прамоцыяй беларускай культуры.

Мастакі і фатографы змогуць выставіць свае працы ў галерэі, маладыя акторы — выступіць у тэатры, музыкі і гурты — выканаць свае творы ў клюбах Бэрліна і Дрэздэна.

З прычыны абмежаванай колькасьці ўдзельнікаў у абмене, арганізатары праводзяць адбор на падставе матывацыйных лістоў кандыдатаў. Жадаючыя прыняць удзел дашліце, калі ласка, як мага хутчэй заяўку на E-mailkunstaustausch@gmail.com. Дэдлайн падачы заявак — 15 студзеня 2009 году.

Арганізатары дапамагаюць у афармленьні візы, забясьпечваюць удзельнікаў пражываньнем і харчаваньнем у Бэрліне і Дрэздэне, а таксама аплочваюць праезд зь Беларусі ў Нямеччыну.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0601 seconds.