Што думае цяпер пра сваіх беларускіх герояў аўтар нашумелага фільма «89 MILLIMETER»

Дзесяць гадоў таму Себасцьян Гейнцэль (Sebastian Heinzel) здымаў у Беларусі сваю першую сур’ёзную дакументалку пра шасцёх прадстаўнікоў беларускай генерацыі Y: ад актывіста «Зубра» да go-go танцоркі. «89 міліметраў» тады яшчэ малады дакументаліст рабіў без ганарару, таму падпрацоўваў сакратаром у рэкламнай агенцыі, але ў выніку атрымаў тузін узнагарод з розных кінафэстаў. Зараз ужо саўладальнік прадзюсерскай фірмы заканчвае працу над чарговым фільмам пра Беларусь з працоўнай назвай «Немцы вярнуліся», і разважае пра міжнародны поспех «89 міліметраў», лёсы ягоных герояў і агулам пра беларускую моладзь. 

«89 міліметраў. Свабода ў апошняй дыктатуры Еўропы» — нямецкі дакументальны фільм 2005 года пра тое, што значыць свабода для шасці маладых беларусаў. Назва 89 міліметраў (розніца таўшчыні рэек чыгункі ў Беларусі і Заходняй Еўропе) быццам розніца паміж беларускай моладдзю і яе заходнімі аднагодкамі. Гісторыі лёсу шасці беларусаў: салдата Ігара, журналісткі Людмілы, апазіцыйнага актывіста Аляксандра, танцоркі Вольгі, маляра Паўла і сына былога начальніка турмы і палітэмігранта Славы. Фільм неаднаразова быў адзначаны на еўрапейскіх і сусветных фестывалях дакументальнага кіно.

Пачатак. «Увогуле нічога не ведаем пра Беларусь»

У 2002 годзе я праходзіў практыку ў газеце. Разам з астатнімі практыкантамі нам трэба было зрабіць праект. Адзін з удзельнікаў быў з Беларусі, ён распавёў нам трошкі пра сваю краіну. Мы зразумелі, што ўвогуле нічога не ведаем пра Беларусь. І гэта было дзіўна, бо знаходзіцца яна не так далёка ад Нямеччыны. Узнікла ідэя проста прыехаць у Беларусь на тыдзень, сустрэцца з людзьмі, паглядзець краіну. Мы прыехалі, жылі ў беларускіх студэнтаў. Пасля напісалі артыкул і знялі кароценькі фільм. Мяне вельмі захапілі беларускія маладыя людзі, і я вырашыў яшчэ раз прыехаць, каб глыбей пазнаёміцца і зрабіць ужо свой фільм.

Выпадковыя героі

Праз інтэрнэт я пазнаёміўся з Аляксандрам. Ён быў тады яшчэ ў «Зубры». Мы проста сустрэліся ў горадзе, пагутарылі. Па дарозе ў Менск у цягніку выпадкова сустрэлі Славу Алкаева, пазнаёміліся. І ён пачаў расказваць сваю гісторыю, а мы вырашылі яго здымаць. На вуліцы сустрэлі Паўла, маляра, якога нядаўна выпусцілі з турмы за рабаванне ці нешта такое. Большасць герояў фактычна мы сустрэлі выпадкова, на вуліцы можна сказаць. 

Працэс здымак як адна вялікая прыгода

Мы былі тут чатыры разы ў 2003-2004 і на працягу года суправаджалі нашых герояў. За гэты час Ігар ажаніўся, Вольга ўдзельнічала ў танцавальным конкурсе, але тады не перамагла. Я проста глядзеў, што адбываецца з імі ў гэты год і цікавіўся. Яны ўжо потым зразумелі: «Ага, ён прыедзе ізноў». Спачатку не было асаблівага даверу, я быў журналістам з Захаду, а пазней я ўжо стаў проста Себасцьянам, які зноў прыязджае і зноў задае пытанні. На час здымак мы арэндавалі кватэру і жылі ў Менску. Увесь гэты праект для мяне быў адна вялікая прыгода. Калі я прыехаў, я не ведаў ні культуры, ні рускай мовы. Мой аператар размаўляў па-руску і ў нас яшчэ была перакладчыца, якая нам дапамагала.

Героі фільма праз 10 год

На жаль, цяпер я не кантактую з усімі героямі фільма, але з некаторымі ў апошнія гады сустракаўся. Аляксандр, напэўна самы вядомы, наколькі я ведаю, быў прэс-сакратаром Саннікава, яго затрымлівалі. Я здымаў яшчэ караценькі фільм пра яго, дакладней не зусім пра яго, а пра сітуацыю пасля апошніх выбараў. Вольга ўсё яшчэ таньчыць, але не ў начным клубе, займаецца харэаграфіяй і неяк яна нават ўсё ж такі выйграла той фестываль у Віцебску. Журналістка Людміла ўсё яшчэ вядзе такі даволі «вар’яцкі» лад жыцця. Зараз яна займаецца капаэйрай. Слава развёўся з жонкай і жыве ў Нямеччыне. З астатнімі я, на жаль, не падтрымліваю кантакт.

«Выпі гарэлкі, пазнаёмся бліжэй»

У першыя паездкі мы знялі кароценькія фільмы і паказалі іх на выставе ў Берліне. Я запрасіў прадзюсера Штэфана Клоаса, ён паглядзеў і мы вырашылі зрабіць вялікае дакументальнае кіно. Ён прафінансаваў яго, і кожны раз мяне падбадзёрваў сюды прыязджаць. Казаў: «Сядзь з людзьмі за кухонным сталом, выпі гарэлкі, пазнаёмся бліжэй». А я быў яшчэ малады, мне было 23, гэта было маё першае даўгое дакументальнае кіно. Для мяне гэта было вялікае выпрабаванне зрабіць да канца. І ён мяне вельмі падтрымліваў. 

Беларуская рэакцыя: нехта з Захаду ўвогуле зацікавіўся маленькай Беларуссю

Гэты фільм не прэтэндуе на нейкую рэпрэзентатыўнасць. Гэта проста фільм пра шэсць маладых людзей, у гэтым сэнсе гэта ў ніякім выпадку не фільм пра генерацыю, а фільм пра шэсць выпадковых маладых людзей. Я аднойчы ў Менску яго паказваў, і з’явілася такая крытыка: «Ну добра, але ж не ўсе маладыя людзі ў Беларусі такія як у фільме». На маю думку, гэта і ёсць дакументалістыка, я прыязджаю сюды, я абіраю, сустракаю людзей і раблю фільм пра іх. І гэта ні ў якім разе не меркаванне пра цэлую краіну, а толькі пра шэсць чалавек. Гэта мой суб’ектыўны погляд. Гэта вандроўка праз краіну, праз галовы і душы людзей. Я не хацеў рабіць нейкі палітычны фільм, я хацеў зразумець, якія тут людзі, наколькі яны адрозніваюцца. Але агулам я адчуў, што беларусы былі вельмі ўдзячныя, што я сюды прыехаў і зняў кіно. Думаю, што яны ўдзячныя яшчэ і таму, што нехта з Захаду ўвогуле зацікавіўся маленькай Беларуссю. 

Міжнародная рэакцыя на фільм: Калі я кажу: «Я быў у Беларусі», напрыканцы людзі пытаюць: «Ты зноўку быў у Расіі?»

Паколькі я здымаў фільм без ганарару, то, калі вярнуўся ў Берлін і рабіў мантаж, мне трэба было неяк жыць і я ўладкаваўся сакратаром у рэкламную агенцыю. Зранку я займаўся мантажом фільма, а пасля абеду ехаў у агенцыю і прымаў званкі. Але пазней узнагародай стала тое, што фільм вельмі нечакана для мяне пайшоў у кінатэатрах Нямеччыны і Аўстрыі. Я ездзіў па розных гарадах і асабіста прадстаўляў яго. Публіку вельмі закранулі гісторыі гэтых маладых людзей, гледачы былі таксама шакаваныя палітычнай сітуацыяй у краіне. Часта пыталі:

«А гэта было небяспечна здымаць фільм у Беларусі? Як вам удалося гэта так зрабіць?»

Насамрэч я ніколі не меў праблем падчас здымак, людзі нам вельмі дапамагалі. Мы маглі нават здымаць у казарме. Я, па шчырасці, пачуваўся вельмі свабодна. Мы былі маладымі, мы нават пра гэта не думалі, проста здымалі. Аляксандр нам неяк сказаў: «Вы самая мужная здымачная каманда». Мэта фільма была перш за ўсё больш даведацца пра краіну і пазнаёміць еўрапейскага гледача з ёй. І гэта ў любым выпадку ўдалося.

Фільм ішоў у кінатэатрах, у Польшчы і Фінляндыі яго паказвалі нават па тэлебачанні. Я вельмі задаволены тым, як яго прынялі. Фільм яшчэ і атрымаў цэлы спіс узнагарод з фэстаў розных краін. У Нямеччыне ўсе вельмі цікавіліся, бо пра Беларусь у нямецкіх медыя не часта можна пачуць. Многія думаюць усё яшчэ, што Беларусь — гэта частка Расіі. Калі я кажу: «Я быў у Беларусі», напрыканцы людзі пытаюць: «Ты зноўку быў у Расіі?». Таксама яшчэ людзі выкарыстоўваюць няправільнае імя Weißrussland, газеты афіцыйна пішуць не пра Belarus. Але я ў апошнія 10 год зразумеў, чаму краіна называецца не Weißrussland.

Беларусь: 10 год пасля

Цяжка сказаць, ці змянілася тут нешта з таго часу. Тады я жыў у Беларусі доўга і прыязджаў часта. Пасля фільму я быў тут толькі некалькі разоў: здымаў пра вясковую бабулю, якая сваёй самагонкай уратавала вёску ад фашыстаў падчас вайны, гэта дарэчы бабуля Ігара з фільма. Яшчэ я даваў майстар-клас па дакументальным кіно і зараз здымаю фільм. І падчас гэтых невялікіх вандровак я часта чуў ад людзей, што, уласна кажучы, з таго часу тут нічога не змянілася альбо не шмат змянілася. Але сам я не магу гэта ацаніць. Калі глядзець звонку, то тут за гэтыя 10 год мала што стала іншым: прэзідэнт усё яшчэ той самы. Магчыма настрой у грамадстве змяніўся, але не ведаю. Калі я прыязджаў у 2011, то я сустракаўся з некаторымі героямі свайго фільма. І ў мяне было адчуванне, што, напрыклад, адносіны паміж намі не змяніліся, па-ранейшаму быў вялікі давер. І цяпер, калі я прыехаў здымаць новы фільм, у мяне такое адчуванне, што тут, «радзіма» — безумоўна няправільнае слова, але усё вельмі блізка, людзі вельмі адкрытыя. 

«Чаму ты ўвогуле ідзеш вучыцца ў Кінаакадэмію, калі тваё кіно ў кінатэатрах ідзе?»

Калі я ехаў, я не ведаў дакладна, што будзе адбывацца ў фільме, я не ведаў, якіх я людзей сустрэну. Але я заўважыў, што насамрэч гэта даволі проста ў незнаёмай краіне завязаць новыя кантакты, і з гэтымі людзьмі потым развіць даверлівыя стасункі. Таксама я заўважыў, што магу без мовы размаўляць. Для маёй кар’еры фільм быў надзвычай важным. Бо я яго здымаў яшчэ перад вучобай у Кінаакадэміі, а, калі я пачаў там вучыцца, акурат у гэты час «89 міліметраў» пачаў паказвацца ў кіно. Выкладчыкі пыталі: «Чаму ты ўвогуле ідзеш вучыцца ў Кінаакадэмію, калі тваё кіно ў кінатэатрах ідзе?».

Асаблівасць беларускай моладзі

Калі я прыехаў сюды, быў вельмі захоплены рашучасцю тутэйшых маладых людзей. У Нямеччыне часцей адбываецца так, што людзі вучацца дзесяць гадоў і ўсё адно не ведаюць, што яны хочуць зрабіць са сваім жыццём, існуе так шмат магчымасцяў. У мяне з’явілася адчуванне, што тут людзі рана сутыкаюцца з тым, што трэба рабіцца дарослымі. І яны ведаюць дакладна, чаго яны не хочуць, гэта таксама потым у жыцці дапамагае. І ўсе маюць цвёрдую мару і ведаюць, чаго хочуць, і гэта мяне захапіла. Яны раней робяцца дарослымі, раней сканчаюць навучанне, раней пачынаюць працаваць. У мяне ёсць знаёмая, у яе дзве вышэйшыя адукацыі ў Беларусі, трэцяя ў Нямеччыне і яна ўжо скончыла пісаць кандыдацкую, пры гэтым ёй няма яшчэ 30! Такое ў Германіі рэдка можна сустрэць. 

Фота: Юля Сакалоўская


Наста Darteco 14:50, 02.08.2013 | Артыкулы |




comments powered by Disqus
 
In 0.0467 seconds.