Амбасадар Германіі: «Ад віз можна было б увогуле адмовіцца. Мы працуем над гэтым пытаннем»

Амбасадар Германіі ў Беларусі Вальфрам Маас распавядае ў нефармальнай размове, якая адбылася ў Брэсце, пра тое, як маладому чалавеку стаць амбасадарам сваёй краіны, каго будзе болей: беларусаў, якія імкнуцца за мяжу, ці еўрапейцаў, якія імкнуцца трапіць на чэмпіянат свету па хакеі 2014, што замінае ЕС скасаваць візы для беларусаў ужо цяпер, а таксама пра тое, як беларускія дранікі нагадваюць нямецкае дзяцінства і чым прывабіць у Беларусь замежных студэнтаў.


З Вальфрамам Маасам для Generation.by размаўляла Вольга Малафеечава з Берасця,
лаўрэат Нямецкай прэміі ў галіне СМІ за садзейнічанне палітыцы развіцця

Як становяцца амбасадарамі краін ЕС

Упершыню пра тое, каб стаць дыпламатам, Вальфрам Маас задумаўся ў 24 гады. А заяву, каб паступіць на дыпламатычную службу, падаў крыху пазней, у 28.

«У Германіі гэта адна з самых адкрытых прафесій. Перадумовы для паступлення наступныя: вы павінны быць немцам, ва ўзросце не болей за 32 гады, з добрым станам здароўя і завершанай вышэйшай адукацыяй. Спецыяльнасць у дыпломе не мае значэння».

Напярэдадні прызначэння ў Беларусь нямецкі амбасадар паспеў папрацаваць у цэлым шэрагу краінаў: Ямайка, ЗША, Індыя, Сербія. У гэтай прафесіі геаграфічныя кропкі працы падобныя на размеркаванне: прызначылі ў канкрэтную краіну і будзь ласкавы – адпрацуй адведзеныя 3 гады.

«Адзіны раз, калі прызначэнне супала з выказаным мной пажаданнем, гэта было прызначэнне ў Ямайку. Правіла працы ў кожнай краіне на працягу 3 год закранула мяне дакладна, адзінае выключэнне – гэта мая праца ў Індыі, там я адпрацаваў 1,5 гады, затое ў Сербіі затрымаўся на 5 гадоў.

Сорамна адзначаць, але на момант прызначэння ў Беларусь, я вельмі мала ведаў пра вашу краіну. З самага пачатку мне было зразумела, што пасада ў Беларусі будзе нялёгкай, у любым выпадку больш цяжкай, чым у Сербіі».

Беларускія дранікі як прывітанне нямецкаму дзяцінству

Беларусь з самага пачатку не абяцала вялікіх магчымасцяў для ўзаемных зносін у параўнанні з іншымі дзяржавамі, дзе працаваў нямецкі дыпламат. А калі ўлічваць той фактар, што далёка не ўсе беларусы валодаюць замежнымі мовамі, а спадар Вальфрам не валодае нашымі мовамі, такіх магчымасцяў становіцца яшчэ меней.

«Я лічу, што ў кожнай краіне трэба быць адкрытым, каб паўнавартасна ўспрымаць гэтую краіну. Але ж паколькі я не валодаю рускай мовай, я не магу размаўляць з мясцовым насельніцтвам так, як мне хацелася б. Тым не менш я шаную сардэчнасць і шчырасць беларусаў.

Мабыць, я ведаю 2-3 словы па-руску, чаго нельга сказаць пра беларускую. Але ж паколькі я не магу вызначыць розніцу паміж двума мовамі, мне цяжка сказаць, ці адносяцца гэтыя слова да рускай ці да беларускай мовы. (усміхаецца). Таму часцей за ўсё я карыстаюся паслугамі свайго перакладчыка».

З беларускай кухні спадар Маас надае перавагу дранікам. Магчыма, таму, што яны нагадваюць яму картапляныя блінцы з яго дзяцінства.

«Калі паглядзець на мяне, можна падумаць, што мне ўвогуле не варта было б далучацца да кухні (усміхаецца). На самой справе мне вельмі падабаюцца вашы знакамітыя дранікі. І хоць я прызнаю, што гэта беларуская нацыянальная страва, мне яна вядомая яшчэ з дзіцячых гадкоў».

Пра Беларусь па-за сталіцай

Традыцыйна працоўны дзень амбасадара Германіі ў Беларусі праходзіць у Менску. Для наведвання іншых населеных пунктаў застаецца зусім мала часу, але спадар Маас стараецца выкарыстоўваць кожную магчымасць дзеля таго, каб выехаць за межы сталіцы.

«Акрамя візітаў у абласныя гарады, якія звычайна маюць афіцыйны характар, я стараюся надаваць увагу і іншым тэмам. Напрыклад, калі я быў у Міёрах, то перш за ўсё гэта быў кантакт з прыродай, багатай флорай ды фаўнай. У Нясвіжы гэта, канечне, знаёмства з уражлівым палацам! У Браславе я ўдзельнічаў у адным з мерапрыемстваў паломнікаў. У Бабруйску я пабываў у школе з паглыбленым выкладаннем нямецкай мовы. У спісе маіх чаканняў яшчэ шмат гарадоў: Пінск, Орша, Мір і інш.»

Наведаўшы Хойнікі ды Лоеў, Вальфрам Маас атрымаў уяўленне пра жыццё маленькіх гарадоў Беларусі. Зразумела, адрозненні ва ўзроўні жыцця і знешнім выглядзе беларускіх мястэчак і нямецкіх супольнасцей, ёсць, але ў абодвух краінах менавіта побач з такімі тэрыторыямі і захоўваюцца прываблівыя прыродныя аб’екты.

«Мяне вельмі ўразіла тое, як людзі, валодаючы сціплымі сродкамі, выкарыстоўваюць іх дзеля таго, каб зрабіць сваё жыццё больш прыгожым. Што датычыцца Германіі, у нас вельмі вялікая шчыльнасць засялення. І таму, дзе б ты ні быў, заўсёды зусім недалёка знаходзіцца чарговы буйны горад. Адсюль і выцякае зусім іншы ўклад паўсядзённага жыцця.

У сувязі з хуткім развіццём нашай краіны ўзровень жыцця насельніцтва ўвесь час узрастаў, і нашыя маленькія населеныя пункты маюць вельмі дагледжаны выгляд, у іх новая прыгажосць, як у альбоме».

Еўрапейская гісторыя ў Беларусі

Немцы ўжо доўгі час лічацца чэмпіёнамі свету па выездах за мяжу. Але, атрымаўшы асалоду ад вядомых курортаў, яны выказваюць зацікаўленасць да новых для сябе месцаў. Зараз нямецкія турысты ўсё часцей наведваюць Польшчу, балтыйскія дзяржавы, краіны Паўднёва-Усходняй Еўропы. Таму Беларусь мае ўсе шансы скарыстацца сваім удалым геаграфічным становішчам.

«Ваша краіна, у першую чаргу, прываблівае тых людзей, якія цікавяцца еўрапейскай гісторыяй. Зразумела, гэта сур’ёзны выклік для Беларусі. Калі я жадаю быць прывабным для турыстаў ЕС, дык я павінен прапанаваць ім інфраструктуру, якую яны чакаюць. Прынамсі я не кажу пра рэчы з высокім коштам, але ж нейкія інфармацыйныя матэрыялы, дарожныя ўказальнікі, назвы вуліц і г.д. на мовах, зразумелых для еўрапейскіх турыстаў, гэта ўжо быў бы вялікі плюс.

Я лічу, што Беларусь ніколі не стане краінай масавага турызму, але я бачу тут значны патэнцыял для такога напрамку, як “турызм, набліжаны да прыроды”. Напрыклад, турызм на роварах ці водны на невялічкіх чоўнах, лагодны адпачынак у сельскай мясцовасці. І ўсё неабходнае для развіцця ў гэтым напрамку маецца ў Беларусі. Засталося толькі гэты турпрадукт падаць у прыгожым пакунку».

Каго будзе болей: беларусаў, якія імкнуцца за мяжу, ці еўрапейцаў, якія імкнуцца трапіць на чэмпіянат свету па хакеі 2014?

Беларусы ўжо колькі год з’яўляюцца лідарамі па колькасці шэнгенскіх візаў на тысячу грамадзян, але пры гэтым плацяць за тыя візы болей за іншых суседзяў ЕС. Зараз яшчэ разглядаецца пытанне ўвядзення пошліны ў 100$. Відавочна, што беларускія ўлады не зацікаўлены ў перамовах з ЕС аб спрашчэнні візавага рэжыму.

«У нямецкай амбасады вельмі нізкая доля адмоў у выданні візаў: той, хто жадае атрымаць візу ў нас, атрымлівае яе і карыстаецца ёю карэктна. Такім чынам, можна было б прыйсці да высновы, што ад віз можна было б увогуле адмовіцца. Мы працуем над гэтым пытаннем. Але ж варта не забывацца пра тое, што для гэтага патрабуецца кансенсус у межах ЕС.

З іншага боку, сітуацыя склалася так, што беларускі бок ужо даўно мае нашу прапанову аб пачатку перамоваў па візавым пытанні, але ж гэтая прапанова, на жаль, ляжыць нерухома на стале».

Не сціхаюць спрэчкі наконт правядзення ЧС па хакею-2014 у Менску. Міжнародныя арганізацыі заклікаюць байкатаваць яго, звязваючы буйную спартовую падзею з палітычнымі падзеямі ў краіне.

«Я магу толькі спадзявацца, што не адбудзецца аніякага скандалу. Улічваючы тое, што Беларусь зноў і зноў падкрэслівае, што яна лічыць сябе еўрапейскай дзяржавай, яна павінна быць зацікаўленай ў цесным даверлівым супрацоўніцтве з еўрапейскімі краінамі.

Такім жа чынам, як у эканоміцы, для паспяховага развіцця ўзаемных зносін мае сэнс імідж прадукту, у палітыцы гэты сэнс датычыцца іміджу краіны. Безумоўна, і спорт можа спрыяць паляпшэнню іміджу краіны: высокія дасягненні спарстменаў, паспяховыя спартыўныя мерапрыемствы. Аднак дасягнуты пры гэтым станоўчы эфект можа быць папросту знішчаны, калі ў паўсядзённым жыцці адбываюцца падзеі, якія выстаўляюць краіну ў процілеглым свеце».

Ці сцерліся межы паміж Усходам і Захадам?

У нашай гісторыі было падзяленне ды ўз’яднанне ўсходняй і заходняй Беларусі. У нямецкай гісторыі была Берлінская сцяна, што падзяліла горад на дзве часткі. Сцяна паміж Федэратыўнай Рэспублікай Германія і ГДР павалілася толькі ў 1989 годзе. І ўсё, што адбывалася да, падчас і пасля яе пакідае свой след у сучаснай гісторыі.

«У сітуацыі, калі на працягу дзесяцігоддзяў людзі вырасталі і выхоўваліся ў розных палітычных сістэмах, для аднаўлення патрабуецца вельмі доўгі перыяд (адно ці два пакаленні). Дзеля таго, каб разумець сваю ўласную гісторыю, неабходна ўспрымаць яе ў сукупнасці.

У гісторыі Германіі, гэта незаўсёды прыемна, часам прыводзіць да адчування сораму. Але дзеля таго, каб нам паверылі, мы павінны падаваць гісторыю, аналізуючы яе ў ва ўсіх аспектах. Увогуле, мне здаецца, мы на верным шляху. Лічу, што ў маладога пакалення сёння ўжо няма такога выразнага ўяўлення аб існаванні дзвюх Германій».

Сувязі, якія склаліся падчас сацыялізму паміж Беларуссю і Усходняй Германіяй, захоўваюцца і да гэтага часу. Напрыклад, сярод прадстаўнікоў германскай эканомікі, якія працуюць у Беларусі, непрапарцыйна болей прадстаўнікоў менавіта з усходніх федэральных зямель Германіі.

«Мне ўяўляецца гэта досыць нармальным, бо нельга проста выкінуць сваё мінулае. Мне бачыцца, што яны проста лепей разумеюць вобраз мыслення беларусаў. З іншага боку, яны прапануюць Беларусі шанец пазнаёміцца з працэсам трансфармацыі. Адчуўшы на сваім лёсе, што значыцца змяніць эканамічную і палітычную сістэмы, яны асэнсавалі, з якімі цяжкасцямі гэта спалучаецца. Аднак разам з тым яны разумеюць, якія перспектывы нясуць новыя шляхі развіцця».

Колькі гадоў спатрэбіцца Беларусі, каб стаць больш цярплівай?

У Германіі моладзь успрымае досыць спакойна свабоду сэксуальнай арыентацыі, у Беларусі ж шмат людзей (асабліва старэйшае пакаленне) рэагуюць на такія тэмы востра і хвалююцца за будучыню еўрапейскай цывілізацыі.

«Я не веру ў неабмежаваную свабоду. Я ўпэўнены ў тым, што любая свабода павінна сканчацца там, дзе яна пачынае абмяжоўваць свабоду іншага. І ўсе мы павінны выпрацаваць для сябе правільны арыенцір, а на гэта патрабуецца час. У Германіі 40 гадоў таму па гэтаму пытанні стаўленне дастаткова рознілася ў параўнанні з сучасным. Сёння кожны выбірае для сябе сам».

Як прывабіць у беларускія ВНУ распешчаных іншаземных студэнтаў?

Штогод Германія прымае каля 900 беларускіх студэнтаў. Як правіла, асноўная частка з іх вяртаецца працаваць на Радзіму, бо па дадзеных амбасады, колькасць выпадкаў злоўжывання нямецкімі візамі вельмі нязначная.

«Асабіста мне вельмі цікавы іх далейшы лёс. Праводзячы нейкія мерапрыемствы, звязаныя з Германіяй, я звычайна запрашаю тых студэнтаў, якія некаторы час вучыліся ў Германіі, каб падтрымліваць з імі кантакт».

Сярод тых, хто жадае атрымаць вышэйшую адукацыю ў Беларусі, нямецкіх студэнтаў не так шмат. Нашы ўніверсітэты вельмі мараць прывабіць іншаземных студэнтаў, аднак да Германіі нам зусім далёка. Яна адносіцца да краін-лідэраў па экспарту вышэйшай адукацыі.

«Нямецкі студэнт мае магчымасць навучацца амаль у любой краіне свету, прынамсі яго матэрыяльныя выдаткі ў многіх краінах не вышэй, чым у Беларусі. Тут уся справа ў канкурэнцыі. Напрыклад, у Германіі навучанне ў дзяржаўных ВНУ у асноўным бясплатнае – гэта важная перавага. Мы таксама актыўна развіваем міжнародныя акадэмічныя абмены. Акрамя таго некалькі гадоў таму быў зроблены важны крок: шматлікія ВНУ Германіі пачалі прапаноўваць праграмы на ангельскай мове.

Прааналізуйце ўсе гэтыя пункты, і, магчыма, яны стануць арыенцірамі і для вас, тады і беларуская сістэма адукацыі стане досыць прывабнай».

Па заканчэнні нашае нефармальнай размовы немагчыма было не запытацца пра стаўленне амбасадара Германіі да піва. Як аказалася, ён часцей за ўсё п’е піва той краіны, у якой знаходзіцца. Вальфрам Маас ня лічыць сябе вялікім знаўцам гатункаў піва, але ў Беларусі ў гэтым пытанні з’арыентаваўся хутка. А яшчэ гэтак сама хутка ён вывучыў першае дакладна беларускае слова «калі ласка»!


Вольга Малафеечава 13:24, 30.09.2013 | Ёсьць такая прафэсія |




comments powered by Disqus
 
In 0.048 seconds.