Рокавая пятніца: у адзін вечар N.R.M. і Neuro Dubel зладзілі сольныя канцэрты

 

Хоць гэта пятніца й была 14 лістапада, а не «пятніца 13-га», «рокавай пятніцай» яе можна назваць дакладна. У адзін вечар у розных менскіх клюбах з сольнымі канцэртамі выступілі N.R.M. і Neuro Dubel. Спэцыфіка беларускіх клюбаў і моладзевага клюбнага жыцьця калі не выключае панятак «клюбіцца», то, прынамсі, сустракаецца ня часта. Але мы ў гэты вечар вырашылі паклюбіцца — трапіць і на N.R.M. і на Neuro Dubel.

Яшчэ за колькі дзён да канцэртаў пытаньне «Ты куды? На N.R.M. ці на ND?» набіла аскоміну. Здавалася, праблема сусьветнага фінансавага крызысу на гэты час адышла на другі плян.

На падыходзе да Night Star, дзе пачынаўся канцэрт N.R.M., убачаная чарга з прыхільнікаў на дзесяткі мэтраў уражвала. Падобная карціна была год таму, на прэзэнтацыі новага дыску N.R.M. «06» у «Фартуне». Праціснуўшыся ўнутр, дзе клюб ужо быў напоўніцу набіты гледачамі, слаба верылася, што чарга з вуліцы можа ўлезьці ў клюб. І я, шчыра кажучы, ня ведаю, ці ўсе патрапілі. Прынамсі адзін чалавек, які ішоў з намі, так і не патрапіў — квіткоў ужо ня было нідзе, а чарга пакідала хіба што смутны спадзеў, што пад канец канцэрту можна будзе ўлезьці.

NRM

На канцэртах N.R.M. заўжды ўражваюся, адкуль бяруцца новыя прыхільнікі-падлеткі — гэта ж ня тая музыка, якую лёгка можна пачуць на радыё ці тэлебачаньні. Некалькі дарослых бізнэсоўцаў з куфлямі піва на бары, рознаўзроставыя кампаніі за столікамі, і шчыльны натоўп пад сцэнай, гатовы ўсім кагалам заціснуць калі не музыкаў, то тых, хто наіўна прашыўся ў першы шэраг... Заля Night Star і наперш танц-пляцоўка хутчэй прызначаная для дыскатэкаў і рытмічных танцаў, чым для рокавых скокаў. Таму падлога вібравала ўжо з першай песьні. І, як высьветліцца потым, рок-музыкі яна ня вытрымала.

Пабыўшы гадзіну на N.R.M., мы зьніклі «клюбіцца» далей — у Da-club на Neuro Dubel. Знаёмыя на энэрэме па-шчыраму зайздросьцілі, але нават самыя авантурныя не адважваліся паехаць разам — спадзеву, што змогуць улезьці ў клюб на ND, было мала. Чарговая песьня, усе ў натоўп пад сцэну, а я так і не пасьпела сказаць знаёмым, што піва скончылася толькі на адным бары — каля сцэны яшчэ прадаецца.

На выхадзе з Night Star ужо ня было нікога — альбо ўсе трапілі ў клюб альбо пайшлі дадому, нават гардэроб яшчэ быў зачынены, а ахоўнікі няўпэўнена перапытвалі, ці сапраўды мы зьяжджаем «ужо зусім».

Пятнаццаць хвілінаў на даезд — і мы ўвальваемся ў шумную атмасфэру Da-club.

Neuro Dubel

Публіка Neuro Dubel адрозьніваецца. Такі настрой «дарослых панкаў», старых знаёмых і нейкай падкупляльнай дарослай непасрэднасьці. Da-club — маленькі, і ND там упершыню. Пад высокай сцэнай слэмяцца хлопцы, нават рызыкоўныя дзяўчаты кідаюцца ў гушчу падзеяў: ці то ад таго, што клюб маленькі, і вось яны — рок-каралі — зусім побач, ці то ад спакушальнай высокай сцэны, на якую зручна залазіць і скокаць на рукі.

Neuro Dubel

На такіх канцэртах заўжды думаеш, ну чаму клюб такі маленькі? У прыбіральні агульная чарга, палілка й самае ціхае месца для размоваў. Кожны другі перапытвае, як там сёньня на N.R.M. Але гукі песьні «Ничего на свете больше нету!» усіх зганяюць пад сцэну.

А 22:00 абодва канцэрты ўжо скончаныя. Едзем на агульную афтэпаці, дзе зьбіраюцца і тыя, хто быў на N.R.M., і тыя, хто на Neuro Dubel. Гадзіна — і ўсе ўжо ў курсе, як прайшлі абодва канцэрты. І што на N.R.M. правалілася танц-падлога, і што дзяўчыне нагу зашчыміла і яе адвезьлі ў шпіталь (энэрэмаўцы на наступны дзень: «Зараз зь ёй ужо ўсё ў парадку»), і што канцэрт раней спынілі, і што на Neuro Dubel быў клюб маленькі, але музыкаў змусілі на «біс» засьпяваць яшчэ ці не пяць песьняў. І што, калі б і «Крама» ў гэты вечар зладзіла свой сольнік, як плянавала раней, то і на іх клюб таксама быў бы поўны, а наша пасьляканцэртная кампанія была б яшчэ шырэйшая.

Глядзіце на Generation.bY фотарэпартажы з сольных канцэртаў N.R.M. і Neuro Dubel 14 лістапада:

Фотарэпартаж з канцэрту N.R.M. у Night Star

Фотарэпартаж з канцэрту Neuro Dubel у Da-club

Аўтар фота Юра Сідун

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0577 seconds.