Колькасьць бюджэтных месцаў у ВНУ павялічаць «у адпаведнасьці з патрэбамі эканомікі»

Як і чакалася, у зьвязку з раптоўным вяртаньнем сярэдняй адукацыі да 11-гадовай сыстэмы, ў 2009 годзе будзе павялічана колькасьць бюджэтных месцаў у вышэйшых навучальных установах. Паводле прагнозаў Міністэрства адукацыі выпускнікоў у наступным годзе стане болей на 18 тысяч чалавек.

Як паведамляе БелТА, аб павялічэньні колькасьці бюджэтных месцаў у беларускіх ВНУ у 2009 годзе, паведаміў сёньня намесьнік міністра адукацыі Казімір Фарыно на пасяджэньні сэсіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Паводле дадзеных намесьніка міністра, у 2009 годзе чакаецца 107 тысячаў выпускнікоў, прычым амаль 63 тысячы зь іх цяпер праходзяць двухгадовую праграму за адзін год. У бягучым годзе ў Беларусі было 89 тысяч выпускнікоў.

«Кантрольныя лічбы прыёма ў ВНУ выпускнікоў школ будуць корэктавацца ў адпаведнасьці з патрэбамі экономікі», — цытуюць Naviny.by словы чыноўніка. Які адзначыў таксама, што, паводле статыстыкі, каля 50% выпускнікоў школ паступаюць у вышэйшыя навучальныя установы.

Тым часам у апошнія гады ў многіх дзяржаўных ВНУ Беларусі колькасьць платных месцаў перабольшвае колькасьць бюджэтных. Напрыклад у БДУ з 2006 года большая частка першакурсьнікаў стала навучацца на платнай аснове. Міністэрства адукацыі пакуль не ўдакладняе за кошт чаго будуць павялічаныя бюджэтныя месцы і ці плянуецца павялічэньне фінансаваньня ВНУ ў зьвязку з гэтым.

Уні Вера 17:57, 03/10/2008 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0595 seconds.