Беларускае студэнцтва ўвядуць «у тэму»: выйшаў дапаможнік па правох студэнтаў

«Усё, што вы хацелі ведаць пра правы студэнтаў» абяцае распавесьці дапаможнік, які быў распрацаваны беларускімі студэнта­мі і ўжо зьявіўся ў адмысловых распаўсюднікаў.

Афіцыйна не прэзэнтаваная, а таму пакуль сакрэтная распрацоўка беларускіх студэнтаў пад назвай «Будзь у тэме! Усё, што вы хацелі ведаць пра правы студэнтаў, але не ведалі, у каго спытаць» трапіла на мае вочы два дні таму.

­­­­Будзь у тэме! Усё, што вы хацелі ведаць пра правы студэнтаў, але не ведалі, у каго спытаць
Даведнік пра правы стуэнтаў «Будзь у тэме!». Кніга выйшла на 100 старонках у самвыдатаўскай якасьці накладам у 500 асобнікаў.

«Мне б гэту кніж­ку на п­ершым курсе», — думка, што адразу прыходзіць у галаву пад час чытаньня дапаможніка. У кнізе закранаюцца такія тэмы, як разьмеркаваньне, платная і бясплатная адукацыя, вучоба і праца за мяжой, валянтэрства, праблемы іншагародніх студэнтаў.

Гэтай кнігі сапраўды не хапала. У студэнтаў заўжды ўзьнікаюць пытаньні пра правы і магчымасьці. Таму ў кожную студэнцкую галаву ня раз прыходзілі думкі кшталту «як выйграць у немінучым супрацьстаяньні зь дзяржавай і пазьбегнуць яе разьмеркаваньняў-штрафаў-войскаў». Хаця вайсковая тэма, заўсёды блізкая студэнцтву, засталася ў дапаможніку не разгледжанай. Магчыма таму, што ўкладальнікамі і аўтарамі яе выступілі студэнткі.

Каб пасьпяхова карыстацца сваімі правамі, трэба перш за ўсё іх ведаць. Таму ў працы над дапаможнікам бралі ўдзел прав­аабаронцы Нарвэскага Хэльсынскага камітэту.

Вялікая колькасьць статыстычных фактаў, тэмаў ды адказаў на пытаньні ня будуць новымі для чытачоў Generation.bY, бо яны раней аглядаліся на старонках сайту, а цяпер іх можна лёгка знайсьці праз цэтлікі «адукацыя», «студэнты», «разьмеркаваньне». На жаль, кніга не пазьбегла студэнцкіх традыцыяў па кампіляцыі рэфэратаў. Спасылкі на крыніцы і на некаторых аўтараў выкарыстаных матэрыялаў стаяць толькі напрыканцы кнігі, дзе можна пабачыць шмат знаёмых прозьвішчаў ды імёнаў (Даша Слабчанка, Уні Вера, Мікіта Грычын, Зьміцер Папко).

Прысутнічае ў даведніку агляд інтэрнатаў (скарочаная вэрсія з адпаведнага матэрыялу Generation.bY) і студэнцкіх суполак Беларусі і сьвету, далучыцца да якіх можна наўпрост праз Сеціва. Адмыслоўцаў парадуе разьдзел пра сустрэчу з КДБ і міліцыяй. А парады «бывалых» студэнтаў і выпускнікоў, што ўключаныя ў дапаможнік, надаюць эфэкт рэпартажу са студэнцкай «перадавой».

Нягледзячы на некаторыя фактычныя памылкі, напрыклад пра будучы статус БДУІР (інфармацыя састарэла) і «адзінасьць» Віленскага ўнівэрсытэта на прасторах Усходняй Эўропы, выданьне пазьбегла клясычнага суму юрыдычных дапаможнікаў і здолела стаць у той жа час дастаткова інфармацыйным і насычаным.

Як адзначае кіраўнік праекту Крысьціна Карчэўская, укладальнікі «хацелі, каб кніжка была цікавай і патрэбнай, каб яе перадавалі з рук у рукі і чыталі „ад коркі да коркі“, бо якраз юрыдычных дапаможнікаў такога пляну ў Беларусі няма».

Праўда, наклад даведніка абмежаваны — тыраж 500 экзэмпляраў. Як адзначае Крысьціна, «дэфіцыт грашовых сродкаў зараз наша галоўная праблема. І ад яе вырашэньня залежыць далейшае перавыданьне дапаможніка».

«Мы плянуем працягнуць гэту неафіцыйную праваабарончую сэрыю больш вузкімі выданьнямі. Напрыклад, пра праблемы прымусовага разьмеркаваньня», — раскрывае Крысьціна далейшыя пляны каманды. А вось дадзенае выданьне, як упэўніваюць яго аўтары, хутка зьявіцца ў электронным фармаце на прасторах беларускага Сеціва.

Кажуць, дапаможнік яшчэ можна замовіць па адрэсе chris.gomel-at-gmail.com.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0594 seconds.