«Бітлз назаўжды»

­

Пяты фэстывал­ь неўміручай музыкі аднаго ангельскага гурта прайшоў на мінулых выходных у Лагойску і парадаваў абсалютна ўсіх. Але кожнага па-свойму.

Піва-піва-­ногі-ногі-ногі-піва...

«Beatles fest» — гэта якраз той выпадак, калі галоўнае зусім ня музыка, а атмасфэра, людзі і спадарожныя рэчы. Такія, як піва і зялёная траўка, якая давала магчымасьць фэнам не таміцца ля сцэны і даць адпачынак стомленым ад падарожжа нагам. 

Спарткомплекс «Лагойск» знаходзіцца прыкладна ў 30-ці кілямэтрах ад Менска. Ехаць — адно задавальненьне: лясістыя ўзгоркі Менскага ўзвышша, лёгкі ветрык летняга дню, натоўп спыншчыкаў на ўзбочыне трасы. Нават калі ты яшчэ не едзеш, а толькі расьцягваесься ўглыб трасы, выцягнуўшы правую руку далей за астатніх прэтэндэнтаў на халяўнае месца ў якой легкавушцы, то ўжо зараз адчуваеш сябе шчасьлівым. Адчуваньне абвастраецца, калі ля цябе праплывае кансэрвавая банка пад назвай «аўтобус», разам са спрасаванай і высушанай публікай у якасьці салёненькага напаўняльніка.

Аўтобусы хадзілі хоць і часта, але неэфэктыўна.

«На нас пасьпелі разьліць гарэлку, мы пасьпелі пабачыць, як усю дарогу дзяўчынка ў аўтобусе херачыла чым папала хлопчыка і пэцкала яго аўтазагарам. Піва-піва-ногі-ногі-ногі-піва-ногі-піва-ногі… Ну проста куўуўча голых ног», — пасьля будзе ўзгадваць у сваім дзёньніку адна з жж-пасажырак той банкі-аўтобуса. 

Кажуць, што пасьля таго, як 16-гадовы Джон Ленан упершыню пачуў песьню Heartbreak Hotel Элвіса Прэсьлі, яго папярэдняе жыцьцё скончылася. І пачалося новае (праз год 30–40) жыцьцё гуртоў «Artefact», «Puttin’ On The Beatles Style», «Оптимальный вариант» і вялікай колькасьці іншых выступіўшых і ня выступіўшых на фэсьце калектываў, што граюць музыку «The Beatles».


«All You Need Is Love»

Восем гадзін вышэй пералічаныя калектывы нагадвалі гледачам то пра дзень народзінаў Джорджа Харысана, які будзе ўжо ў лістападзе, то пра недахоп каханьня ў сьвеце (апошняе рабілася рознымі гуртамі разы тры праз кампазыцыю «All You Need Is Love», але яна таго каштавала).

Калі ж на сцэну выйшлі ўдзельніцы гурта «Квінт-Ю», што складаецца амаль цалкам з прыгожых дзяўчынак, у надзённай неабходнасьці каханьня ўжо ніхто не сумняваўся.

Бітлы, бясспрэчна, верылі ў каханьне. З-за каханьня сышоў і першы бас-гітарыст гурта і малады мастак Стуарт Саткліф, які, сустрэўшы пад час выступаў у Гамбургу сваё каханьне, так там і застаўся. І жыў з каханьнем да самой сьмерці, што прыйшла нечакана, у 1962 годзе з кровазьліцьцём у мозг. Сястра Саткліфа дагэтуль упэўненая, што вінаваты ў сьмерці быў Джон Ленан, які быццам бы і любіў, і біў, прычым нагамі і па галаве, маладога мастака.

 

У адрозьненьні ад Саткліфа, наведвальнікі фэсту адчувалі сябе ў поўнай бясьпецы. А як жа інакш, калі ля цябе заўсёды глядзіць непрыступнае вока амапаўца? Вока было бясспрэчна ўсёвідушчым, але рэагуючым толькі на каварныя бел-чырвона-белыя сьцягі. У выніку ўсё ж адзін быў распраўлены, але толькі пад час выступу хэдлайнэраў з Сан-Дыега (ЗША) «Liquid Blue». Зьявіўся БЧБ чамусьці разам з амэрыканскім сьцягам, але абодва былі хутка высачаныя вышэй апісанымі вачыма і ліквідаваныя. 

Адным з першых выступаў малады менскі гурт «Artefact». Цікава, што на мінулым фэсьце яны выступалі апошнімі ў якасьці «спэцыяльнага госьця». Тады ўсе чакалі Пола Маккартні ці Рынга Стара, але атрымалі «Artefact».

 

Магчыма, самай вядомай сустрэчай у музычнай гісторыі лічыцца вечар 27 жніўня 1965, які бітлы правялі ў гасьцях у Элвіса Прэсьлі, зь якім яны ня толькі гутарылі, але і сьпявалі, прычым некалькі кампазыцый былі запісаныя на магнітафон. Пазьней тыя запісы шукалі дэтэктывы па ўсім сьвеце, але фірмы гуказапісу на гэты раз засталіся ні з чым.

Адзін з самых арыгінальных падыходаў да творчасьці «The Beatles» на фэсьце ў Лагойску прадэманстравала чацьвёрка піцерцаў «Puttin’ On The Beatles Style», бо ў складзе гурта былі адразу два баяны. А вось англічане з «The Beatlemaniacs» проста апрануліся ў вопратку часоў альбому «Sgt. Pepper’s Lonely Hearts Club Band» (1967), чым бясспрэчна парадавалі шматлікіх сучасьнікаў сяржанта Пэпэра (тут іх было даволі шмат).

Парадаваўся б, напэўна, і Сэр Пол, які на наступных выходных зьбіраецца даць халяўны канцэрт на Майдане Незалежнасьці ў Кіеве. Як натхнёна распавядалі арганізатары «Бітлз — назаўжды», Маккартні нават перанёс свой кіеўскі выступ на тыдзень, каб не замінаць менскаму фэсту.

Не замінаць — сталая традыцыя бітлоў. Аднойчы яны вырашылі не замінаць першай лэдзі Філіпінаў і пад час наведваньня гэтай краіны ў чэрвені 1966 года проста не пайшлі на прыём да яе. Тады, праўда, бітлоў амаль не разарвала на часткі разьюшаны натоўп і яны амаль-амаль зьнесьлі ногі са злосных выспаў. 

Пачатак 1968 гада гурт правёў ў Рышыкішэ (Індыя), вывучаючы мэдытацыю разам з зусім нядаўна памерлым Махарышы Махешы Ёгі. Ад гэтага пэрыяд у бітлоў засталіся сынглы «Yellow Submarine» і «Hey Jude». Яны былі выдадзеныя пад лэйблам карпарацыі «Apple», нараджэньне якой чацьвёрка анансавала адразу пасьля вяртаньня з Індыі.

«The Beatles ці грошы?» — падступна ўсьміхаючыся крычаў са сцэны вядучы фэсту. Людзі вагаліся, але замест абяцаных грошай яны атрымалі рэкляму банка-спонсара

У выніку грошы моцна папсавалі справы гурта. З-за жаданьня прасунуць свайго мэнэджэра замест памерлага Брайана Эпстайна калектыў кінуў Пол Маккартні. Тое адбылося пасьля канцэрта 30 студзеня 1969 года на даху будынка студыі гуказапісі. Тады «The Beatles» выканалі (і запісалі) 5 песень, але канцэрт быў прыпынены паліцыяй, якую павыклікалі мясцовыя жыхары. Такі быў апошні канцэрт гурта.

«Глядзі, гэта тыя хлапцы, таксама з Амэрыкі, з Лівэрпулю!» — радасна прадстаўляла сваёй сяброўцы апошні гурт фэсту «Liquid Blue», нязводзячы вачэй са свайго сына, маладая маці.

З салістам гурта ў гіпнатычных акулярах да таго моманту пасьпелі перафоткацца сотні жадаючых. Ён стаў сапраўдным сымбалем злучэньня бітніцкай, хіпоўскай і месцамі (збольшага справа ад сцэны :)) мэдытатыўнай атмасфэры, якой была беззваротна інфікаваная яшчэ не да канца эўрапейская, але ўжо і не трэцяліпеньская публіка беларускага фэстывалю «Бітлз — назаўжды».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0598 seconds.