Дасьледаваньне: беларускія халяўшчыкі помсьцяць за крытыку ў свой адрас

Група экспэрымэнтальных эканамістаў правяла тэставаньне сярод студэнтаў унівэрсытэтаў у 15 краінах сьвету, у тым ліку і ў Беларусі, каб высьветліць, якім чынам людзі робяць унёсак у агульны дабрабыт і што здараецца, калі яны гэтага не робяць.

Дасьледнікі атрымалі цікавыя вынікі пра адрознае стаўленьне людзей да пакараньня за антысацыяльныя паводзіны («касіць» ад войска, езьдзіць «зайцам» і інш). Беларусь атрымалася ў групе краінаў, дзе «халяўшчыкі» часьцей адказваюць помстай тым, хто іх пакараў. Часта ўзьнікае і клясычная сытуацыя, калі «кусаюць руку, якая корміць». З чым зьвязаныя такія паводзіны?

Эканамісты, якія займаюцца аналізам складнікаў, якія трымаюць людзей разам у грамадзтве, задаюцца пытаньнем ці зьяўляецца дух пакараньня ці ўзнагароды ўнутранай чалавечай каштоўнасьцю альбо прадуктам пэўнага грамадзтва, у якім мы жывем.

У друкаванай вэрсіі газэты «The Wall Street Journal — Europe» апублікаваныя высновы міжнароднага дасьледаваньня, дзе адзначаецца, што большасьць з нас крытычна ставіцца да антысацыяльных паводзінаў некаторых грамадзянаў, якія спрабуюць адмазацца ад выкананьня сваіх абавязкаў перад грамадзтвам: сыходзяць ад выплаты падаткаў, «косяць» ад войска, выкідваюць сьмецьце на вуліцу, езьдзяць «зайцамі». Ці адпавядае такое стаўленьне да «халяўшчыкаў» грамадзкай думцы ў Беларусі?

Адпаведна вынікам узгаданага дасьледаваньня, у некаторых краінах амаль нічога не адбываецца без думкі пра тое, што ў адваротным выпадку адбудзецца пакараньне.

«Пастаянна ўзьнікаў фактар адплаты», — кажа эканаміст Бэнэдыкт Херман з брытанскага ўнівэрсытэта ў Нотынгеме, які і прэзэнтаваў праект у сакавіку ў часопісе Science.

Сярод студэнтаў з ЗША, Швайцарыі, Кітаю і Брытаніі аматары пажыць за кошт іншых у большасьці выпадкаў успрымалі пакараньне як матывацыю да большага укладаньня ў агульную справу.

Але ж у Амане, Саўдаўскай Аравіі, Турцыі, Грэцыі, Расеі і Беларусі (!) халяўшчыкі часьцей адказвалі адваротным ударам, помсьцячы тым, хто іх пакараў. Нават тым, хто асабліва шчодра паклапаціўся за дабрабыт усіх. Клясычная сытуацыя, калі кусаюць руку, якая корміць.

Як праводзілася дасьледаваньне

Дзеля свайго праекту доктар Херман і яго калегі набралі 1120 студэнтаў ВНУ з 16 гарадоў у 15 краінах сьвету для ўдзелу ў гульнях, спэцыяльна распрацаваных для ацэнкі комплексу паказчыкаў чалавечых паводзінаў у штучна створаных лябараторных умовах. 

Валянтэры гралі ў ананімных групах з чатырох чалавек. Кожны ўдзельнік пачынаў з 20 жэтонамі: гульцы маглі ахвяраваць іх у агульны рахунак, альбо пакінуць усе толькі для сябе. Пасьля кожнага раўнду грошы з агульнага рахунку па-роўну разьмяркоўваліся паміж усімі ўдзельнікамі, нават тымі, хто не складаўся.

Папярэднія дасьледаваньні паказалі, што існаваньне хоць аднаго эгаістычнага гульца, які проста працягваў гуляць, атрымоўваючы грошы за кошт добразычлівасьці іншых, можа настолькі раздражніць астатніх гульцоў, што у хуткім часе ўсе перастаюць складацца.

Сытуацыя мяняецца, калі ўдзельнікі маюць магчымасьць выкрыць халяўшчыка і пакараць яго. У час дасьледаваньня пакараньне адбывалася праз здыманьне пунктаў, што магло хутка вылецець у капеечку. Адпаведна правілам, пакараньне было ананімным і складала 1 жэтон. Калі ўзьнікае такі ціск з боку іншых удзельнікаў, то складацца патроху пачынаюць усе, нават халяўшчыкі.

«Халяўшчыкаў нідзе не любяць», — кажа адзін з распрацоўшчыкаў дасьледаваньня Сайман Гэчтэр, які вывучае прыняцьце рашэньняў у эканоміцы ў Натынгемскім унівэрсытэце. «Супрацоўніцтва заўсёды прыпыняецца, калі не існуе мэханізмаў пакараньня». 

Студэнты ва ўсіх 16 гарадах паводзілі сябе аднолькава да моманту, калі ім давалася права пакараць тых, хто гуляў на халяву. Адрозьненьні ўзьніклі пры ацэнцы паводзінаў тых, каго караюць. 

Беларускія халяўшчыкі разам са сваімі «калегамі» з Сэулу (Паўднёвая Карэя), Істанбулу (Турцыя), Самары (Расея), Рыяду (Саудаўская Арабія), Афінаў (Грэцыя) і Мускату (Аман) адзначыліся тым, што найбольш ахвотна помсьцілі за пакараньне, не шкадуючы жэтонаў, каб скласьціся і атрымаць права на гэта. 

«Яны не лічылі, што зрабілі нешта дрэннае». І з-за таго што разьюшаныя халяўшчыкі ня ведалі, хто менавіта іх пакараў, яны часьцей за ўсё адыгрываліся на тых, хто скінуўся больш за іншых, бо падазравалі менавіта іх. 

Чаму так?

Такое памкненьне адпомсьціць дасьледчыкі зьвязваюць з адносна нізкім узроўнем даверу, грамадзкай еднасьці і законнасьці. Гэткую характарыстыку пералічаным краінам са «злобнымі халяўшчыкамі» далі вынікі дасьледаваньня World Values Survey, якое пэрыядычна ацэньвае каштоўнасьці і грамадзкую думку ў больш чым 80 грамадзтвах сьвету. 

У краінах з дэмакратычным укладам і рынкавай эканомікай уціск з боку іншых удзельнікаў працэсу змушае людзей да супрацы. У аўтарытарных грамадзтвах ці тых, дзе значную ролю маюць сваяцкія сувязі, халяўшчыкі выплёскваюць сваю злобу на тых, хто іх крытыкуе. 

Такім чынам, наступствы ўплыву асаблівасьцяў грамадзкага ўкладу Беларусі на паводзіны грамадзянаў становяцца відавочнымі, а таксама тое, як шмат прыйдзецца зьмяніць ня толькі ў сыстэме, але і ў сьвядомасьці людзей, каб беларусы маглі сказаць, што мы належым да эўрапейскай культуры. 

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1606 seconds.