Арганізатары Be2gether 2008 распавялі беларусам пра фэст: 70 гуртоў, 5 сцэнаў, бясплатныя візы

Буйнейшы балтыйскі музычны фэстываль Be2gether пройдзе 14–17 жніўня ў Літве ў 50 мэтрах ад беларускай мяжы. У мінулым годзе, на першым Be2gether, на трох сцэнах выступіла болей 30 музычных гуртоў з 15 краінаў.

70 гуртоў на 5 сцэнах, хто выступіць ад Беларусі, як патрапіць на фэстываль, бясплатныя візы для беларусаў — пра Be2gether 2008 распавялі на прэс-канфэрэнцыі арганізатар фэсту Гедрыюс Клімкявічус і амбасадар Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас.

­

Be2gether 2007

Упершыню Be2gether ладзіўся 24–26 жніўня 2007 году. Ініцыятыва фэстывалю належыць бізнэсоўцу Гедрыюсу Клімкявічусу, які знайшоў агульную мову з літоўскімі ўладамі і спонсарамі.

На трохдзённым Be2gether 2007 выступілі болей 30 гуртоў зь Літвы, ЗША, Польшчы, Брытаніі, Нарвэгіі, Эстоніі, Фінляндыі, Грузіі, Ісьляндыі, Расеі, Латвіі, Беларусі. Bloodhound Gang (ЗША), Therapy? (Брытанія), Morcheeba (Брытанія) на адным фэсьце зь беларусамі «Ляпіс Трубяцкой», Drum Ecstasy, IQ48 — добрае пацьверджаньне лёзунгу Be2gether «музыка разбурае сьцены».

Be2gether 2008: N.R.M. ня будзе, выступяць беларусы Osimira і Mauzer

Па расповедах арганізатараў, непасрэдны фэстываль пройдзе традыцыйна на землях Нарвілішскага замку, але суправаджальныя падзеі будуць адбывацца і непасрэдна ў Вільні. Каля 300 бубначоў з розных краінаў зьбяруцца на плошчы каля Ратушы, каб разам граць «рытм Be2gether». Філіп Чмыр з Drum Ecstasy, якія мінулым годам прадстаўлялі Беларусь на фэсьце, зьбіраецца далучыцца да бубначоў 301-м. А на прэс-канфэрэнцыі адзначыў, што сёлета ўвесь гурт прыедзе на Be2gether у якасьці гледачоў.

У гэтым годзе чакаецца ля 70 гуртоў на 5 сцэнах. Перамовы з гуртамі працягваюцца, а свой удзел ужо пацьвердзілі:

  • Groove Armada (Вялікабрытанія)
  • Fool’s Garden (Нямеччына)
  • My Baby Wants to Eat Your Pussy (Нямеччына)
  • Fishbone (ЗША)
  • Infected Mushroom (Ізраіль)
  • Bix (Літва)
  • The Dynamites (ЗША)
  • Etiennie de Crecy (Францыя)
  • Happyendless (Літва)
  • Valgeir Sigurrdson (Ісьляндыя)
  • Clan of Xymox (Нідэрлянды)
  • Communic (Нарвэгія)
  • Baka Beyond (Камэрун)
  • Doi (Данія)

На сцэне Be2gether 2008 выступяць і беларусы — гурты Osimira і Mauzer. N.R.M., які таксама атрымаў запрашэньне, удзелу ня прыме. Прэс-каардынатарка фэстывалю Эгле Рэмэйкайтэ патлумачыла Generation.bY, што прапанаваныя імі ўмовы ўдзелу не задаволілі гурт.

Як адзначыў арганізатар фэсту Гедрыюс Клімкявічус, сёлетні Be2gether ня просты музычны фэстываль, а «фэстываль музыкі й мастацтва». Да непасрэднага пачатку канцэртаў у Нарвілішках распачнуцца творчыя майстэрні з удзелам прафэсійным мастакоў, маладых пачаткоўцаў і дзяцей. Запрашаюцца творцы зь Беларусі, Літвы, Польшчы і Ўкраіны. Гэта добрая магчымасьць праявіць сябе і, зрэшты, патрапіць на сам фэст.

Для беларусаў квіток — 65 эўра, віза — бясплатна

Візавае пытаньне ўжо летась было актуальным для беларусаў, якія жадаюць патрапіць на фэст. Сёлетні кошт шэнгенскай візы — 60 эўра. Але амбасадар Літвы Эдмінас Багдонас адзначыў, што зараз літоўскім МЗС шукаюцца магчымасьці, каб як мага больш беларусаў наведалі фэстываль: «Мы знойдзем спосаб, каб вас не пужаў кошт візаў і час на іх афармленьне».

Зараз разглядаецца варыянт зрабіць для беларусаў кошт квітка на Be2gether у 65 эўра, візу пры гэтым на час фэсту будуць выдаваць бясплатна.

А прэс-каардынатар фэстывалю Эгле Рэмэйкайтэ патлумачыла Generation.bY, што канчатковае рашэньне па гэтым пытаньні будзе прыймацца на наступным тыдні. Квіткі беларусы змогуць набыць праз Сеціва, таксама вядуцца перамовы зь некалькімі турагенцыямі, праз якія можна было б рэалізаваць продаж квіткоў і афармленьне візаў.

Фота з прэс-канфэрэнцыі 22 траўня


Удзельнікі прэс-канфэрэнцыі: Філіп Чмыр, Эгле Рэмэйкайтэ, Гедрыюс Клімкявічус, Эдмінас Багдонас




Прэзэнтацыя плянаў на Be2gether 2008


Арганізатар Be2gether Гедрыюс Клімкявічус


Арганізатары фэсту паказваюць дакумэнтальны фільм з Be2gether 2007. Галоўны герой - мясцовы дзед, які жыве ў Нарвілішках і распавядае пра мясцовае жыцьцё. Кадр на фота зь ягонай цытатай: "Тут ніхто не размаўляе па-літоўску". Сам дзед гаворыць на беларуска-расейскай мяшанцы.

Аўтар фота Воля Кузьміч

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0717 seconds.