Дасьледнікі Xerox распрацавалі шматразовую паперу

Спэцыялісты дасьледніцкага цэнтру Xerox у ЗША стварылі паперу новага тыпу, якую можна шматразова выкарыстоўваць для друку. Выява трымаецца 24 гадзіны, а потым зьнікае, і папера зноўку гатовая да ўжытку.

У 70-х розныя экспэрты прадказвалі амаль поўнае зьнікненьне папяровых носьбітаў за кошт ужытку электроннага дакумэнтазвароту. Але ў офісах па ўсім сьвеце і зараз штодня выкарыстоўваецца безьліч паперы.

Як адзначае мэнэджар Xerox Эрык Шрэйдар (Eric Shrader), часта раздрукаваныя дакуманты, напрыклад, мэйлы, адразу пасьля прачытаньня выкідаюць. У такой сытуацыі зьяўленьне паперы шматразовага выкарыстаньня магло б дазволіць кампаніям і арганізацыям скараціць выдаткі на зыходныя матэрыялы, і заадно палепшыць экалягічны стан.

Распрацаваная папера ўтрымлівае адмысловыя малекулы, стан якіх зьмяняецца пад узьдзеяньнем ультрафіялетавага сьвятла — як вынік і ўтвараецца адбітак. На працягу наступных 24 гадзінаў малекулы самастойна вяртаюцца ў зыходны стан, і надрукаваны тэкст зьнікае. «Ачысьціць» паперу можна хутчэй, нагрэўшы яе.

Наколькі гэта будзе юзабільна — пакажа час, але друкаркі з такой паперай могуць быць вельмі кампактнымі. Праўда, пакуль тэхналёгія адаптаваная толькі для манахромнага друку — у прынцыпе, гэтага дастаткова, бо пры раздрукоўцы дакумантаў для аднаразовага чытаньня фарбы й не патрабуюцца. Пакуль аб магчымых тэрмінах камэрцыялізацыі мэтодыкі кампанія не ўдакладняе.

Чытайце таксама пра Quickie — «паперу для нататак 2.0», з дапамогай якой чалавек зможа напісаць на адмысловай паперцы нататку, проста прыляпіць яе дзе-небудзь, а інфармацыя, зьмешчаная на ёй, аўтаматычна трапіць у адмысловы разьдзел кампутаровай праграмы. А іншая амэрыканская кампанія пачала выпуск «разумных асадак», што мусяць стаць пераходным зьвяном паміж кампутарам і паперай.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0716 seconds.