Джамбібум запрашае клікаць вясну па ўсіх правілах

Папіць глінтвэйну зь печывам, пасядзець ля вогнішча ды пагрукаць у барабаны? Гурт «Джамбібум» ведае, чым прывабіць вясну, якая ў гэтым годзе дужа капрызная — 22 сакавіка гукаем вясну на Цнянцы. Зарадзіцца пазытывам «Джамбібума» можна і сёньня, акунуўшыся ў «сялянскую ідылію» першага кліпа гурта альбо прыйсьці ўвечары на канцэрт гурта.

Нейкі паганскі настрой пануе ў музычнай прасторы і ў Сеціве. І ня дзіва — за вакном сьнег, лёд на калужынах, потым сонейка, потым дождж. Вось усімі праўдамі і няпраўдамі стараецца народ выклікаць вясну. Так N.R.M. даў шэраг «разьвітальных» зь зімой канцэртаў. Rahis шукаў «Пароль у лета» — і на адзін вечар яно зазірнула да нас раней прызначанага часу.

Джамбібум 
Фотаздымак гурта Джамбібум на калядным праекце «Сьнежны завулак»; аўтар фота Юра Сідун

А «Джамбібум» запрашае пагукаць вясну на старажытным сьвяце разьвітаньня зь зімой. Яно традыцыйна суправаджаецца абрадавымі вясновымі песьнямі ды карагодамі. Людзі заклікаюць вясну хутчэй прыйсьці, радуюцца першаму вясноваму сонцу і праганяюць зіму.

Адбудзецца тое 22 сакавіка на Цнянскім вадасховішчы.

Збор, а 14.00 ля ўнівэрсаму «Паўночны» (Зялёны луг, прыпынак трал. 53, 37, 46). З сабой пажадана мець турыстычныя дыванкі (для сядзеньня каля вогнішча), музычныя інструмэнты (калі ёсьць), кампанэнты для глінтвэйна, рытуальнае печыва ў форме птушак альбо трохкутнікаў (калі хто не палянуецца зрабіць), і абавязкова добры настрой!

«Будзем разам граць на барабанах, сьпяваць вясновыя песьні і радавацца надыходу вясны!», — запрашае ўсіх сваіх сяброў Ульяна з «Джамбібуму».

У гурце зараз настрой сапраўды вясновы — выйшаў іх першы кліп на песьню «Туман ярам». Дарэчы, па сакрэце, менавіта гэтая кампазыцыя, гэткі беларускі chill out, спачатку была абраная для каляднага шоў «Сьнежны завулак 8», але потым зьмененая на «Бабку».

Пранікнуцца «сялянскай ідыліяй» ад «Джамбібуму» можна проста націснуўшы пімпачку play. Каму захочацца болей — «Джамбібум», «Рэха» і «Мамкіны бусы» запрашаюць сёньня на маленькі канцэрт у кавярні Палацу дзяцей і моладзі, а 19.00.

SlaDa 15:38, 20/03/2008 | Анонсы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1002 seconds.