Музычны фэстываль Be2gether 2008 пройдзе 14–17 жніўня
Літоўскі Be2gether, які ўпершыню прайшоў улетку мінулага году ўсяго ў 50 мэтрах ад беларускай мяжы, у самым разгары падрыхтоўкі.
На трохдзённым Be2gether 2007 выступілі болей 30 гуртоў зь Літвы, ЗША, Польшчы, Брытаніі, Нарвэгіі, Эстоніі, Фінляндыі, Грузіі, Ісьляндыі, Расеі, Латвіі, Беларусі. Bloodhound Gang (ЗША), Therapy? (Брытанія), Morcheeba (Брытанія) на адным фэсьце зь беларусамі «Ляпіс Трубяцкой», Drum Ecstasy, IQ48 — добрае пацьверджаньне лёзунгу Be2gether «музыка разбурае сьцены».
Сёлетні фэст арганізатары плянуюць зрабіць зь яшчэ большым размахам. Праўда, хто зь беларусаў выступіць на Be2gether 2008, пакуль не рассакрэчваецца.
Як пракамэнтавала Generation.bY сябра аргкамітэту фэстывалю Эгле Рэмэйкайтэ, «сёлета плянуецца арганізаваць 5 сцэнаў, шмат творчых майстэрняў — зараз усё ў працэсе падрыхтоўкі».
Be2gether — самы буйны музычны фэстываль у Літве, і за гэты год атрымаў шэраг узнагародаў на літоўскіх прэміях. Сама падзея адбываецца на тэрыторыі замка Нарвілішкі. Музыкі выступаюць на некалькіх сцэнах, а шматлікія гледачы разьмяшчаюцца на тэрыторыі кэмпінгу.
«Be2gether зьбірае тысячы людзей, якія, у незалежнасьці ад нацыянальнасьці, узросту ці займаемай пасады, аб’яднаныя адным захапленьнем — музыкай», — падкрэсьлівае абноўлены сайт фэстывалю.