Зьмітра Вайцюшкевіча хопіць на ўсіх

Што такое жаночы дзень можна адчуць на канцэрце Зьмітра Вайцюшкевіча: гэта не калі шалёныя мужчыны носяцца па горадзе са стракатымі венікамі, а ты гідліва моршчысься на кожны камплімэнт. 8 сакавіка — гэта калі жанчыны шчасьлівыя. І мужчыны таксама — сам Зьміцер проста сьвяціўся. І ня дзіўна, бо з гастроляў ён вярнуўся не адзін…

 

А вярнуўся зь ёй, з галоўнай прыгажуняй вечара, за якой прынамсі я назірала ўвесь канцэрт. Вайцюшкевіч прывёз зь Японіі новенькую і дарагушчую гітару «Gibson».

 

Будзе неарыгінальным сказаць, што гэты канцэрт быў лепшы? Так падаецца ягоным прыхільніцам і прыхільнікам кожны раз. Па мне, дык канцэрт 8 сакавіка быў канцэртам-тэатрам: з камэдыямі, трагедыямі і драмай, з гульнёю настроямі.

«Сакэ! Сакэ! Дима — ты звезда!»

Вельмі прыемны занятак — назіраць за публікай, якая ходзіць на канцэрты Зьмітра. Многія дамы пазнаюць адна адну ў твар. Якіх толькі жанчын не пабачыш: пачынаючы ад трохгадовых аматарак «Калыханак» і далей па альбомнай клясыфікацыі Вайцюшкевіча (пані трошкі ў гадах; дзеўчыны ў чаканьні каханьня; арыстакраткі, якія гэтае самае каханьне дачакаліся; і Яблонскія, зь ім пасьпеўшыя разьвітацца…).

 

«Сакэ! Сакэ! Дима — ты звезда!» — разносілася за сьпіной. Увесь канцэрт мучыла думка: а ці было сакэ? Жанчыны за мной, якія называлі адна адну і ўсіх навокал «девчёнками», усталявалі дыялёг са сцэнай, зажыгалі так, як я б, прызнаюся, ня здолела, і намякалі Зьмітру на нейкія сушы ды сакэ. 

Жанчына вельмі паважанага і інтэлігентнага ўзросту замілавана і з хваляваньнем заламвала рукі, лавіла рухамі кожную ноту, перажывала. Парачкі шчыльней ціснуліся адно да аднае.

Некалькі разоў людзі падымаліся зь месцаў і таньчылі. Спачатку іх было цяжка разварушыць — потым падалося нерэальным супакоіць. Пасыпаліся цыдулькі. «Замуж?» — запытаўся Аляксандр Шувалаў, калі Зьміцер прабягаў вачыма чарговую паштоўку.

 

Залік ад Клары Цэткін

За што Зьмітру павага, дык за тое, што ня страціў здольнасьці зьдзіўляць. Жанчыны ў свой дзень чакалі «Пані трошку ў гадах» і «Прыйдзі мой каханы» — ну ня першы ж год разам:) Гэтых кампазыцый не было, затое прагучалі ня меней лірычныя, але рэдка выконваемыя, напрыклад, «Чакаю», «Раманс», «Мора»… Прагучалі песьні на вершы ўсіх паэтаў, якіх Зьміцер паклаў на музыку. З залі нехта трапна запытаўся, калі ж будзе Шэсксьпір.

У прынцыпе знаёмыя кампазыцыі гучалі па-новаму, больш прапрацавана і адначасова — зь імправізацыямі. Можа і памыляюся, але, падаецца, пачынаючы песьню Зьміцер ня ведаў, куды яна прывядзе, што будзе з заляю і якую ноту закране. Таму і склалася ўражаньне, што сядзіш у тэатры. Прычым кожная песьня — новы спэктакль. І, упэўненая, кожная жанчына ўбачыла пастаноўку ўласна для яе адной.

 

Тройчы Зьміцер мяняў вобраз. Перад вылетам у Японію Зьміцер распавёў Generation.by пра фэшн-індустрыю гэтай краіны і падзяліўся плянамі абнавіць гардэроб. Што і было зроблена — напрыканцы Вайцюшкевіч выйшаў у кімано. Як пераклала Масака Тацумі (кіраўнічка японскага інфармацыйнага цэнтра), на сьпіне напісанае «Сьвята». Так і хочацца дадаць — «… якое заўжды з табой». Ды дзе там! Адразу пасьля канцэрту WZ-Orkiestra адправіўся ў Страсбург прадстаўляць нашую краіну на тыдні Беларусі ў Эўрапейскім парлямэнце. Эх, Бэніта-Фэрэра Вальднэр, трымайцеся…

 

Апошнюю кампазыцыю Зьміцер прысьвяціў 25 сакавіка. Каму што, канешне, але для мяне ўласна гэта быў самы прыемны сюрпрыз. У прынцыпе, 8 сакавіка — гэта ж не мімозы з парогу, бігудзі-марафэт-абцасы-рэстарацыя. Гэта дзень сур’ёзны. Таму прыемна было афарбаваць яго ў чырвона-белыя колеры. Мяркую, Клара Цэткін паставіла б залік:)

Замілаваны жаночай прыгажосьцю, у хвалях любві, Зьміцер усё ж не забыўся, што цяпер ён — рокер. Ну, а з такой гітараю, Рокер зь вялікай літары.

Зьмітру Вайцюшкевічу — вялікі дзякуй. За тое, што нашыя штодзень стомленыя, штодзень у клопатах, адказныя за ўсё і на ўсё здольныя моцныя беларускія жанчыны на адзін вечар адчулі сябе прыгожымі і вясновымі, шчасьлівымі і бесклапотнымі.

Фота Даша Слабчанка

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.059 seconds.