Дзяўчынкі хутчэй асвойваюць кампутар

Дзяўчынкам прасьцей карыстацца кампутарам, чым хлопчыкам — да такой высновы прыйшлі экспэрты Tesco Computers. У брытанскім дасьледваньні ўдзельнічала тысяча дзяцей. У прыватнасьці, дзяўчынкі абганяюць хлопчыкаў у выкананьні базавых заданьняў, працы з дакумэнтамі.­

 

Незалежна ад полу, дзеці — актыўныя карыстальнікі. Тры чвэрці апытаных ва ўзросьце ад 7 да 16 год карыстаюцца кампутарам штодня, палова праводзіць як мінімум дзьве гадзіны онлайн.

Маладое пакаленьне расьце з мышкаю ў рукох: у сем год 73% ужо ўмеюць карыстацца пашукавікамі, а 62% — здольныя рэдагаваць дакумэнты. А 70% падлеткаў прысутнічаюць у сацыяльных сетках.

Прычым, пра цяжкасьці ў карыстаньні кампутарам распавялі толькі 6% дзяўчынак — у параўнаньні з 10% хлопчыкаў.

А вось іхнія бацькі значна больш няўпэўненыя ў сябе: больш за палову апытаных дарослых прызналіся, што раяцца са сваімі дзецьмі ў кампутаровых пытаньнях.

Такая высокая зацікаўленасьць кампутарам і Інтэрнэтам з боку дзяцей нясе ў сябе пэўную небясьпеку. Таму Эўразьвяз выдзяляе  55 мільёнаў эўра на чатырохгадовую прашраму, мэта якой - зрабіць Сеціва бясьпечнай для дзяцей прасторай.

Гэтыя сродкі пойдуць ня толькі на адукацыйныя праекты і на вырашэньне пытаньняў бясьпекі. Будуць таксама праведзеныя дасьледваньні, якім чынам, колькі і ў якіх мэтах сучасныя дзеці і падлеткі карыстаюцца тэхналёгіямі, напрыклад, Інтэрнэтам і мабільным тэлефонам.

Фота ABC News

SlaDa 20:32, 02/03/2008 | Цікавосткі |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.2016 seconds.