Выйшла першая афіцыйная лакалізацыя Windows на беларускую мову

Першая афіцыйная інфармацыя ад Microsoft пра тое, што ў новай Windows будзе нарэшце беларускамоўны інтэрфейс, з’явілася ў пачатку 2012 года. Многія карыстальнікі разлічвалі, што беларускі моўны пакет будзе даступны адразу пасля афіцыйнай прэзентацыі Windows 8 у кастрычніку, аднак гэтага не адбылося.

Урэшце 11 снежня 2012 году ў Windows Update быў выкладзены Belarusian Language Interface Pack - Windows 8 update. Цяпер карыстальнікі новай аперацыйнай сістэмы, якая паводле намераў Microsoft мусіць стаць самай папулярнай у свеце, могуць зрабіць свой дэвайс беларускамоўным. Windows 8 арыентаваная не толькі на традыцыйныя кампутары, а таксама на планшэты і смартфоны. Калі планы Microsoft па экспансіі Windows 8, да якіх многія эксперты настроеныя скептычна, зрэалізуюцца, то патэнцыял беларускай мовы моцна пашырыцца ў сферы электронных прыладаў. Дагэтуль існавалі толькі неафіцыйныя частковыя пераклады Windows 7 і Windows XP, пра якія было вядома вузкаму колу гікаў.

«Набыла браціку лэптоп, на якім адразу стаіць Windows 8. Прыемнай нечаканасцю аказалася наяўнасць беларускай мовы ў інтэрфэйсе. Вось цяпер так і захацелася перайсці самой са сваёй старой XP на Windows 8.:)», — такія задаволеныя каментары ўжо можна сустрэць у Фэйсбуку. 

Першы беларускамоўны інтэрфейсны пакет Windows 8 пакуль уключае не поўны пераклад сістэмы меню і службовых паведамленняў, але па іх бачны абраны моўны стыль і тэрміналогія. Напрыклад, паміж беларускімі словамі «мапа» і «карта» Microsoft зрабіла выбар на карысць беларускага слова, больш блізкага расейскай мове, а не англійскай.

У красавіку на моўным партале Microsoft з’яўлялася просьба да карыстальнікаў дапамагчы ў беларускамоўнай тэрміналогіі, аднак паведамленне засталося амаль не заўважаным. У выніку на яго адгукнуліся толькі 6 чалавек, якія і прапаноўвалі некаторыя варыянты беларускай тэрміналогіі, што маглі быць выкарыстаныя ў перакладзе.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0709 seconds.