Яшчэ адзін крок у барацьбе зь пірацтвам: ахова фотаздымкаў

Мы жывем у час лічбавых тэхналёгіяў, якія амаль выціснулі ўсе папярэднія. Але лічбавыя тэхналёгіі абвастрылі, як ніколі, праблему з аўтарскімі правамі. Амаль кожны цяпер  карыстаецца «крадзенымі» творамі: музыкай, фільмамі, тэкстамі, здымкамі. Самыя розныя кампаніі шукаюць шляхі абароны аб’ектаў інтэлектуальнага права. Днямі стала вядома, што Сanon запатэнтавала новую тэхналёгію нанясеньня вадзяных знакаў на лічбавыя здымкі.

­

Зараз існуе некалькі спосабаў абароны фотаздымкаў — найбольш распаўсюджаны дадаваньне бачнага лягатыпа ці іншай пазнакі наўпрост паверх здымка, але такая пазнака пры жаданьні можа быць сьцертая. Часам выкарыстоўваецца таксама вадзяныя знакі ў выглядзе лічбавых шумоў, якія ня бачыць вока чалавека, але іх магчыма прачытаць з дапамогай Photoshop, каб пацьвердзіць аўтарства. 

Новая тэхналёгія будзе базавацца на ірыдадыягностыцы: у той самы момант, калі фатограф глядзіць у аб’ектыў, адмысловыя сэнсары робяць здымак вясёлкавай абалонкі ягонага вока.

Пасьля выяву вясёлкавай абалонкі можна будзе перавесьці ў ідэнтыфікацыйны код фатографа, які будзе захоўвацца ў мэтададзеных фотаздымка, альбо запісвацца ў здымак у выглядзе схаванага вадзянога знаку.

Камэра з такой тэхналёгіяй будзе памятаць да пяці фатографаў і такім чынам зможа аўтаматычна пазначаць аўтарства здымкаў. 

Пастаянна зьяўляюцца новыя сродкі абяроны капірайту і ў дачыненьні тэкстаў. Нават у Беларусі плянуецца ў хуткім часе стварыць праграму, якая будзе змагацца з «крадзяжом» тэкстаў у навуковых працах. Раней аналягічны «Антыплягіят» быў замоўлены рэктарам адной з расейскіх ВНУ.

Асабліва востра стаіць пытаньне пірацтва ў музычнай сфэры. Магчымасьць масава капіяваць музычныя творы і распаўсюджваць іх лічбавымі сродкамі, выцесьнілі на другі плян канцэпцыю «музыкі за грошы». Гэта вымушае музыкаў шукаць іншыя шляхі заробку - выпуск альбомаў ужо не прыносіць былых прыбыткаў.

У мінулым годзе гэтая праблема адчулася і ў Беларусі — новы альбом N.R.M. «06» зьявіўся ў Сеціве значна раней афіцыйнага рэлізу. Тады гэта моцна засмуціла лідэра гурта Лявона Вольскага.

А вось замежныя музыкі ўжо, падаецца, зьмірыліся зь непазьбежнасьцю — і пачалі самі прапаноўваць свае творы ў Сеціве. Самы яскравы прыклад — гурт Radiohead, новы альбом якога зьявіўся спачатку ў Сеціве, даўшы права прыхільнікам самім вызнчаць кошт. Больш таго, на гэты ж шлях становіцца і кінаіндустрыя.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0921 seconds.