Скрадзеныя думкі навукоўцаў будзе шукаць беларускі «Антыплягіят»

Вышэйшая атэстацыйная камісія Беларусі плянуе стварыць кампутаровую праграму «Антыплягіят» для аналізу навуковых прац: яна будзе параўноўваць працы суіскальнікаў з тэкстамі, апублікаванымі ў СМІ.

­ Пра гэта паведаміў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску старшыня камісіі Анатоль Афанасьеў.

Па ягоных словах, яшчэ ў 2007 ва ўрад Беларусі быў накіраваны ліст з просьбаю прафінансаваць стварэньне такой праграмы.

«Грошы ў памеры 150 мільёнаў рублёў ужо паступілі», — сказаў ён.

Плянуецца, што «Антыплягіят» будзе аўтаматычна параўноўваць навуковыя працы суіскальнікаў навуковых ступеняў з ужо існуючымі працамі, апублікаванымі ў СМІ.

Канчатковыя тэрміны стварэньня праграмы яшчэ не зацьверджаныя, аднак Анатоль Афанасьеў лічыць, што нават інфармацыя аб распрацоўцы такой праграмы мусіць павысіць адказнасьць суіскальнікаў навуковых ступеняў і іх навуковых кіраўнікоў пры напісаньні навуковых прац.

Анатоль Афанасьеў таксама нагадаў, што ВАК зьвяртае асаблівую ўвагу на выкарыстаньне ў навуковых працах думак іншых аўтараў без спасылкі на іх. Агулам за 2007 камісія выявіла тры выпадкі плягіяту. Дарэчы, згодна існуючым правілам, аўтар, якога злавілі на плягіяце, цягам пяці год апасьля ня мае права на паўторную абарону сваёй працы.

Паводле Белта­

­
18:16, 13/02/2008 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0819 seconds.