Рашэньнем суда Зьмітра Жалезьнічэнку аднавілі ва ўнівэрсытэце

Сам Зьміцер ня зьдзіўлены, што так адбылося і выражае падзяку ўсім, хто дапамагаў яму падчас судовых разбіральніцтваў. Зьміцер быў упэўнены, што адлічылі яго за актыўную грамадзка-палітычную дзейнасьць.­­­ За апошні час гэта першы выпадак, калі студэнт, фармальна адлічаны за «сыстэматычнае парушэньне ўнутранага распарадку», выйграў судовую справу.

­

 

Сёньня a 18-й гадзіне суд Цэнтральнага раёну Гомеля абвясьціў рашэньне, якім абавязаў рэктара ўнівэрсытэту імя Францішка Скарыны скасаваць загад аб адлічэньні з трэцяга курсу матэматычнага факультэту студэнта-выдатніка Зьмітра Жалезьнічэнку.

«Мы не адступіліся, мы пайшлі да канца — і перамаглі. Гэта нармальна. Я зьдзіўлены, чаму людзі, якія вучацца па праграме Каліноўскага, іншыя адлічаныя так ня робяць,» — дзеліцца ўражаньнямі Зьміцер.

Нагадаем, што два папярэднія прэцэдэнты посьпехам ня скончыліся.

Так, Тацяна Хома, адлічаная два гады таму з БДЭУ за «сыстэматычная парушэньне ўнутранага распарадку», адстойвала свае правы ў Мінадукацыі, Завадзкім раённым судзе г. Менску, Гарадзкім менскім судзе — і паўсюль атрымала адмову. Чаму вынікі па дзьвюх падобных справах розныя, разважае Тацяна:

«Магчыма, з-за таго, што мая кампанія на той момант ператварылася ў міжнародную і беларускія ўстановы проста не хацелі саступаць патрабаваньням эўрапейскіх арганізацыяў. Зь іншага боку, палітычныя ўмовы, пры якіх адбываліся нашыя са Зьмітром адлічэньні, адрозьніваюцца. Мяне адлічылі перад выбарамі, калі толькі пачыналася перадвыбарчая кампанія і ўлады хацелі паставіць на месца актыўную моладзь на маім прыкладзе. Зараз Беларусь нават дэманструе інтарэс да перамоваў з Захадам і важна паказаць сябе з лепшага боку. У любым выпадку, я радая за Зьмітра і, спадзяюся, у яго ўсё будзе добра.»

Зьміцер Жалезьнічэнка таксама выказвае падзякі за дапамогу і веру ў перамогу адвакатам і журналістам, родным і сябрам, той частцы аднагрупнікаў, якая яго падтрымала, дый проста неабыякавым людзям. Таксама Зьміцер чакае выбачэньняў з боку рэктара.

­
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0652 seconds.