«Сьнежны завулак 8» inside альбо фотаблог са здымак каляднага праекту

 

П­акуль музычны відэапраект зь «незвычайнымі сустрэчамі пад новы год» рыхтуецца да эфіру, прапануем прагуляцца па «Сьнежным завулку» і зазірнуць у хатку нумар 8. Папараццы Generation.by не прапусьцілі аніводнага кроку тамтэйшых жыхароў. Выкладаем вялікі фотарэпартаж са здымак каляднага тэлешоў.­

­

Парадкі там былі строгія.

­

Беспрыдзел! Дамы адныя — без кавалераў. А тым толькі і падавай, што «дольчэ віту». Сьцяпанаўна прыехала да Маргарыты Сьцяпанаўны зь вёскі адзначыць Новы год па-людзку, то бок, з салатай і шампанскім перад тэлевізарам. А бабам дык што? Толькі і ведаюць, што языком аб зубы біць. Вось і далі сваю трапную ацэнку артыстам.


Артысты былі яшчэ якія: «віртуазы, куртуозы, маньерысты», як той казаў. Вобразы часам ствараліся такія нечаканыя, што і не заўсёды пазнаеш легендаў беларускага року.

Самым частым госьцем у грымёрцы быў Лявон Вольскі: ад бурклівай Сьцяпанаўны да эпатажнага Элвіса — за час здымак Лявон пасьпеў зьмяніць чатыры вобразы.

Таксама быў аб’яўлены тэндэр на лепшага гаспадара сьвята — Санты, Сьвятога Мікалая, Дзеда Мароза і да таго падобнага. Удзельнічалі Шалкевіч, Вайцюшкевіч і «Палац». Паглядзіце на гэтыя сьвяточныя твары і адкажыце, толькі чэсна: каго б вы запрасілі на Новы год?


Не разгубіўся ў новых вобразах і Ігар Варашкевіч — ад мафіёзі трыццатых да шаптуна-манаха. Але заўсёды ў кампаніі прыгожых дам.

 

Разам з Русяй яны стварылі таямнічую атмасфэру варажбы. Чараўніца Руся дапамагала варажбіткам шукаць свой лёс, а заеньку — сваю домухну. Магічныя танцы ды шаманскія заклінаньні адагналі ад каляднага шоў усіх нячысьцікаў, таму ўсё прайшло як на мазаных колах.

 

Тое, што Зьміцер Вайцюшкевіч таксама быў у атачэньні дзяўчат, наўрад ці каго зьдзівіць. 

 

У шоў была задзейнічаная лепшая здымачная каманда, цудоўныя дэкаратары і грымёры. З масоўкай таксама пашанцавала. Па словах аднаго з дэкаратараў, такое ён бачыць упершыню: па-першае, масоўка не зьнішчыла ўвесь ядомы інвэртар, не пабіла шкляны і не расьцягала прыдатны для гаспадаркі.

 

Хоць масоўка і паводзіла сябе прыстойна, без дворнікаў не абышлося. Вырашылі і тут задзейнічаць сваіх — запрасілі па знаёмству хлопцаў з IQ48. Яны лосі здаровыя, справіліся хутка — і нават пасьпелі на сцэну выйсьці, ды й прыгажуню-балерыну запрасілі. Так бы мовіць, узялі кантрастам: узьнёслае дзяўчо і суровая ЖЭСаўская будзённасьць.

 

«Схаванае сэрца» стала самай сур’ёзнай кампазыцыяй каляднага шоў. Яно і правільна — заўсёды ёсьць такія блізкія сэрцу важныя рэчы, якія не схаваеш за сьвяточнымі агеньчыкамі і пырскамі шампані.

Але ж каму, як ні IQ48, ведаць, што «цемра сьвятла ня згасіць». Будзе салодкае жыцьцё і на нашым завулку!

 

Новы шэдэўр ад Вольскага «Dolce Vita» ужо і на канцэрце чулі, і зь інтэрнэту спампавалі. Але ў калядным шоў разышлася простая чалавечая душа, што прагнула прыгожага жыцьця: сьвятло сафітаў, дзеўкі-аганёк, танцы, паці тварам у салаце — аттапырка, адным словам.

 

А сапраўды анархія на сцэне запанавала з выхадам Neuro Dubel, дакладней, Аляксандра Кульлінковіча. Для музыкаў былі набытыя гольфы і маскі жывёлаў — такі ранішнік-стайл. Але на здымкі трапіў толькі Кульлінковіч. Калі інтэлігент у бядзе, на дапамогу яму прыйдзе просты працоўны чалавек. А тут — цэлая група. Дэбют сябраў камьюніці Generation.by аказаўся настолькі ўдалым, што некаторыя падумалі, што гэта і ёсьць дзюбеля ў поўным складзе.

«Ну і бамжацкі гурт гэты Neuro Dubel», — сказаў адзін таварыш. «У такім выглядзе — і на сцэну. Толькі адзін прыстойна апрануўся.»

Зацікаўленых дам запэўніваем, што па жыцьці хлопцы зусім іншыя, а тое, што вы бачыце на сцэне — вынік іх бязьмежнай авантурнасьці і шматбаковай натуры.

 

Рознакаляровым кагалам вылецеў на сцэну «Джамбібум» — ад такога запалу нават тыя, хто ўтрускаў усю шубу, знойдуць сілы патаньчыць.

Асобная ўдзячнасьць самым маленькім удзельнікам праекту. Усьмешлівыя дзеткі дапамаглі кожнаму адчуць сябе ў тым узросьце, калі верыш у Дзеда Мароза і чакаеш ад яго падарункаў, калі шчасьце — гэта папуляцца адзін у аднаго сьнежкамі…

 

А галоўнае — што ў любым узросьце ёсьць свае радасьці і надзеі. «Мама, тата, гэта я» — гэтую песьню N.R.M. сьпявалі разам са сваімі дзеткамі. Калі ў кожнага ёсьць такое шчасьце, то ўсё дакладна будзе добра!

Аўтары фота: Юра Сідун і Воля Кузьміч­

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1257 seconds.