Упершыню да калядных сьвятаў выходзіць відэапраект беларускіх музыкаў
За тры месяцы плённай працы падрыхтаваны ўнікальны праект — першы беларускі «аганёк» з удзелам рэдкіх гасьцей тэлеэкранаў: N.R.M., IQ48, Neuro Dubel, Indiga, Крамбамбулі, Джамбібума, Палацу, Крамы, Зьмітра Вайцюшкевіча і Віктара Шалкевіча. «Сьнежны завулак 8 альбо Незвычайная сустрэча пад Новы год» — гэта сьвяточная атмасфэра, цудоўная музыка, трапныя жарты і віншаваньні вядомых людзей. У навагоднюю ноч паглядзець шоў можна будзе на канале Belsat.
На «Сьнежным завулку 8» чакаюць «незвычайныя сустрэчы» ня толькі з выбітнымі музыкамі, але і з простымі жыхарамі завулку. Давядзецца зазірнуць у вакенца адной хаткі, у якой дзьве кабеты рознага веку сьвяткуюць Новы год традыцыйна — перад тэлеэкранам. Ганна і Лявон Вольскія ў вобразах Сьцяпанаўны і Маргарыты Сьцяпанаўны аздобяць музычныя ролікі трапнымі жартамі і вясёлымі тостамі, якія сьмела можна разьбіраць на цытаты:
«Пасьля такіх роляў галава баліць», — жартуе прадусарка праекту Ганна Вольская.
Павіншуюць гледачоў са сьвятамі выбітныя людзі краіны і замежжа — розныя, але аб’яднаныя цёплымі пачуцьцямі да Беларусі і яе жыхароў. Гэта пісьменьнікі і акторы, спартоўцы, дыпляматы і бізнэсоўцы. Сярод іх — Адам Глёбус, Уладзімір Арлоў, Стэфан Эрыксан, Сьвятлана Зелянкоўская, Юрый Зісер і многія іншыя.
Адмыслова для праекту Лявон Вольскі напісаў аптымістычную кампазыцыю, якую музыкі выканалі разам — «Усё будзе добра». І як у тое не паверыць, калі запіс яе прыпаў на дні самых гарачых дыскусіяў вакол візыту музыкаў да Праляскоўскага?
«Нешта нам дапамагала…»
Гэты праект стаў вынікам сьмелай ідэі Ганны і Лявона Вольскіх: зрабіць сапраўдны беларускі аганёк, зь песьнямі беларускімі, артыстамі любімымі, шампанскім савецкім, салатай Аліўе і віншаваньнямі на роднай мове. Усё гэта — ў іскрыстым сьнезе, агеньчыках і ўсьмешках:
«Проста хацелася сабраць музыкаў разам, запісаць агульную навагоднюю песьню. А то Новы год прыходзіцца сустракаць альбо з расейскай папсой, альбо зь беларускай расейскамоўнай папсой. Некаторыя людзі ўжо ўвогуле не глядзяць тэлевізар у сьвяточную ноч. А ў нас жа столькі прафэсійных музыкаў, якія вымушаныя граць за мяжой», — распавядае Ганна пра пачатак працы над праектам.
Здымкі праходзілі ў Беларусі і, нягледзячы на хваляваньні, без перашкодаў. І самае галоўнае — роўна: усе кавалачкі склаліся ў адзіны цэльны малюнак: і аптымізм арганізатараў, і прафэсіяналізм здымачнай каманды, грымёраў і дэкаратараў, і крэатыўнасьць музыкаў, энтузіязм і ініцыятыўнасьць кожнага ўдзельніка гэтага складанага працэсу.
Варта яшчэ раз адзначыць, што такое шоў здымалася ўпершыню. Таму ад самага пачатку тое было авантурай, якая вылілася ў казку па ўсіх зімовых канонах. З маленькай сьнежкі агульнымі намаганьнямі паступова зьляпіўся вялізарны сьнежны ком. І — рыхтуйцеся! На вас рушыцца лавіна пазытыву і сьвяточнага настрою:
«Такім мусіць быць самае лепшае сьвята. Разам мы рабілі працу, пры тым, у падпольных умовах, якую звычайна робіць цэлы канал. Але за кошт атмасфэры, за кошт нашай веры ў тое, «што ўсё будзе добра», ўсё атрымалася.»
Адчуць Новы год на «Сьнежным завулку» можна і да афіцыйнай прэм'еры на Белсаце: днямі на сайце Generation.by зьявіцца болей здымкаў зь месца падзеяў і эксклюзіўнае відэа.
Фота Юра Сідун
Камэнтары
хочацца як мага хутчэй паглядзець....
Бліжэй да абеду пачнем выкладаць кавалкі відэа і таксама выкладзем фінальную песьню "Усё будзе добра" у mp3 ;)
Окі! ))))
ДА абеда працягну!!! )))
А поўная вэрсія будзе даступна праз інтэрнэт?
Невядома. Магчыма, хто-небудзь запіша з эфіру і выкладзе. Але якасьць будзе адпаведнай.
Зноў падумаў, што варта прыкупіць талерку :)
Агонь)))
Хыхы, маўзэраў бы туды, гадзюшнік-та разварушыць))
маўзэры б патанулі ў нашым балоце дабрыні і пазытыву з галавою: такая атмасфэра зацягвае))))
Эх, шкада, не пабачыць гэтага мне:(
Ну і дзе ж абяцанае выкладзем:((((
чакай, засталося колькі хвілінаў)))
Выклалі mp3 і відэа
«Усё будзе добра!» — інтэрнэт-прэзэнтацыя супольнай каляднай песьні беларускіх музыкаўКамэнтаваць могуць толькі аўтарызаваныя карыстальнікі.
Зарэгіструйцеся і ўвайдзіце на сайт, калі ласка.