«Беларусь нацэленая на ўдзел у Балоньскім працэсе», — заявіў чыноўнік Мінадукацыі

Ці можна расцэньваць словы Юрыя Міксюка, кіраўніка упраўленьня вышэйшай і сярэдняй спэцыяльнай адукацыі Мінадукацыі: «Беларусь нацэленая на ўдзел у Балоньскім працэсе», як жаданьне краіны далучыцца да стварэньня Адзінай эўрапейскай адукацыйнай прасторы? Як паведамілі Generation.by у Міністэрстве адукацыі, ніякіх канкрэтных рашэньняў пакуль не прымалася, а афіцыйная пазыцыя Міністэрства яшчэ не агучаная.


­

 

«Беларусь накіравана­я на ўдзел у Балоньскім працэсе», — заявіў Юрый Міксюк, кіраўнік упраўленьня вышэйшай і сярэдняй спэцыяльнай адукацыі Мінадукацыі, выступаючы з дакладам 10 лістапада ў Менску на сэмінары «Сыстэмы адукацыі ў параўнаньні: традыцыі і перамены ў Нямеччыне і Беларусі».

Па ягоных словах, Беларусь яшчэ не падпісала Балоньскае пагадненьне, але фактычна краіна «выконвае тыя крытэры, якія ім прад’яўляюцца».

Ю.Міксюк паведаміў, што закон «Аб вышэйшай адукацыі», прыняты летам 2007, вызначае двухузроўневую сыстэму вышэйшай адукацыі, якая пры тым мае свае асаблівасьці.

«Падчас абмеркаваньня гэтага пытаньня мы прыйшлі да разуменьня, што працадаўца не гатовы працаваць з бакаляўрамі — людзьмі, якія маюць толькі базавую падрыхтоўку», — сказаў прадстаўнік Мінадукацыі.

Таму першая ступень вышэйшай адукацыі вызначаная як падрыхтоўка спэцыяліста тэрмінам ад чатырох да пяці год, другая — падрыхтоўка магістра тэрмінам адзін-два гады.

Таксама Ю.Міксюк паведаміў, што ў новым навучальным годзе тэрмін навучаньня будзе скарочаным да 4–4,5 год па 70 з 360 спэцыяльнасьцях.

Больш таго, па словах Ю.Міксюка, Мінадукацыі можа даць магчымасьць замежным студэнтам, не арыентаваным на беларускі рынак працы, атрымаць адукацыю па эўрапейскім узоры. 

Гэта ня першая заява аб пэрспэктыве далучэньня да Балоньскай сыстэмы з вуснаў чыноўнікаў Мінадукацыі.

Але наколькі рэальная такая пэрспэктыва, у якія тэрміны зьдзейсная і на якія канкрэтна крокі гатовая пайсьці дзяржава?

Балоньскі працэс — гэта працэс стварэньня да 2010 Адзінай эўрапейскай адукацыйнай прасторы. Зараз да Балоньскай сыстэмы далучаныя 46 краінаў пры ўдзеле шэрагу міжнародных арганізацыяў.

Вобразна кажучы, Балоньскі працэс узводзіць масты, па якіх можна проста трапіць з сыстэмы адукацыі адной краіны ў сыстэму адукацыі іншай.

Такімі «мастамі» зьяўляюцца:

  • Прыняцьце сыстэмы зразумелых і супастаўных ступеняў;
  • Прыняцьце двухузроўневай сыстэмы навучаньня;
  • Пераход на сыстэму крэдытаў (як ECTS);
  • Павышэньне мабільнасьці ў абмене студэнтамі, выкладчыкамі, дасьледчыкамі і кіраўніцтвам;
  • Спрыяньне эўрапейскаму супрацоўніцтву ў гарантаваньні якасьці адукацыі;
  • Прыўнясеньне абавязковых эўрапейскіх стандартаў у адукацыю.

І гэта толькі базавыя патрабаваньні.

Для Беларусі далучэньне да Балоньскага працэсу азначае ня толькі вонкавую карэкцыю адукацыйнага працэсу, але і зьмену ўнутранага зьместу курсаў. На сёньняшні дзень аб супастаўнасьці вывучаемага гутаркі быць ня можа. Таксама трэба мяняць і сыстэму адносінаў між ВНУ і студэнтам.

Ю.Міксюк таксама зрабіў акцэнт на нацыянальных інтарэсах Беларусі ў пытаньнях далучэньня да Працэсу, паведаміла БЕЛТА.

Як паведамілі Generation.by у Міністэрстве адукацыі, ніякіх канкрэтных рашэньняў пакуль не прымалася, а афіцыйная пазыцыя Міністэрства яшчэ не агучаная.

І што самае сумнае ў гісторыі Балоньскага працэсу ў нашай краіне — ня кожны студэнт ведае, што гэта ўвогуле такое.

­­
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0649 seconds.