У Вэнэсуэле страляюць па студэнцкіх дэманстрацыях

На гэтым тыдні ў розных гарадах Вэнэсуэлы па мірных дэманстрацыях студэнтаў адкрывалі агонь. У сераду невядомыя стралялі ў студэнтаў Каракаса, якія вярталіся з 80-тысячнай дэманстрацыі супраць зьмены Канстытуцыі. Мінімум чатыры чалавекі параненыя і адзін забіты.­

У сераду ў Каракасе невядомыя адкрылі агонь па мірных дэманстрантах. Каля 80 тысяч чалавек, пераважная большасьць якіх студэнты, узялі ўдзел у мірнай дэманстрацыі супраць Рэфэрэндуму 2 сьнежня, што прывядзе да істотных зьменаў Канстытуцыі і да яшчэ большага ўмацаваньня ўлады Ўга Чавэса.

Па вяртаньні з дэманстрацыі, студэнты трапілі пад кулі — невядомыя стралялі з будынку ўнівэрсытэта.

Па афіцыйных зьвестках, ад чатырох да васьмі чалавек параненыя. Афіцыйныя асобы прызналі, што адзін чалавек быў забіты, але пасьля кіраўніцтва ўнівэрсытэту, на тэрыторыі якога адбываліся падзеі, заявіла, што забітых няма.

Афіцыйныя асобы кажуць, што не вядома, хто страляў па студэнтах. Але прадстаўнікі апазыцыі спасылаюцца на папярэднія падобныя выпадкі і абвінавачваюць вайскоўцаў. Больш таго, па неафіцыйных зьвестках, пацярпелых значна больш.

У аўторак тысячы студэнтаў пад кіраўніцтвам накіраваліся да Вярхоўнага суду, каб атрымаць дазвол на правядзеньне дэманстрацыі ў сераду, а таксама склалі дакумэнт, які заклікае адкласьці Рэфэрэндум, прызначаны на 2 сьнежня.

У той жа дзень, 6 лістапада, у іншым вэнэсуэльскім горадзе Barquisimeto таксама праводзілася акцыя пратэсту, падчас якой удзельнікі патрапілі пад абстрэл. Сытуацыя аналягічная падзеям у Каракасе — нечакана зьявіліся ўзброеныя людзі на матацыклах і адкрылі агонь. У выніку былі параненыя пяцёра дэманстрантаў.

Падобная дэманстрацыя адбылася і ў панядзелак яшчэ ў адным з гародаў Вэнэсуэлы. Вынікам стала 50 чалавек параненых і 35 затрыманых.

У нядзелю Чавэс запэўніваў з тэлеэкранаў:

«Мы не дазволім гэтым разбэшчаным багаценькім дзеткам, што нарадзіліся ў залатой калысцы, акупаваць цэнтар Каракаса.»

А ў аўторак ля будынку Вярхоўнага суда моладзевы лідэр Фрэдзі Гевара растлумачыў пазыцыю студэнтаў:

«Студэнцкі рух ня мае злосных намераў. /…/ Мы разумеем, што мусім крочыць дэмакратычным шляхам — на кану будучыня краіны.»

Разам з другім лідэрам — Сталінам Ганзалесам — Гевара зрабіў націск на тым, што «студэнты не баяцца». Уся дэманстрацыя плянавалася пад брыфам «ніякага гвалту». Былі створаныя брыгады, якія мусілі сачыць за парадкам і прадухіляць правакацыі.

Натуральна, такой сустрэчы, што спаткала іх у сераду ў студэнцкім гарадку, дэманстранты не чакалі. Але нягледзячы на такія жорсткія захады, студэнты не зьбіраюцца здавацца і дазволіць зьмяненьне 69 з 350 артыкулаў Канстытуцыі.

Фота з ­AFP

­­­
SlaDa 12:50, 08/11/2007 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.088 seconds.