Чорна-памаранчавае сьвята Halloween

Раніца 31 кастрычніка – Менск выглядае звычайна, людзі сьпяшаюцца на працу, над горадам восеньскі шэры туман… А вось у якой эўрапейскай краіне, ня кажучы ўжо пра ЗША ці Канаду, пануе сапраўдная эўфарыя – чорна-памаранчавае сьвята Halloween. На працу і ў школу сьпяшаюцца дарослыя і маленькія вядзьмаркі, прывіды, лесуны і вампіры. З кожнага вакна ўсьміхаецца Jack-o'-lantern - традыцыйны хэлоўінскі гарбузік. Што гэты дзень значыць, і як заходні Хэлоўін ужываецца зь беларускімі Дзядамі?

­­­

Дык што такое Хэлоўін?

Чарговы маскарад і вялікая індустрыя па продажы строяў, гарбузоў і сьвечак або поўнае сэнсу і сымбаляў старажытнае сьвята?

Адначасова і тое і тое. Сваімі каранямі Дзень усіх сьвятых (як яшчэ называюць Хэлоўін) у старажытнай кельцкай культуры. Тады людзі верылі, што менавіта ў гэты дзень адбываюцца важныя зьмены як у прыродзе, так і ў замагільным сьвеце. Гэта быў своеасаблівы кельцкі Новы год. Тады паліліся вогнішчы і ладзіліся ахвярапрынашэньні.

Папа Баніфацый IV у VII стст вырашыў замяніць паганскае сьвята на хрысьціянскае. Так 13 траўня стала  Днём усіх сьвятых. Потым Папа Грыгорый ІІІ перанёс дату на 1 лістапада. Такім чынам, паганская і хрысьціянская традыцыі перамяшаліся.

І хаця сэнс у сьвята рэлігійны, атрыбутыка і сьвяткаваньне – паганскія.

Неад’емнымі элемэнтамі Хэлоўіна зьяўляюцца гарбузы, маскарадныя строі, адмысловыя пірагі і trick-or-treating.

Навошта апранацца ў вядзьмарак, прывідаў, лесуноў і вампіраў? Навошта чапляць на галаву гэтыя бязглуздыя капялюшы і рожкі? Выбельваць твар і ўстаўляць штучныя сківіцы?

Згодна павер’ям Halloween, у Ноч усіх сьвятых усялякая нечысьць выбіраецца вонкі і бродзіць сярод нас. Каб абараніць сябе, трэба зьмяшацца з замагільным натоўпам і не вылучацца.

Jack-o'-lantern – гэта гарбуз, у якім прарэзаны рот і зрэнкі. Унутр ставіцца сьвечка. Такога Джэка трэба ставіць на падваконьне, каб сапраўдны Джэк не завітаў у госьці.

Калісьці жыў такі Сквапны Джэк, які двойчы надурыў самога д’ябла. Спачатку ён запрасіў нячыстага выпіць па кілішку. Але Джэку не хацелася плаціць за напоі. Таму ён папрасіў д’ябла пераўтварыцца ў грошык. Што той і зрабіў. А Джэк узяў і схаваў яго ў кішэньку. Каб выбрацца, д’ябал паабяцаў год не турбаваць Джэка. Час мінуў і д’ябал зноўку завітаў да Джэка. Той папрасіў дастаць яго яблык з дрэва. Д’ябал палез, а Джэк выразаў на дрэве крыж. За дапамогу зьлезьці з дрэва Джэк папрасіў 10 год бестурботнага жыцьця.

Жыў Джэк без турботаў, але па сьмерці не захацелі яго прыняць ні ў рай, ні ў ад. Так і блукае душа Джэка па зямлі з агенчыкам у руках.

У Ірляндыі дагэтуль пякуць адмысловыя пірагі – barmbrack. Акрамя рызінак, злакаў і іншай смачнай драбязы, унутр кладуць бобку, грошык, галінку, анучку і пярсьцёнак. Калі дастанецца кавалак пірага з бобкам унутры – ня быць у гэтым годзе вясельлю. Галінка значыць, што шлюб будзе нешчасьлівым; грошык – багацьце і ўдача ў справах, а вось анучка, наадварот, - беднасьць. Пярсьцёнак, зразумела, да вясельля.

Традыцыйнай гульнёю на Хэлоўін зьяўляецца «дастаць яблык»: у ёмістасьць з вадою кідаюць яблыкі і грошыкі. Чалавек мусіць іх выцягваць зубамі. Натуральна, што грошыкі йдуць на дно,  яблыкі плаваюць на паверхні. Таксама ёсьць варыянт падвесіць яблык на стужку і адкусваць з завязанымі рукамі.

«Trick-or-treating», – гучаць дзіцячыя галаскі. Увечары малышы, апранутыя ў розных пачвараў, ходзяць ад дзьвярэй да дзьвярэй у пошуках прысмакаў. Яны сьпяваюць песенькі або пужаюць. І толькі паспрабуйце не даць ім ласункаў ў адказ на словы «trick-or-treating»!

Традыцыя або прыбытковая індустрыя?

У Ірляндыі на Хэлоўіна ставяцца больш традыцыйна, там гэта асэнсаванае сьвята з мноствам абрадаў.

Але сапраўдны размах Halloween набыў у ЗША. У Нью-Ёрку ладзіцца самы вялікі карнавал, які прываблівае ля 2 мільёнаў вампіраў, замагільных пачвараў, Фрэдаў Кругераў, муміяў і г.д. У крамах – сапраўдная ліхаманка. Але сёлета карнавал адменены з-за жудаснай стыхіі, што абрынулася на «вялікае яблыка» ўчора.

У плян мінімум на ноч з кастрычніка на лістапад – прагляд фільмаў жахаў. Відэапракаты працуюць з падвоенай інтэнсіўнасьцю.

Halloween на Беларусі

Пра існаваньне такога сьвята ў нас даведаліся адносна нядаўна. Але маштабных сьвяткаваньня няма. З аднаго боку, няма традыцыі, як у Ірляндыі, а зь іншага – індустрыі забаў, як у ЗША.

Раз-пораз увечары 31 кастрычніка можна сустрэць вядзьмарку пад руку з вампірам – ніхто і ня зьдзівіцца. Клюбы прапануюць Halloween-party. Нават у некаторых вокнах гараць вочы ў гарбузіках-джэках.

Колькі часу спатрэбіцца Хэлоўіну, каб стаць беларускім сьвятам, цяжка сказаць. Калі ў людзей ёсьць грошы і час, заўсёды знойдзецца спосаб, як іх весела патраціць.

Беларуская традыцыя - Восеньскія Дзяды 

І калі пра Halloween у нас пакуль кажуць як пра заходнюю забаву, Восеньскія Дзяды – наша спрадвечная традыцыя.

І хаця кожны (хочацца спадзявацца) ведае пра гэтае сьвята і лічыць яго сваім, сэнс і правілы сьвяткаваньня ясныя далёка ня ўсім.

На беларускіх землях спрадвеку моцна шанавалі продкаў: дні памяці ёсьць і вясною, і летам, і восеньню і зімою. Але асабліва істотнымі зьяўляюцца Восеньскія Дзяды і Вясновая Радуніца.

Увесну людзі ідуць на могілкі – у госьці да продкаў, а восеньню запрашаюць іх да сябе ў хату. Таму Дзяды – сьвята сямейнае, якое адзначаецца дома.

Рытуал Дзядоў, як лічаць адмыслоўцы, у найбольш архаічнай форме захаваўся толькі ў беларусаў.

У гэты дзень усе хатнія мыліся ў лазьні і пакідалі крыху вады і венік для дзядоў. Не шкадуючы прыпасаў, гатавалі вячэру. Продкаў трэба было пачаставаць, а потым і павесяліць, інакш яны нашлюць неўраджай і розныя няшчасьці. Перад тым як сесьці вячэраць, гаспадар тры разы абыходзіў са сьвечкай стол, адчынялі вокны і дзьверы і клікалі па імёнах продкаў.

Вячэры надаецца вялікая роля. Цэнтральныя стравы - куцьця, клёцкі, бліны, мяса, яечня. Паколькі трэба ўшанаваць продкаў аж да сёмага калена, то і страваў мусіць быць цотная колькасьць ня меней за сем, прычым накрываць трэба як для жывых, так і для памерлых. Таму талерак мусіць быць як мінімум 14.

Продкам таксама належыць права каштаваць усё першымі. Таму, наліваючы сабе які моцны напой, гаспадар мусіць спачатку пачаставаць продкаў. Вельмі істотна не выпіваць чарку да дна і ўвогуле – выпіваць ня шмат.

Гутарка за сталом мусіць йсьці пра дзядоў – ад самага далейшага і слаўнага і да нядаўна памерлых.

Дакладнай даты для Дзядоў няма. У сучаснай Беларусі праваслаўныя адзначаюць Дзімітраўскую памінальную суботу ў першую суботу перад 8 лістапада. Каталікі ўспамінаюць усіх памерлых вернікаў 2 лістапада. Пачынаючы з 30 кастрычніка 1988 году Дзяды набылі грамадзкую значнасьць — штогод адбываецца шэсьце на Курапаты ў памяць аб ахвярах камуністычнае улады.

Ці захаваецца традыцыя Дзядоў на Беларусі ў сваім першасным выглядзе, таксама пытаньне часу.

Але бесканфліктнае суіснаваньне гэтых сьвятаў у адной хаце магчыма, калі разумець сэнс кожнага зь іх.

­
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0644 seconds.