На Беларусі пройдзе фэстываль дзіцячага швэдзкага кіно

Сёлета сусьветна вядомай швэдзкай казачніцы Астрыд Ліндгрэн спаўняецца 100 год. З тае нагоды ў беларускіх гарадох пройдзе фэстываль дзіцячага швэдзкага кіно «Казачны сьвет Астрыд Ліндгрэн». Паказы адбудуцца ў Віцебску, Магілёве і Менску.

Астрыд Ліндгрэн – адна з самых вядомых у сьвеце і, безумоўна, самая знакамітая ў Швэцыі дзіцячая пісьменьніца. Яна натхніла многія пакаленьні юных чытачоў і назаўсёды зьмяніла швэдзкую дзіцячую літаратуру. Астрыд Ліндгрэн – не проста «казачніца», якая ўмела прыдумляць цікавыя гісторыі: яна разумела пачуцьці і патрэбы дзяцей лепш, чым псыхолягі таго часу, і валодала рэдкай здольнасьцю казаць пра складаныя філязофскія праблемы з пазыцый дзіцяці.

Сёлета Астрыд Ліндгрэн спаўняецца 100 год. Гэты юбілей адзначаецца сэмінарамі, выставамі, кінафэстывалямі ў розных кутках сьвету: у Бэрліне, Лёндане, Токіо, Пэкіне, Будапэшце. Беларусь не зьяўляецца выключэньнем, і ў многіх гарадах краіны таксама адбудуцца мерапрыемствы, прысьвечаныя юбілею папулярнай пісьменьніцы.

У рамках фэстывалю маленькія гледачы атрымаюць магчымасьць паглядзець тры дзіцячых фільма па матывам твораў Астрыд Ліндгрэн: «Крошка Нільс Карлсан», «Усе нашы дзеці зь Бюлербю» і «Браты Львінае Сэрца».

Паказы адбудуцца:

  • Віцебск (24-26 кастрычніка), Дом кіно (вул. Леніна, 40), к-р «Мір» (вул. Чэхава, 3) і к-р «Брыганціна» (вул. Будаўнікоў, 9)
  • Магілёў (31 кастрычніка - 6 лістапада), к-р «Радзіма» (вул. Ленінская, 47)
  • Менск (13 - 15 лістапада), к-р «Цэнтральны» (пр. Незалежнасьці, 13)

па інфармацыі Аддзяленьня Амбасады Швэцыі ў Менску

14:00, 15/10/2007 | Анонсы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1469 seconds.