Выпускнік БДТУ, які не паехаў па разьмеркаваньні: «У нас краіна прыгоннага права, бяз жартаў»

У 11-й клясе мэта нумар адзін — паступіць. Каму — на цікавую спэцыяльнасьць, каму — хоць куды. Мала хто задумваецца над будучай працай па прафэсіі. Можа, паасобку і плянуюць штосьці — будучыню, працу, прафэсію. А вось на пятым курсе бюджэтнікам ужо цяпер прыходзіцца сутыкацца з адным адказам адразу на тры пытаньні — з разьмеркаваньнем. У адваротным выпадку — плаці грошы. Як пазьбягаў разьмеркаваньня і выплаты грошаў дзяржаве выпускнік БДТУ Ягор Шумскі — у матэрыяле.

Ёсьць студэнты, для якіх разьмеркаваньне — за шчасьце. Бацькі вырашылі, куды паступіць, дзяржава — дзе працаваць. Больш таго, сёлета нават платнікам прапаноўвалі першыя працоўныя месцы.

А што рабіць тым, хто прагне самарэалізацыі, шляхі да якой не заўсёды супадаюць з акрэсьленымі ў загадзе аб накіраваньні на працу? Проста пайсьці сваім шляхам?

Раней такі нумар праходзіў. Пэўны час можна было скарыстацца магчымасьцю адлічыцца зь бюджэту на чацьвертым-пятым курсе і ўзнавіцца на платнае. Зараз так не атрымаецца — ты мусіш аплаціць дзяржаве затрачаныя на фармаваньне зь цябе спэцыяліста сродкі.

Сёлета 12 выпускнікоў не зьявіліся па разьмеркаваньні. Яны рызыкнулі — і атрымалі такую вось паперку.

Разьмеркаваньне ці грошы

За лічбамі заўсёды стаяць людзі. Таму Generation.by сустрэўся з выпускніком Беларускага дзяржаўнага тэхналягічнага ўнівэрсытэту Ягорам Шумскім, які і атрымаў гэтую паперу. 

Кажуць, ты быў гатовы да гэтага і нават зьбіраў грошы.

«Не, не чакаў. Было некалькі варыянтаў разгортваньня гэтай падзеі. А ў мяне адбыўся такі форс-мажор: прадпрыемства па сваёй ініцыятыве напісала ва ўнівэрсытэт, што я не зьявіўся па разьмеркаваньні. Выпускнікі бягучага году сутыкнуцца з такой сытуацыяй толькі ў 2008.»

І што, ты проста выплаціш гэтую суму?

«Не, я паступіў у магістратуру і, адпаведна заканадаўству, гэта вызваляе мяне ад выплаты "средств, затраченных на моё обучение“. Калі я ў магістратуры, то грошы плаціць ня мушу. Спадзяюся, што такі варыянт пройдзе. Калі б у нас была прававая дзяржава, я б не турбаваўся. Але чакаць можна чаго заўгодна.»

Ці варта ўвогуле вучыцца?

«Я задаволены, што гэтыя пяць год я быццам бы вучыўся. Палову часу я хадзіў на заняткі, а ў другой палове займаўся сваімі справамі, якімі я працягваю займацца і зараз. А калі б я адразу пасьля школы пайшоў на працу, у мяне зьявілася нейкая сям’я, дзеці, я б ужо ўсё, сьпёкся. 

А тут атрымліваецца крыху іншая сытуацыя: згодна Канстытуцыі, у нас бясплатная адукацыя, яна фінансуецца зь бюджэту, а ён, акрамя іншага, папаўняецца з падаткаў, якія плоцяць мае бацькі. Дваццаць год мае бацькі працавалі, аддавалі 9% сваіх заробкаў, каб я мог атрымаць адукацыю. А зараз мне кажуць: „Так, Шумскі, аплаці сваё навучаньне“. Атрымоўваецца, што я двойчы плачу за адукацыю.»

Дакладней, ці варта атрымоўваць дыплём?

«Гэта залежыць ад асяродку. Калі дзіцё з працоўнай сям’і, дзе ўсе знаёмыя і сябры таксама працоўныя, то з паступленьнем у ВНУ адразу зьмяняецца сфэра інтарэсаў, амбіцыі зьяўляюцца, сьветапогляд пашыраецца — гэта штуршок для будучыні. Іншая справа, калі ў цябе быў базіс да ўнівэра, мо тады і ня варта.»

А ці варта губляць час у магістратуры, можа прасьцей было папрацаваць гэтыя два гады, зарабіць чаго?

«Калі б я пайшоў працаваць па разьмеркаваньні, то за два гады я страціў бы значна болей, чым гэтыя 15 мільёнаў. Гэту суму мне палічылі з улікам стыпэндыяў. Я ня ведаю дакладна, колькі б я атрымоўваў на тым прадпрыемстве, дакладна ня ведаю. Але большасьць нашых выпускнікоў атрымоўваюць ля 400 тысяч. Насамрэч, 7 тысяч даляраў за два гады — гэта ня так ужо і шмат. Калі ты атрымоўваеш больш за 300 даляраў, ты ўжо выйграеш. Але пакуль я буду студэнтам магістратуры :), працаваць не змагу — буду на шыі ў бацькоў.»

«Калі б пайшоў па разьмеркаваньні — гэта рэальна быў бы нейкі прыгон. Мне патрэбна было б два гады паншчыну гэтую адпрацоўваць. Я лепш заплачу гэты аброк. Насамрэч, у нас краіна прыгоннага права, без жартаў.»

Такім чынам, наша пакаленьне мысьліць адрозна ад пакаленьня нашых бацькоў. Нам патрэбна адукацыя, а не дыплём. Усё больш і больш людзей рызыкуюць і кідаюць унівэр на апошнім курсе або адразу паступаюць на платнае. Літаральна некалькі год таму вучыцца за грошы значыла быць горшым за іншых. Цяпер за шчасьце паступіць хаця б на платнае. І хаця ўсё яшчэ корачка для многіх — неабходны атрыбут статусу, расьце колькасьць людзей, якія самі жадаюць вырашаць, дзе і як вучыцца і працаваць.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0583 seconds.