SMILE: дзень народзінаў у :-)

Літаральна некалькі гадзінаў таму споўнілася 25 год самай вядомай асобе інтэрнэту – смайліку. Чым не нагода ўсьміхнуцца і разаслаць любым і сябрам усьмешак паболей?

19 верасьня 1982 у 11.44 Скот Фальман, прафэсар псыхалёгіі ўнівэрсытэту Карнэгі Мэлон у Пітсбурге, даслаў калегам паведамленьне, у якім прапанаваў калегам выкарыстоўваць смайлік для выражэньня эмоцыяў у сеткавых камунікацыях.

Для жартаўлівых паведамленьняў Фальман прапанаваў :-), а для расчараваньня і самоты, адпаведна, :-(

Выглядала гэта так:

 

19-Sep-82 11:44    Scott E  Fahlman             :-)
From: Scott E Fahlman <Fahlman at Cmu-20c>

I propose that the following character sequence for joke markers:

:-)

Read it sideways. Actually, it is probably more economical to mark
things that are NOT jokes, given current trends. For this, use

:-(

 

Яшчэ Ўладзімір Набокаў прапаноўваў увесьці адмысловы знак пунктуацыі, каб пазначаць ім усьмешку. А першае графічнае выяўленьне ўсьмешкі ў выглядзе дзьвюх кропак і дугі намаляваў амэрыканскі мастак Харві Болл ажно ў 1963. Страхавая кампанія State Mutual Life Assurance замовіла ў яго рэклямны сымбаль – так і нарадзілася фірмовая ўсьмешка на жоўтым тле. Тады было выраблена больш за 10 тысяч значыкаў, якія раздаваліся служачым і кліентам кампаніі.

Гэта што тычыцца смайлікаў. А гісторыя выкарыстаньня графічных сымбаляў для пазначэньня эмоцыяў завядзе нас яшчэ далей - у 1857, калі ў азбуцы Морзэ вырашылі выкарыстоўваць лічбу 73 для «люблю, цалую». Атрымоўваецца, што ў красавіку гэтаму сымбалю ў такім значэньні споўнілася ажно 150 год! Пасьля, у 1908 (праз годзік будзем сотыя ўгодкі адзначаць:-)), у гэтых мэтах пачалі выкарыстоўваць 88. І хто толькі сказаў, што лічбы - нецікавыя і сухія?

Сёньня ў чатах і sms-паведамленьнях выкарыстоўваецца каля 30 графічных сымбаляў, якія выражаюць эмоцыі або замяняюць распаўсюджаныя фразы. Прычым карыстальнікі ўсё часьцей прапускаюць вочкі і носік, а эмоцыі перадаюць толькі з дапамогаю дужак, колькасьць якіх сьведчыць аб глыбіні радасьці або роспачы.

Прычым, існуе дзьве праблемы: смайлікі перабраліся з кампутараў на паперу, а гэта шмат каго раздражняе, а па-другое, варыянтаў замены словаў і эмоцыяў на сымбалі стала так шмат, што людзі не заўсёды разумеюць адзін аднаго:-)

Японцы пайшлі яшчэ далей і ўвялі kaoani (што перакладаецца зь японскай мовы як твары-эмоцыі). Пэўны час стракатыя істоты, якія рухаліся ў залежнасьці ад эмоцыі, былі вельмі папулярнымі, але ў хуткім часе надакучылі, бо моцна раздражнялі вока. 

Карацей, мы вас 73 :-)

SlaDa 15:10, 19/09/2007 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0629 seconds.