Адлічанага Зьмітра Жалезьнічэнку затрымалі і абвінавацілі ў згвалтаваньні

Сёньня каля 18-й гадзіны ў Гомелі затрымалі нядаўна выключанага з ВНУ студэнта – яго схапілі на вуліцы і павезьлі ў Чыгуначны РАУС. Пазьней Зьмітра перавезьлі ў Цэнтральнае аддзяленьне, дзе абвінавачваньне ў згвалтаваньні зьнялі, але абвінавацілі ў адміністратыўным правапарушэньні.

Адразу па затрыманьні Зьміцер патэлефанаваў сваім сябрам і распавёў, што яго вязуць у РАУС. Але, як паведаміў Generation.by сябар Зьмітра Дзяніс Федарэнка, у Чыгуначным РАУСе патлумачылі, што Зьмітра Жалезьнічэнкі ў іх няма.

Крыху пазьней сябры заўважылі, як Зьмітра вывезьлі на машыне з Чыгуначнага РАУСа.

А 20-й гадзіне Зьмітра зарэгістравалі ў Цэнтральным РАУС Гомеля і абвінавацілі ў адміністратыўным правапарушэньні.

Прыблізна а 22-й гадзіне сябры Зьмітра ўбачылі затрыманага праз вакно РАУС. У хлопца забіралі прыватныя рэчы. Як паведаміў Дзяніс Федарэнка, з жэстаў Зьмітра яны зрабілі выснову, што яго накіроўваюць у ізалятар часовага ўтрыманьня.

Зьміцер скарыстаўся правам на адзін тэлефонны званок і паведаміў свайму бацьку, што суд адбудзецца заўтра – 18 верасьня. Ноч хлопец правядзе ў ізалятары часовага ўтрыманьня. 

Сам Зьміцер Жалезьнічэнка, якога выключылі з 3-га курса ўнівэрсытэта, лічыць сваё адлічэньне незаконным і зьвярнуўся ў суд. Напярэдадні затрыманьня Зьміцер сустракаўся з рэктарам ГДУ сп. Рагачовым. Той у прыватнай размове прызнаўся былому студэнту, што калі вышэйшы гаспадарчы суд прызнае Зьмітра невінаватым, то сам папросіць прабачэньня. Але ў гэты ж час рэктар не пусьціў у кабінэт студэнтаў, знаёмых Зьмітра, якія прыйшлі папрасіць за сябра.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 4.6943 seconds.