Скончылася «піўное паляваньне» Майкла Джэксана
Для аматараў піва імя «Майкл Джэксан» зьвязана зусім не з музыкай. Гэта імя самага вядомага піўнога журналіста, які, на жаль, сышоў з жыцьця 30 жніўня. За сваю прагу піва ён атрымаў мянушку «Паляўнічы».
Сваё больш чым 30-гадовае «паляваньне» на піва ён працягваў нават калі захварэў на Паркінсана.
«Ён распавядаў неверагодныя гісторыя пра піва, бровары і далёкія мясьціны. Ён распавядаў пра піва праз людзей, і адначасова быў адукаваным і з пачуцьцём гумару», - кажа пра таго самага Майкла Джэксана Цім Хэмпсан, старшыня Брытанскай гільдыі піўных пісьменьнікаў.
Асабліва падабаліся Джэксану бэльгійскія гатункі піва. Ягоныя кнігі «Лепшае піва Бэльгіі» і «Сусьветны піўны гід» адкрылі бэльгійскае піва сусьветным рынкам, у тым ліку, дзякуючы гэтым публікацыям, пра бэльгійскае піва даведаліся ў ЗША.
Майк Джэксан адрозьніваў піва па араматах і гатунках, раіў, зь якімі прадуктамі і стравамі лепш яго ужываць і тым самым спрычыніўся да так званага «піўнога адраджэньня» - росту цікавасьці да піва па ўсім сьвеце.
Ягоны дакумэнтальны сэрыял «Паляваньне на піва» быў папулярным у 15 краінах.
Майкл Джэксан больш чым 30 год быў вядомейшым піўным крытыкам, пісаў у гастранамічныя газэты і часопісы, ладзіў сэмінары, чытаў лекцыі, удзельнічаў у амэрыканскіх ток-шоў, а ягоныя кнігі пра піва і віскі былі перакладзены на 18 моваў.
Ён ведаў, што ніколі не стане такім жа знакамітым, як вядомая ўсім нам рок-зорка, таму ягоны сайт вітае наведвальнікаў словамі:
«Прывітаньне! мяне клічуць Майкл Джэксан. Не, не, не той Майкл Джэксан, але зараз у мяне сусьветны тур. Тур пошуку выбітнага піва. Таму мяне і клічуць «паляўнічым на піва.»