У Менску пройдзе выстава «Славутыя асобы Беларусі»
На выставе будуць прадстаўленыя працы Зьмітра Шапавалава і Валянціна і Ляілі Варэцаў. Адкрыцьцё імпрэзы адбудзецца 5 верасьня ў 18.30 па адрэсе вул. Варвашэні 8 (пр-т Машэрава 8). Уваход вольны. Гэта першая выстава падобнага зьместу і пратрывае яна ўсяго 10 дзён.
На палотнішчах адлюстраваныя вядомыя гістарычныя постаці, такія як Ефрасіньня Полацкая, Барбара Радзівіл, Тадэвуш Касьцюшка, Мікола Гусоўскі і інш. На выставе будуць прадстаўлены 10 графічных прац і каля 30 літаграфій.
У імпрэзе прымуць удзел гісторыкі Ўладзімір Арлоў, Валянцін Голубеў, гурт Рокаш і іншыя.
Грунтоўная праца была выкананая мужам і жонкай Валянцінам і Ляіляй Варэцамі. Яна была задумана і створана на нацыянальным уздыме ў першыя гады адноўленай незалежнасьці. Мастакі і іх калегі правялі дасьледчую працу па выявах гістарычных дзеячаў Беларусі, для кожнай асобы быў выбраны найбольш верагодны зьнешні выгляд. Многія партрэты сьпісваліся з арыгінальных пажыцьцёвых выяваў выбітных людзей Беларусі. Фон літаграфіяў таксама адмыслова падабраны – у залежнасьці ад жыцьцёвага шляху, дзейнасьці асобы.
На многіх літаграфіях адлюстраваны выявы родавых і ўласных пячатак, гербаў гарадоў, зь якімі зьвязаны лёс герояў літаграфіяў. Паводле літаграфіяў былі складзеныя два альбомы рэпрадукцыяў – тэматычныя зборнікі «Гістарычныя асобы Беларусі» і «Культурныя дзеячы Беларусі». У кожным альбоме паказаныя па 20 асобаў, якія аказалі ўплыў на палітычнае ці культурнае разьвіцьцё Беларусі. На кожным аркушы і на вокладцы зьмешчана кароткая інфармацыя пра дзеячаў. На вокладцы таксама пададзена рэцэнзія Янкі Запрудніка на працу мастакоў.
На выставе можна будзе ня толькі паглядзець працы Валянціна і Ляілі Варэцаў, але і прыдбаць літаграфіі ці альбомы.