Даеш энэргію з масаў!

Кожны беларус занепакоены скарачэньнем паставак газы з Расеі і падвышэньнем экспартнай пошліны на нафту. І хаця першая навала часова мінавала, вісець на валаску ўжо дастала. Як выратаваць краіну, чаму ўлады не расплаціліся за энэрганосьбіты ў тэрмін і якую практычную карысьць можа прынесьці апазыцыя – адзін адказ на ўсе пытаньні.

Газпром даў чарговую адтэрміноўку - на тыдзень. Каб расплаціцца за газ, Прэзыдэнт зьбіраецца выкарыстаць грошы рэзэрвнага фонду. «Мы ня той народ, які павінны прыніжацца», - як тут не пагадзіцца з А.Г. Лукашэнка? А 460 мільёнаў даляраў - гэта ня жарты! Гэта - яшчэ 90 (!) такіх жа самых, як у Пружанах, лядовых палацаў.

Зараз увесь сьвет апантаны пошукамі альтэрнатыўных крыніцаў энэргіі. З чаго толькі не прапаноўваецца яе атрымоўваць: і з расьлінаў, і з бактэрый, і з розных праяўленьняў стыхіі.

Але найбольш пасуючай нам падаецца сыстэма, распрацаваная студэнтамі МІТ. Яна атрымала першае месца на сёлетнім конкурсе Holcim Foundation's Sustainable Construction, паведамляе habrahabr.ru.

Ідэя да геніяльнасьці простая: выкарыстоўваць натоўпы людзей. Людзі, якія топчуцца, прысутнічаюць паўсюдна, а ў асабліва вялікай колькасьці на вакзалах, стадыёнах, унівэрсытэтах... Так што пры адпаведнай перабудове падлог можна перарабіць той жа самы вакзал у магутны электрагенэратар.

Crowd Farm – так называецца гэты цуд – працуе пры дапамозе мноства тэктанічных блёкаў, якія мантуюцца ў плятформу і рухаюцца пад узьдзеяньнем вагі мінакоў. Блёкі знаходзяцца ўсутыч, а электрычнасьць генэруецца дзякуючы перасоўваньню ўнутраных стрыжняў адносна адзін аднаго.

Адзін чалавечы крок генэруе энэргіі, якой дастаткова для гарэньня 60-ватнай лямпачкі цягам сэкунды. На вакзале гэта проста гіганцкая магутнасьць. Так, для руху лякаматыву спатрэбіцца ўсяго 28 527 крокаў у сэкунду.

Хацелася б спадзявацца, што нашая краіна не расплацілася з пазыкамі таму, што даўна запрыкмеціла гэтую пэрспэктыўную ідэю. І дадатковы эскалятар на Купалаўскай-Кастрычніцкай, і закрыцьцё на перабудову Аўтавакзала, і будаўніцтва новых стадыёнаў магло б сьведчыць аб тым, што прычына менавіта ва ўкараненьні гэтай прагрэсіўнай сыстэмы.

Але хутчэй за ўсё энэргетыкі, эканамісты, архітэктары і проста харошыя людзі яшчэ ня ведаюць сыстэмы выкарыстаньня энэргіі натоўпу. Тады б акцыі, якія намагаецца зладзіць апазыцыя ня толькі б не разганяліся, але б і віталіся. Патэнцыял у Плошчаў Бангалор і Каліноўскага ня меншы за вакзал, а нагодаў сабрацца хапае. Тым больш, на тле энэргетычнай крызы маглі б сустракацца часьцей і звышурочна.

Фота - luvre.by.ru

SlaDa 19:50, 03/08/2007 | Артыкулы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0515 seconds.