Оксфардзкія супрацоўнікі шукаюць у Facebook кампрамат на сваіх студэнтаў

Адзін з самых прэстыжных брытанскіх унівэрсытэтаў Оксфард пачаў адсочваць сацыяльныя сеткі ў пошуку здымкаў або іншых доказаў дрэнных паводзінаў, якія падводзяць студэнтаў пад дысцыплінарную адказнасьць.

Студэнты моцна абураныя тым, што кіраўніцтва ўнівэрсытэта ня толькі праглядае сацыяльныя сеткі, але яшчэ і карае студэнтаў за тое, што знаходзіць.

У панядзелак Оксфардзкі студэнцкі прафсаюз афіцыйна заявіў, што ўнівэрсытэцкія наглядчыкі прачэсваюць сайты ў пошуках здымкаў з вечарын, што ладзяцца пасьля сэсіі. У заяве акрэсьленыя крокі, якія абароняць студэнцкія прафайлы ад праглядаў дэканатам, выкладчыкамі і іншымі людзьмі. Таксама нагадваецца не забывацца на гачык «Толькі для сяброў». Але ўсё роўна гэтыя крокі ня могуць гарантаваць стоадсоткавай абароны прыватнага жыцьця. Прафсаюз раіць тым студэнтам, зь якімі зьвяжуцца наглядчыкі, адразу паведамляць у арганізацыю.

«Мы спадзяемся, што ва ўсіх выпадках, акрамя незаконных або жорсткіх паводзінаў, асабістае жыцьцё сябраў арганізацыі будзе абаронена, а ўсе дысцыплінарныя захады на ўзроўні ўнівэрсытэту павінны быць справядлівымі і празрыстымі», - заявіў прадстаўнік прафсаюзу.

Напрыклад, за паліваньне адзін аднаго шампанем і абсыпаньне мукой можна атрымаць штраф! Тым студэнтам, хто добра адпачыў на вечарыне пасьля здачы іспытаў і зьмясьціў вясёлыя здымачкі ў Facebook, наглядчыкі ўжо разаслалі э-мэйлы.

Пры гэтым, тыя студэнты, якія ўжо скончылі навучаньне, могуць сутыкнуцца з ультыматумам – пакуль не заплацяць штрафы, не атрымаюць дыплём.

Зьвязацца зь кіраўніцтвам унівэрсытэта па камэнтары ў заходніх журналістаў пакуль не атрымалася.

Гэта яшчэ раз спраўджвае, як зьмешчаная інфармацыя можа нашкодзіць таму, хто яе зьмясьціў. Згодна дасьледаваньням, кожны пяты працадаўца правярае патэнцыйных кандыдатаў праз Facebook і іншыя сацыяльны сеткі.

Паводле TimesOnline

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0988 seconds.