Графітчыкі змагаліся ў палітэху

Яркім сонечным днём 27 красавіка, у самым цэнтры студэнцкага мястэчка БНТУ,  прайшоў конкурс "Графіці" сярод аматараў маляваць і крэатывіць. Гэта першае буйное мерапрыемства ў гісторыі БНТУ, якое арганізавалі самі студэнты.
 

Больш 100 чалавек прыйшлі паглядзець, як пакажа сябе тэхнічнае мысьленьне ўдзельнікаў у творчым конкурсе. У "бітве Графіці" удзельнічала 9 чалавек, кожны на сваёй імправізаванай "сьцяне" з гіпсакартону змагаўся за званьне "Лепшага з Лепшых". Сярод аматараў графіці ў Беларусі вельмі рэдка праводзяцца конкурсы, тым больш сярод студэнтаў. Працы студэнтаў БНТУ вельмі індывідуальныя і цікавыя, таму журы было складана вылучыць пераможцаў. Але ж неяк справіліся :).

Журы складалася зь незалежных і вельмі прыдзірлівых па-свойму экспэртаў: старэйшы выкладчык БНТУ Ірына Іванаўна Гуціч, арганізатар беларускай рэп асацыяцыі "Б.Р.А.Т.инфо" Яўген, прадстаўнік  кампаніі Red Bull Вікторыя Гайчук.

Задача ўдзельнікаў была простая: кожнаму даваўся пляншэт (ліст гіпсакартону 1,20 х 2,50), каляровыя крэйды, балёнчыкі для маляваньня і часавы ліміт у 45 хвілін.  Зарадзіўшыся энэргіяй і добрым настроем,  райтэры (так завуць сябе пачынальнікі ў "графіці") прыступілі да сваіх твораў.

Спачатку вялікай колькасьці гледачоў было сумнавата глядзець на пустыя пляншэты. Але брэйк-данс каманда Рэволт не дала нудзіцца і "разагрэла" студэнтаў, якія стаміліся пасьля параў.

Роўна праз 45 хвілін удзельнікі конкурсу былі гатовыя вынесьці на суд журы і гледачоў свае працы.

Журы і гледачы прайшлі да адзінага меркаваньня. Пераможцам стаў Яўген Мацюта, студэнт 2 курсу архітэктурнага факультэта.

Менавіта яго праца была вызначаная лепшай і заслужыла галоўны прыз конкурсу - DVD-прайгравальнік. Але самае галоўнае, што ўсе працы будуць выстаўленыя ў студэнцкім інтэрнаце для ўсеагульнага агляду як знак таго, што студэнты БНТУ ня толькі тэхнічна падкаваныя на лекцыях і сэмінарах, але й творча зараджаныя ў вольны ад вучобы час.

Была вылучаная яшчэ адна праца, за якую студэнт Вадзім Новікаў атрымаў USB Flash на 1 GB.

Графіці – гэта мастацтва, а ў мастацтве ў кожнага сваё творчае бачаньне. Таму кожны ўдзельнік быў адзначаны і ніхто не застаўся без увагі. Усе ўдзельнікі атрымалі DVD дыскі з экстрэмальнымі відамі спорту, а таксама квіткі ў кіно і абанэмэнтныя карты ў більярд.

VladimirM 13:20, 06/05/2007 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0647 seconds.