Каб жыцьцё ня было чорна-белым нэгатывам – шукаем пазытыў!

Кажуць, сьвет такі, якім мы яго ўспрымаем самі. 3-га траўня журналісты і аматары незалежнай інфармацыі сьвяткуюць Сусьветны дзень свабоды друку. І Беларусь таксама, хоць і ў сваіх спэцыфічных умовах.  «Што ж рабіць, калі сьвята губляе сэнс? Варта напоўніць яго новым!» – сьмела заяўляюць сябры Беларускай асацыяцыі журналістаў. І так, хапаем фотаздымач і рыхтуемся. 3 траўня ў 00:00 стартуе акцыя ФотаPositive!

Для ўдзелу ў акцыі патрэбна мець лічбавы фотаздымач, доступ да інтэрнэту і пазытыўнае мысьленьне ;). І ўсё гэта менавіта 3 траўня.

Што дакладна рабіць? Фотаздымкі – цікавыя, арыгінальныя, пазытыўныя. На працягу сутак патрэбна зрабіць 5 каляровых здымкаў, даслаць іх на адрас press@baj.by, пазначыўшы ў лісьце сваё імя, населены пункт і зваротны кантакт.

На кожным фотаздымку мусіць быць адлюстраваны час! У гэтым ёсьць адмысловая задумка, бо фота, сабраныя на працягу 24 гадзінаў з усёй Беларусі, дапамогуць сабраць паўнавартасныя «суткі» жыцьця краіны.

Пераможцамі стануць самыя яскравыя, інфарматыўныя і пазытыўныя здымкі, зробленыя на працягу адных сутак – 03.05.2007.

А фатографы-пераможцы атрымаюць шанец убачыць сваё фота на выставе ФотаPositive, якая будзе складацца зь лепшых фотаздымкаў, дасланых на акцыю. Выстава будзе працаваць у Дзень вынаходніцтва каляровага фота – 17 траўня 2007г. Таксама заснавальнікі акцыі абяцаюць пераможцам карысныя фота-бонусы.

Аўтар фота Зьміцер Язьвінскі

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1898 seconds.