Рэпэр Krou: «Я стоадсоткавы Беларус!»

«Ты маеш роўна столькі, колькі хочаш мець. А калі маеш замала, значыць замала хочаш.» Гэта жыцьцёвы дэвіз Krou. Ён стваральнік аднаго з першых беларускамоўных гіп-гоп праектаў «Чырвоным па белым». У размове зь ім высьветлілася нямала цікавых рэчаў. Адкуль узяўся Krou, што думае пра іншых – у інтэрвію карэспандэнту studenty.by.

Па законах гіп-гопу кожны рэпэр абірае сабе пэўную мянушку. Дык чаму ўсё ж такі Krou? 

Я б не сказаў, што гэта нейкі закон. Хутчэй традыцыя. Кроў – таму, што калісьці, калі я быў вельмі малады, мяне называлі крумкач. На ангельскай мове крумкач гэта crow, у вымове [krou]. Адначасова Кроў – гэта падкрэсьленьне таго, што ў маіх жылах цячэ беларуская кроў. Падкрэсьленьне маёй тоеснасьці. 

Krou, пра тваё паходжаньне ходзіць шмат чутак. Нібыта ты апалячаны беларус, ці зьбеларусаваны паляк. Ды хто ж ты насамрэч? 

Я стоадсоткавы Беларус. А дакладна Паляшук. У маіх жылах цячэ палова чорна-русінскай крыві й палова паўночна-паляшуцкай, з тэрыторыі так званага Літоўска-Верхняга Палесься. А чуткі пра мае нібыта апалячаньне распускаюць дзьве вядомыя слухачам беларускай музыкі асобы: зрусыфікаваны Эстонец і зьбеларусіфікаваны Габрэй (нацыянальнасьць з вялікай літары адмыслова). 

Справа ў тым, што ў нашай краіне цяжка ўтрымацца ад музыкі. Шмат хто пампуе музыку з Сеціва, шмат хто піраціць альбомы, не разумеючы, што такім чынам літаральна абкрадае сваіх любімых музыкаў. А нам жыць з чагосьці трэба. Таму займаюся таксама іншым бізнэсам. Большасьць свайго часу знаходжуся па-за межамі Беларусі. У прыватнасьці ў Польшчы. Але мабыць праз тое, што я не зь Менску і ў сталіцы бываю рэдка, людзям можа здавацца, што я жыву за мяжой. Я сам з невялічкай мясьціны на Палесьсі й вольны час я праводжу менавіта там, а ня ў Менску.

Ці можаш сябе аднесьці да студэнцтва? Дзе ўвогуле навучаўся?

Пакуль не магу. Я спыніў навучаньне. Раней вучыўся па спэцыяльнасьці «міжнародныя гаспадарчыя адносіны». Зараз хачу працягнуць навучаньне па спэцыяльнасьці «дыпляматыя – дыпляматычны пратакол». Мяне заўжды цягнула ў той бок. Нездарма мяне называюць Амбасадар Кроў :).

Як лічыш, ці змог бы стаць выкладчыкам і навучаць студэнтаў? 

А я ўжо зараз гэта раблю. Праз свае альбомы, трэкі, тэксты. Я ўмею зьвярнуць на сябе ўвагу, пераканаць у сваіх поглядах. А што яшчэ патрэбна, каб людзі цябе слухалі?!

У якіх абставінах ствараюцца твае тэксты?

У розных. Напэўна, прысутнічаюць тады эмоцыі. Калі я адчуваю, што хачу нешта сказаць людзям. Выказацца наконт чагосьці. І хачу, каб мае словы былі пачутыя. Я сядаю й пішу тэкст. Тэксты пішу нават у аўтобусе, цягніку. Часам прыходзяць да галавы цікавыя рыфмы. Іх я таксама запісваю. А пазьней усё складаю ў адно. Часам бывае так, што хачу нешта сказаць, апісаць нейкую сытуацыю, а рыфмы самі лезуць у галаву. Дык што, як бачыце, па-рознаму бывае.

Зараз ты працуеш з DJ Spox. Ці быў уласны досьвед напісаньня музыкі пад свае трэкі? 

Не. Ніколі не рабіў музыкі пад свае трэкі. Я не ўмею, таму лічу, што лепш аддаць гэту працу ў рукі прафэсіяналаў. Зараз мы працуем з DJ Spox’ам, адным зь лепшых кампазытараў, ды-джэяў і тарнтаблістаў Польшчы ў накірунку гіп-гоп. Spox – гэта сталы ўдзельнік ЧпБ, але часам для нас робяць біты іншыя бітмэйкеры. Для разнастайнасьці мы іх выкарыстоўваем у некалькіх трэках. Раней я супрацоўнічаў з Slavko, беларускім біт-мэйкерам, які зараз мае ўласны праект.

Што ў рэпе больш важнае: музыка ці тэксты? 

Канешне, тэксты. Гэта й ёсьць адно з самых галоўных адрозьненьняў рэпа ад іншых накірункаў. Музыка – гэта прыгожы фон. Тое, што дазваляе трэку «трапіць у вуха». Рэпэры не сьпяваюць, нават не «чытаюць», а менавіта «кажуць».

Ці падабаецца табе беларуская публіка?

Вельмі падабаецца. Беларуская публіка вельмі шчырая. Я выступаў у розных краінах, але больш за ўсё люблю на Беларусі. Дый, дзе ж яшчэ людзі будуць чытаць са мной тэксты слова ў слова?! :)

Твой выступ, які ўразіў больш за астатнія?

Кожны выступ іншы. Магу вылучыць некалькі выступаў. Першы, які адбыўся 1 траўня на Бангалёры. Я тады першы раз убачыў натоўп які, так як я далёка бачыў вусны людзей, чытаў са мной тэкст «Не Жадаю». Я проста не чакаў такой рэакцыі публікі. Гэта хіба найлепшая падзяка для выканаўцы, якую ён можа атрымаць. Вельмі прыемна.

 

Другі – гэта Басовішча-2006. На гэтым фэстывалі я ўрэшце змог паказаць, чаму я навучыўся за ўвесь гэты час пасьля таго, як мы выдалі ў інтэрнэце 2 першыя альбомы. Шыкоўная была рэакцыя публікі. На маю думку, мне атрымалася зрабіць цікавае шоў. Некаторыя замежныя журналісты, якія прысутнічалі на фэстывалі, пісалі, што выступ ЧпБ быў самым цікавым выступам Басовішча-2006. Гэта дадае нам упэўненасьці.

Трэці – фэстываль Беларускі Андэрграўнд 2 у Варшаве. Таму што тады мы першы раз выступалі новым, поўным складам: Krou, Realize, Zeman, Jaycop, DJ Spox

Ты ўжо знайшоў сваю манеру чыткі ці яшчэ ў творчым пошуку?

Стыль знайшоў, але так ці інакш ён з кожным годам папраўляецца, бо здабываеш новы досьвед. Але манеру – так, знайшоў. Наш новы альбом «Крывавы Сакавік», які выйдзе пад канец красавіка, будзе магчымасьцю паказаць вам тое, чыму я навучыўся за год пасьля выданьня «Вулічных Байцоў» (2005). Нагадаю толькі, што альбом мы пачалі пісаць у 2006 годзе, а я ўвогуле пачаў складаць першыя свае рыфмы пад канец 2004 году. Дык, што самі пачуеце, чаго можна дасягнуць за такі кароткі час. А тыя, хто слухаў нашы першыя гіт-сынглы з новага альбому ўжо пераканаліся. 

Krou, у адной са сваіх песень ты задаесься пытаньнем: «А чаму моладзь увогуле не цікавіцца паэзіяй?» А сам ты любіш чытаць? Любімы паэт, пісьменьнік. Які жанр літаратуры табе найбліжэйшы? 

Я вельмі шмат чытаю. Штодзённа перачытваю прэсу зь некалькіх краін, каб было аб’ектыўна, чытаю кнігі. Люблю навуковую й дакумэнтальную літаратуру. Мастацкай мала чытаю. Шкада часу. Перавагу аддаю тым кнігам, зь якіх я магу выцягнуць як мага больш інфармацыі, якая мне можа спатрэбіцца ў жыцьці. З паэтаў безумоўна славуты, беларускі – Адам Міцкевіч. Зь пісьменьнікаў цяжка камусьці аддаць перавагу. Але не магу не ўзгадаць Васіля Быкава.

Калі чакаць выхаду ў сьвет новага альбому «Крывавы Сакавік»? Што новага мы там пачуем? 

«Крывавы Сакавік» выходзіць пад канец красавіка. Новае будзе ўсё. Пачынаючы ад музыкі, тэкстаў, больш прадуманых, але ня менш жорсткіх, скончваючы тэхнікай чыткі.

Зараз у нас у гурце чатыры выканаўцы. А гэта чатыры розныя меркаваньні, погляды на справу. Як бы не было, але чатыры галавы гэта не адна :). Таму лічу, што альбом будзе вельмі цікавым для слухача. Варта адзначыць, што за ўвесь музычны бок альбома адказваў Spox. Асоба, якая стаіць на вышыні польскага гіп-гопу, да якога беларускаму яшчэ 5-7 год не хапае. А значыць гэта, што альбом будзе вельмі якасны, не па часе. Будзе шмат характарыстычных скрэтчаў, уставак і розных цікавых дабавак. 

Дзякуючы ўсяму гэтаму сьмела можна сказаць, што альбом будзе на эўрапейскім узроўні. Рэліз складаецца з 20-ці кампазыцыяў. Амаль усе трэкі новыя. Будзе майстэрскі рэмікс DJ Spox’a на «Не Жадаю». Будуць госьці з суседніх краінаў. Між іншым, вядомы беларусам Тартак з Украіны. На альбоме будзе вельмі разнастайная тэматыка, але далей гэта будуць тэмы пра тое, што нам набалела, пра тое, што ляжыць у нас на душы. Будзе пра ўладу, будзе пра апазыцыю, будзе пра некалькі канкрэтных асобаў, будзе пра нас самых, будзе пра навакольле, будзе пра музычны беларускі бізнэс. Магу толькі запэўніць, што кожны, хто набудзе альбом, напэўна, вельмі ўважліва паслухае кожны трэк. 

Дзе запісваўся гэты альбом? Хто дапамагаў? 

Альбом запісваўся ў Варшаве, у Польшчы. У студыі ToSieWytnie Records, нашага лэйбла Ambasada Music Group. Запіс рэжысіраваў Spox. Ён жа й зводзіў альбом. Майстэрынг зрабіў гукарэжысэр Smoku, у As One Studio. Ён за сваю кар'еру зрабіў шмат майстэрынгаў, альбомаў польскіх гіп-гоп зорак. 

Шляхі да ўздыму гіп-гоп шоў-бізу ў Беларусі? 

Пакуль выканаўцы ня змогуць нармальна зарабляць на сваёй музыцы, каб мець камфорт і ўмовы для нармальнай працы, гіп-гоп ніколі ня ўздымецца й ніколі ня будзе якасны. Будуць зьяўляцца новыя кепскія рэпэры, без досьведу. І таксама хутка, як прыйшлі, адыходзіць. Таму слухачы павінны зразумець, як важна, каб яны набывалі арыгінальныя альбомы, а не пірацілі, сьцягваючы іх з Сеціва або капіюючы ад знаёмага.

У тваіх песьнях даволі жорсткія тэксты. А па жыцьці ты мяккі чалавек? 

Усе свае эмоцыі я пераказваю ў музыцы, таму ў жыцьці іх ня шмат. Я спакойны, прыязны й добразычлівы. Цёпла стаўлюся да людзей. Хіба, што мяне вельмі раззлуюць, тады можа быць кепска. Вельмі не раю гэтага рабіць.

 

Перадусім я адкрыты да людзей. Заўсёды да мяне можна падыйсьці, паразмаўляць. Людзі, якія размаўляюць са мной па ICQ ці на маім форуме гэта пацьвердзяць. Зараз яны да мяне ставяцца, як да свайго добрага знаёмага. Я нічым не адрозьніваюся ад іншых. Ніколі не задзіраю нос. На канцэртах я ў натоўпе, разам зь імі, у жыцьці я таксама сярод іх. Таму й людзі мяне паважаюць і ўспрымаюць як аднаго са сваіх.

Ты любіш спорт? Ці можа ў цябе ёсьць любімая спартовая каманда?

Калі быў малы, паспрабаваў хіба ўсе віды спорту :). Што я толькі не рабіў. Футбол, вялікі, малы тэніс, валейбол, баскетбол, плаваньне... Ня буду ўсё пералічваць. Актыўна займаўся толькі самба, а пазьней бразыльскім jiu-jitsu. Спрабаваў традыцыйнае фэхтаваньне. Але не было шмат часу, каб сур'ёзна гэтым заняцца. Зараз плаваньне, ровар і, часам, альпінізм. Любімых камандаў няма. 

Наколькі я ведаю, ты аматар піва. А як табе беларускае?

Ня ведаю, адкуль у цябе гэтая інфа, але піва я ня вельмі люблю. Часам для смаку, раз на тыдзень цёмнае піва. Залежыць ад настрою. Беларускае мне не падабаецца. Будзем шчырымі – гэта гаўнянае піва. Той ячмень, зь якога ў нас робяць піва, мае ў нас першы гатунак. Такі ж самы ячмень за мяжой мае чацьверты гатунак. Так што самі разумееце, наколькі нашае піва горшае.

Я затое вялікі аматар віна. Віно п'ю часта й ім цікаўлюся. Разьбіраюся больш у белых вінах. Люблю віно паўночна-афрыканскае, чылійскае, зь нямецкіх – рэйнскае, гішпанскае, малдаўскае, грузінскае. Вельмі не люблю францускае. А з упэўненасьцю магу сказаць, што найлепшае, гэта добрагатункавае крымскае віно. Але п’ю я вельмі няшмат.

 

Знакаміты рэпэр 50 cent аднойчы ў сваім райдэры ўказаў, каб у кожным пакоі яго нумара стаялі вёдры з «эмэндэмсамі», а ў грымёрцы збудавалі баскетбольную пляцоўку. Якія твае мінімальныя патрабаваньні да арганізатараў канцэрту? 

Нуууу.... Для мяне «полу-бакс» ніякі не знакаміты. Гэта рэпэр, які прэзэнтуе новую эру ў гіп-гопе, эру пустой камэрцыі. За яго словамі няма нічога вартаснага. Але адначасова ён, адлюстроўвае нас. Гэта мы, слухачы з усяго сьвету зрабілі яго папулярным. Гэта паказчык, што ў душы мы ўсе зрабіліся вельмі пустымі. «Вы маеце такіх выканаўцаў, якіх заслугоўваеце» – я думаю, што гэты выраз актуальны ня толькі ў дачыненьні да прэзыдэнтаў, а ў дачыненьні да літаральна ўсяго.

Трохі адыйшоў ад пытаньня. Музыка павінен мець такі райдэр, які яму патрэбны для добрага выступу й самаадчуваньня. 

Krou, вось ты пішаш песьні, выступаеш. А якую музыку слухаеш сам?

Вельмі розную. Канешне, перавагу аддаю свайму музычнаму стылю, але акрамя рэпу слухаю, пэўна, ўсё. Ня вельмі люблю толькі тэхна й цяжкі мэтал. Вельмі люблю фольк. Гэта хіба адна з самых прыгожых плыняў у музыцы. 

Чым з гіп-гоп'у, акрамя рэпу, яшчэ захапляесься? 

Амаль што ўсімі элемэнтамі. Вельмі падабаецца графіці. Люблю аглядаць выступы прафэсійных b-boy’яў. Люблю назіраць за спаборніцтвамі DJ’аў. Калі б мне прыйшлося абіраць самы любімы элемэнт, акрамя рэпу, абраў бы DJing.

Людзям, якія не зьвязаныя з нашай культурай, можа падавацца, што Ды-Джэй - гэта чалавек які звычайна зьмяняе музыку. Апошнім часам у нас з Пітам была спрэчка на гэтую тэму (усьміхаецца). Усім раю паглядзець фільм «Scratch» і тады вы зразумееце, што Ды-Джэі – гэта Музыкі, зь вялікай «М». Дарэчы, культура гіп-гоп пачалася менавіта з DJ’аў. На пачатку былі яны, а толькі пазьней мы. 

Які твой дэвіз па жыцьці? 

Доўгі час адзін і нязьменны: «Ты маеш роўна столькі, колькі хочаш мець. А калі маеш замала, значыць замала хочаш.» 

Фота Юра Сідун

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0723 seconds.