Міжнародны гуманітарны інстытут зьліквідаваны

Рэктар Белдзяржунівэрсытэту Васіль Стражаў падпісаў загад аб ліквідацыі Міжнароднага гуманітарнага інстытуту пры БДУ. Габрэйскія арганізацыі расцэньваюць ліквідацыю адзінай навучальнай установы, у якой на катэдры юдаікі рыхтавалі спэцыялістаў у галіне габрэйскай культуры, дыскрымінацыяй паводле нацыянальнай прыкметы.

Загад рэктара БДУ Васіля Стражава аб ліквідацыі інстытуту зьявіўся пасьля такога ж загаду Міністэрства адукацыі. Ніякіх тлумачэньняў з боку Міністэрства адукацыі ці рэктарата БДУ аб прычынах ліквідацыі інстытуту няма.

Міжнародны гуманітарны інстытут быў заснаваны пяць гадоў таму і існаваў за кошт спонсараў, якія зацікаўленыя ў аднаўленьні ў Беларусі габрэйскай адукацыі. За грошы спонсараў адрамантавалі будынак інстытуту, набылі новае абсталяваньне і кампутарную тэхніку. Апроч таго, замежнікі абяцалі 30 мільёнаў даляраў на будаўніцтва новых корпусаў інстытуту і інтэрнатаў. Загад новага міністра адукацыі Аляксандра Радзькова аб ліквідацыі інстытуту напачатку навучальнага году зрабіўся нечаканасьцю для кіраўніцтва БДУ. Пры былым рэктары Аляксандры Казуліне на вучонай радзе была створаная камісія, якой даручылі весьці перамовы зь міністэрствам. Дасягнулі толькі дамоўленасьці аб тым, што катэдра юдаікі застанецца, але на адным з факультэтаў БДУ.

Габрэйскія арганізацыі абураюцца рашэньнем уладаў і зьвяртаюцца да беларускай грамадзкасьці і ў міжнародныя структуры. Вось меркаваньні намесьніка старшыні Саюзу габрэйскіх арганізацыяў і суполак Якава Басіна:

(Басін: ) “Матыў можа быць толькі адзін — нейкае суб’ектыўнае меркаваньне высокай асобы ў дзяржаўнай герархіі. Паколькі няма ніякіх тлумачэньняў, то мы можам толькі разважаць аб тым, што гэта, па-першае, можа быць спробай ліквідаваць габрэйскае навучаньне ў рэспубліцы. Па-другое, па чутках, у БДУ плянуюць стварыць тэалягічны факультэт. Магчыма, “зачышчаюць” прастору дзеля таго, каб дамінавала праваслаўная адукацыя і не выкладаліся дысцыпліны іншых канфэсіяў. Але гэта толькі здагадкі, бо няма тлумачэньняў.

На жаль, у Беларусі няма дакумэнту, згодна зь якім ажыцьцяўляецца палітыка дзяржавы ў дачыненьні да нацыянальных меншасьцяў. У краіне, дзе разьмеркавальная сыстэма нацыянальнага даходу — і не выдаткоўваць ніводнай капейкі на захаваньне і падтрымку нацыянальных культураў, я лічу, што гэта злачынства. А калі гэта робіцца за кошт народаў, якія падтрымліваюць свае дыяспары, скасоўваць чужыя структуры, у якія ўкладваюцца чужыя грошы, то гэта — падвойнае злачынства”.

Летась мусіў адбыцца першы выпуск інстытуту. Рэктарат распарадзіўся, каб выпускнікам выдалі дыплёмы аб заканчэньні факультэту міжнародных дачыненьняў БДУ. Студэнты цяпер на вакацыях і пакуль ніяк не адрэагавалі на гэтую навіну.

У Беларусі з 1938 году няма ніводнай габрэйскай школы і ніводнай сярэдняй спэцыяльнай установы, дзе б выкладаліся дысцыпліны ў галіне габрэйскай культуры. Закрыцьцё інстытуту, дзе рыхтавалі навукоўцаў, спэцыялістаў-перакладчыкаў і кадры для працы ў сынагогах, на думку прадстаўнікоў габрэйскіх арганізацыяў, ёсьць моцным ударам па ўсёй габрэйскай адукацыі ў Беларусі.

//Радыё Свабода

01:00, 07/02/2004 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.2015 seconds.