Як захаваць ананімнасьць у Сеціве

Савет Міністраў Беларусі выдаў пастанову аб парадку працы кампутаровых клюбаў. Паводле яе клюбы мусяць захоўваць падрабязную статыстыку ўсіх старонак, на якія хадзілі іх наведвальнікі. Частка прадстаўнікоў інтэрнэт-клюбаў ужо выказалася, што гэта не зьяўляецца эфэктыўным. Але ж на самой справе такі кантроль вядзецца сыстэмнымі адміністратарамі звычайна паўсюль: у інтэрнэт-кавярнях, ва унівэрсытэтах ды офісах.

Насамрэч, застацца ананімным і абыйсьці забарону на наведваньне пэўных сайтаў можна карыстаючыся звычайнай флэшкай і адмысловым бясплатным браўзэрам Torpark.  

Што такое Torpark  

Torpark уяўляе сабой крыху мадыфікаваную вэрсію бясплатнага браўзэра Firefox, якая перасылае пакеты праз сетку ананімнай перадачы дадзеных Tor. Прынцып дзеяньня гэтай сеткі зводзіцца да наступнага: замест таго каб праходзіць наўпрост ад адпраўніка да атрымальніка, пакеты дадзеных у сетцы Tor перасылаюцца па выпадковых маршрутах праз некалькі сэрвэраў.

Сэрвэры выкарыстоўваюць зашыфраваныя злучэньні і хаваюць усе сьляды перасыланьня інфармацыі такім чынам, што ні ў адной кропцы немагчыма вызначыць, адкуль або куды накіроўваюцца дадзеныя. Пры гэтым самі сэрвэры, якія удзельнічаюць у ланцужку па перасыланьні інфармацыі, ведаюць толькі тое, ад якога вузла яны атрымалі дадзеныя і на які вузел іх перадаюць. Іншымі словамі, поўны маршрут сэрвэрам Tor невядомы. Адзін і той жа ланцужок выкарыстоўваецца для злучэньня на працягу прыкладна хвіліны, пасьля чаго выбіраецца новы маршрут. 

Torpark абараняе вас адначасова з двух бакоў. Правайдэр альбо інтэрнэт-кавярня ня могуць вызначыць, якія сайты наведваў іх карыстальнік, а адміністратары сайтаў ня могуць вызначыць сапраўдны IP-адрас, а гэта значыць і фізычнае месцазнаходжаньне карыстальніка.

Такім чынам, праца ў інтэрнэце праз браўзэр Torpark істотна памяншае верагоднасьць перахопу канфідэнцыйнай інфармацыі і дае магчымасьць заставацца ананімным. Праўда, пры гэтым троху зьніжаецца хуткасьць. Але звычайна патрэба ў выкарыстаньні Tor узьнікае ў такіх месцах, дзе хуткасьць добрая, таму невялікае яе зьніжэньне застанецца амаль незаўважным. Да таго ж распрацоўнікі прадугледзелі і звычайны рэжым працы, у якім пакеты дадзеных перасылаюцца ў незашыфраваным выглядзе. Пераключацца паміж рэжымамі вельмі проста.

Заархіваваны браўзэр Torpark займае каля 9,3 Мб, загрузіць яго можна з гэтай старонкі. Браўзэр можна усталяваць наўпрост на флэшку і працаваць ананімна ў інтэрнэце з любога кампутара. Распакаваны Torpark зойме на вашай флэшцы крыху болей за 20 МБ.

Дарэчы, звычайныя карыстальнікі Firefox таксама могуць наладзіць браўзэр для працы з сеткай Tor. Для гэтага трэба скачаць асноўны пакет Tor, інсталяваць яго і паставіць адмысловы дадатак да Firefox.

P.S. Дзякуючы Tor, я пачаў пісаць гэты артыкул у Вашынгтоне, а апублікаваў яго з Берліна ;)

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0664 seconds.