Таццяна ХОМА: «Лiчу прынцыпова важным рана цi позна атрымаць беларускi дыплом»

У свой час гiсторыя адлiчэння Таццяны Хома з Беларускага дзяржаўнага эканамiчнага унiверсiтэта шакiравала, бадай што, усю краiну. Беларусы, звыклыя да нечаканых, супярэчлiвых i проста бязглуздых рашэнняў, якiя час ад часу прымаюцца на розных узроўнях улады, не адразу паверылi ў тое, што адбылося ў БДЭУ. Студэнтку 4-га курса Таццяну Хома, у залiкоўцы якой стаялi цалкам выдатныя адзнакi, адлiчылi з унiверсiтэта толькi за тое, што яна чатыры днi не прысутнiчала на занятках — знаходзiлася ў Францыi па справах буйнейшай еўрапейскай студэнцкай арганiзацыi ЭСIБ.

Браць удзел у пасяджэннях ЭСIБ — вялiкi гонар для студэнта любой еўрапейскай цывiлiзаванай краiны. Як, дарэчы, i для навучальнай установы, якую ён прадстаўляе. Але, як высветлiлася, не ў сучаснай Беларусi. Рэктар БДЭУ Уладзiмiр Шымаў, якi падпiсваў загад аб адлiчэннi Таццяны Хома, так патлумачыў сваё рашэнне: “За самавольны выезд за мяжу”.

Тое, што адлiчэнне Таццяны Хома напярэдаднi прэзiдэнцкiх выбараў у Беларусi мела палiтычны падтэкст, было вiдавочна. Гэта быў прамы пасыл тым студэнтам, якiя не падзялялi поглядаў беларускiх улад. Падзеi 19 сакавiка i ўся тая кампанiя па адлiчэннi студэнтаў, якая адбывалася ў краiне пасля выбараў, таму пацвярджэнне.

Таццяна Хома спрабавала аднавiцца ва унiверсiтэце, куды, дарэчы, паступала два разы i дзе, як яна расказвала, вельмi хацела вучыцца. Але нi Мiнiстэрства адукацыi, нi суд не захацелi разабрацца ў гэтай дзiкай сiтуацыi. Студэнтка-выдатнiца была вымушана паехаць вучыцца за мяжу...

Дзе зараз Таццяна Хома? Як склаўся яе лёс?

— Пачынаючы з кастрычнiка 2006-га я жыву i вучуся ў Аўстрыi, у Вене, — расказала Таццяна. — Вось толькi 1 студзеня скончыўся мой мандат у ЭСIБ — еўрапейскай студэнцкай арганiзацыi, куды я была абраная перад самым адлiчэннем i дзе я працавала апошнi год. З кастрычнiка пачала навучацца ў Венскiм унiверсiтэце на факультэце “Бiзнес-адмiнiстраванне”. Якраз зараз, у студзенi, мяне чакаюць iспыты.

— Таццяна, цi давялося сустрэцца i пагаварыць сам-насам з рэктарам, якi падпiсваў загад аб Вашым адлiчэннi, з кiм-небудзь з кiраўнiцтва Эканамiчнага унiверсiтэта, цi маеце зносiны з былымi аднагрупнiкамi?

— З кiраўнiцтвам унiверсiтэта мела стасункi толькi праз адвакатаў, з якiмi сустракалася падчас двух судоў, што адбылiся напрыканцы вясны i ўлетку мiнулага года. З аднагрупнiкамi падтрымлiваю кантакт, але ж, натуральна, збольшага з самымi блiзкiмi унiверсiтэцкiмi сябрамi. Часта атрымоўваю таксама прывiтаннi ад выкладчыкаў. Прыемна ведаць, што людзi цябе памятаюць.

— А як наконт таго, каб усё ж такi аднавiцца ва унiверсiтэце? У свой час дарадца рэктара Шымава спадар Куняўскi заяўляў, што ў Вас ёсць такое права ў 2007 годзе. Вы спрабавалi праз суд дабiцца справядлiвасцi?..

— Такая магчымасць сапраўды iснуе тэарэтычна. Важна дадаць, што аднавiцца пасля адлiчэння я магу толькi на платную форму навучання. Таму я i хацела аднавiцца праз суд, бо гэта дазволiла б мне iзноў навучацца на бюджэтнай аснове.

Але ж юрыдычна такое рашэнне цалкам залежыць толькi ад рэктара Шымава. Я заўсёды разумела, што выкарыстаць гэтую магчымасць я здолею толькi пры змене рэктара ў БДЭУ, бо фактычна ў самiм унiверсiтэце толькi ён быў катэгарычна за маё адлiчэнне. Менавiта змены рэктара я i чакаю. Падчас аднаго з пасяджэнняў першага суда юрыст ад унiверсiтэта заявiў, што рэктарат здымае гэтую “прапанову” аднавiцца, бо сваiмi дзеяннямi я значна пашкодзiла iмiдж унiверсiтэта i некаторых яго супрацоўнiкаў.

— Калiсьцi Вы сказалi, што нiколi не пакiнеце Беларусь, што будзеце жыць i працаваць на Радзiме. Цi не змянiлiся погляды пасля падзей, якiя давялося перажыць?

— Не змянiлiся. Нягледзячы на тое, што я зараз атрымлiваю адукацыю за мяжой, я лiчу прынцыпова важным рана цi позна атрымаць беларускi дыплом. Я так шмат для гэтага ўжо зрабiла...

Жыць i працаваць на радзiме — не значыць нiколi не пакiдаць яе межаў. Я, наадварот, лiчу, што людзi, асаблiва моладзь, мусяць шмат вандраваць, знаёмiцца з iншымi краiнамi, культурамi i ладам пабудовы грамадства. Камусьцi прыйдзецца рана цi позна выводзiць Беларусь з той iзаляцыi, у якой яна апынулася зараз. I я хачу гэтым займацца. Але рабiць гэта даволi цяжка, не маючы замежнага досведу, не ведаючы таго, што адбываецца там — за мяжой.

Мне было няпроста рашыцца на тое, каб усё ж такi з'ехаць ад сям'i i сяброў дзеля адукацыi, але ж, нягледзячы на ўсе складанасцi апошнiх месяцаў, я пераканана, што прыняла правiльнае рашэнне.

Гэты перыяд майго жыцця я разглядаю не як вымушаную эмiграцыю з-за таго, што я не магу атрымаць адукацыю на Беларусi, а проста як навучанне за мяжой, якое, безумоўна, цiкавае i прыносiць мне шмат ведаў i досведу, якi мне спатрэбiцца для працы на Беларусi ў будучынi.

Я думаю, што гэты час за мяжой i адукацыя, якую я атрымлiваю, варты таго. Гэта своеасаблiвыя iнвестыцыi ў будучыню. Не толькi маю прыватную, але i Беларусi.

— А як Вашы бацькi ставяцца да таго, што Вы вымушаны вучыцца за мяжой? Калiсьцi Вы расказвалi, як яны перажывалi, калi Вас адлiчылi з БДЭУ...

— Як i для любых бацькоў, iм важна, каб я жыла ў бяспецы i вучылася. Яны задаволены тым, што пасля года перажыванняў i хваляванняў праблема з навучаннем, у прынцыпе, вырашана.

— Таццяна, каб вучыцца за мяжой, патрэбны фiнансавыя сродкi. Як вырашылi гэтае пытанне?

— Мая праца ў ЭСIБ, якая займала большую частку майго часу ў мiнулым годзе, зараз скончылася. Наступны год я збiраюся засяродзiцца на вучобе, каб атрымаць ступень бакалаўра. Кампанiя, якая аплачвае маю стыпендыю, таксама прапанавала прайсцi ў iх практыку паралельна з навучаннем. Гэта мiжнародная страхавая кампанiя, якая зараз толькi пачала выходзiць на ўсходнееўрапейскi рынак. Для мяне вельмi цiкава атрымаць досвед працы не ў НДА, дзе я працавала дагэтуль, а ў мiжнароднай кампанii.

Я таксама планую працягваць супрацоўнiцтва з iнфармацыйным студэнцкiм парталам у Iнтэрнеце, для якога пiшу артыкулы i навiны пра замежных студэнтаў, а таксама дапамагаю ў падрыхтоўцы англамоўнай версii сайта.

У мяне няма дакладнага плана таго, што я буду рабiць праз паўтара-два гады. Можа, гэта прагучыць занадта пафасна, але дакладна я ведаю толькi тое, што незалежна ад таго, у якой сферы я буду працаваць (эканамiчнай, палiтычнай, журналiстыцы, навукова-даследчай цi якой iншай), мая праца будзе звязана з Беларуссю. 

© Народная Воля

18:24, 12/01/2007 | Артыкулы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0677 seconds.