Студэнты супраць палітыкаў - Аўстрыйскі варыянт

Пра наступствы ўвядзеньня платы за адукацыю ў Аўстрыі і спробы студэнтаў зьмяніць сытуацыю шляхам пікетаў насупраць офісу партыі-пераможцы на апошніх парлямэнцкіх выбарах. Артыкул Тацяны Хомы зь месца падзеяў.

Студэнты пікетуюць насупраць офісу партыі-пераможцы

Верасень 2006-га запомніцца большасьці аўстрыйцаў і, як у нас кажуць, "гасьцям краіны" напружанай кампаніяй перад выбарамі ў парлямэнт. Па вуліцах хадзіць было цікава – зь вялізных бігбордаў мінакам усьміхаліся першыя нумары ад сьпісаў разнастайных партыяў, у мэтро ў прамацыйных роліках тыя ж твары распавядалі пра свае каштоўнасьці і партыйныя пляны на будучыню, па тэлебачаньні паказвалі дэбаты паміж прадстаўнікамі спаборнічаючых партыяў, у газэтах пасьля пісалі аналіз таго, якія аргумэнты былі выкарыстаныя падчас дэбатаў. Адным словам дэмакратыя ва ўсёй красе. Выбарчая кампанія нават паўплывала на маркетынгавыя стратэгіі некаторых кампаніяў, якія таксама сталі рабіць свае рэклямныя бігборды пад стыль „партыйных“ - Mr. Маленькія кошты і Mr. Вялікія перавагі ў супэрмаркетах ХХХ.

Пасьля выбараў мяне ўразіла, як заўзята студэнты, што працуюць у мясцовым студэнцкім нацыянальным зьвязе, назіраюць за онлайн трансляцыяй першых пасьлявыбарных паседжаньняў парлямэнту. Уразіла прыемна, бо гэта было сьведчаньне таго, што людзі рабілі свой выбар сьвядома пры галасаваньні і зараз ім цікава, што будуць рабіць „наноўабраныя“.

Прайшло некалькі месяцаў пасьля выбараў, а партыі ўсё яшчэ перамаўляюцца аб утварэньні кааліцыі, каб сфармаваць урад. І ў гэтых перамовах партыі часам паддаюцца на кампрамісы, адмаўляючыся ад сваіх перадвыбарчых лёзунгаў, з-за якіх ўласна людзі за іх і галасавалі. Аўстрыйскія студэнты ня проста так сачылі за паседжаньнямі парлямэнту. Адчуўшы, што некаторыя абяцаньні былі забытыя, яны вырашылі дзейнічаць.

Студэнты пікетуюць насупраць офісу партыі-пераможцы 

З пачатку мінулага тыдню ÖH – нацыянальны студэнцкі зьвяз у Аўстрыі праводзіць пастаянны пікет насупраць будынку штаб-кватэры сацыял-дэмакратычнай партыі Аўстрыі (SPÖ). Пратэст быў распачаты 11-га сьнежня з мэтай аказаць грамадзкі ўціск на тых, хто зараз вядзе перамовы аб утварэньні будучага ўраду Аўстрыі і нагадаць ім пра адну з галоўных тэмаў іх перадвыбарчай кампаніі напачатку гэтага году: адмена платы за адукацыю.

Перад парлямэнцкімі выбарамі ў кастрычніку гэтага году сацыял-дэмакратычная партыя не адзін раз рабіла заявы, што адменіць плату за адукацыю, як толькі прыйдзеь ізноў да улады. Зараз, калі SPÖ перамаглі на выбарах і на дадзены момант вядзе перамовы з Аўстрыйскай народнай партыяй (ÖVP), на жаль, перакананасьць партыі аб выкананьні сваіх абяцаньняў, якое яны далі 200 000 аўстрыйскіх студэнтаў, ужо не такая моцная. Болей таго ўжо прагучалі прапановы знайсьці „кампраміс“.

ÖH змагаецца супраць платы за адукацыю ад пачатку іх увядзеньня, бо плата за адукацыю стварыла значныя перашкоды да атрыманьня вышэйшай адукацыі вялікай колькасьці насельніцтва.

Адмена бясплатнай адукацыі ў Аўстрыі

Плата за адукацыю ў Аўстрыі была ўведзеная ў 2000-ым годзе, у хуткім часе пасьля таго, як да ўлады прыйшла кааліцыя паміж правымі Народнай партыяй і Партыяй свабоды. Пачынаючы з 2001 аўстрыйскія ўнівэрсытэты і часткова палітэхнікі (вышэйшыя навучальныя установы прыкладнога характару) сталі браць плату за навучаньне. Плата складае EUR 363,36 за сэмэстар для грамадзянаў Эўразьвязу і Эўрапейскай эканамічнай прасторы; студэнты з трэціх краінаў мусяць плаціць EUR 726,72. Ад платы вызваляюцца грамадзяне найбяднейшых краінаў сьвету.

Студэнты, што паходзяць з сем’яў з малым агульным даходам, маюць магчымасьць атрымаць падтрымку ў аплаце адукацыі і таксама атрымоўваць дадатковыя субсыдыі. Тым ня менш, апісаную вышэй сыстэму часта крытыкуюць як нягнуткую, абмежаваную і бюракратычную. Студэнты вымушаныя браць пазыкі ў банку, каб аплаціць адукацыю і пачаць навучаньне, і чакаюць месяцамі, каб атрымаць выплаты ад дзяржавы. Да таго ж такія абмежаваньні, як мяжа даходу, зьяўляюцца даволі суворымі, каб забясьпечыць належнае фінансаваньне студэнтаў. З 1999 году памер субсыдыяў не быў адаптаваны да сёньняшніх коштаў з улікам памеру інфляцыі (склала ля 15% за гэты пэрыяд). 

Увядзеньне платы за адукацыю прывяло да падзеньня колькасьці студэнтаў на 20% адразу ж пасьля яе ўвядзеньня. Колькасьць студэнтаў зараз ізноў стала расьці, але вельмі павольнымі тэмпамі. Колькасьць студэнтаў 242.598, якія паступілі на навучаньне ў 2000-ым годзе дагэтуль не дасягнутая. 80% аўстрыйскіх студэнтаў вымушаныя працаваць, каб фінансаваць сваю адукацыю, фінансавая запазычанасьць сярод студэнтаў расьце.

Нацыянальная студэнцкая арганізацыя бачыць за ўсім гэтым тэндэнцыю падштурхоўваньня студэнтаў да рысы бядноты, таму спрабуе ўсімі магчымымі спосабамі нагадаць "абраным кіраўнікам" пра інтарэсы асаблівай групы грамадзянаў, што іх абіралі – студэнты. 

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.2047 seconds.