“За нашу і вашу Ніву!”: 100 год разам

Можна шчыра сказаць, што мінулае стагодзьдзе стала стагодзьдзем “Нашай Нівы”. Таму і сьвяткаваньне ўгодак прайшло 23 лістапада вельмі па-беларуску і з нацыянальным калярытам. Сьціпла, але гасьцінна. У амаль партызанскіх умовах, затое зь песьнямі і жартамі ды ня без сур’ёзных разважаньняў. “Нібы на кухні сабраліся”, – зазначыў Лявон Вольскі. Падрабязьней пра сьвяткаваньне 100-годзьдзя старэйшай газэты Беларусі – у матэрыяле Дашы Слабчанка і Касі Сарокінай.

“Сёньня ў нашай хаце сьвята – калі ласка, у нашу хату!”

Як не намагалася нашаніўцы пазьбегнуць канфліктаў з уладамі хаця б падчас сьвяткаваньня свайго юбілею, але не атрымалася: з боку апошніх замест віншаваньняў – адмова ў прыдатнай залі, вартай старэйшай газэты краіны. Таму ўрачыстая цырымонія праходзіла ня так урачыста, як хацелася б ды плянавалася, затое сярод сяброў і ў гасьціннай хаце: Беларускі Народны Фронт запрасіў НН да сябе на Ўправу. Прычым “гаспадар” сядзібы сп. Вячорка рэзонна зазначыў:

“Гэта мейсца, дзе заўсёды гасьцюе газэта. Ды і гаспадаруе таксама: менавіта сюды прыходзяць людзі, каб разжыцца сьвежым нумарам “Нашай Нівы”

На жаль, “беларускі дом” ня меў магчымасьці за раз зьмясьціць усіх жадаючых павіншаваць любімае выданьне, таму арганізатарам і запрошаным гасьцям давялося папрацаваць у дзьве “зьмены” – але ж гэта той выпадак, калі праца – у радасьць. Ці маглі ўявіць сабе першы рэдактар адноўленай “Нашай Нівы” Сяргей Дубавец і ягоныя паплечнікі ў далёкім 91-ым, што сваё 100-годдзе НН адзначыць у такіх партызанскіх умовах, не маючы магчымасьці нармалёва выдавацца і распаўсюжвацца і цягаючыся па бясконцых судох? Узьнікае спрэчнае пачуцьцё: ці то плакаць, што дажыўшы да стагадовага ўзросту, “Наша Ніва” вымушана па-юначы таўкчыся “на хаце” (зусім ня ў крыўду сядзібе), ці радавацца, што ўсё ж дажылі і “хата” ёсьць… Ну і Бог зь імі, з гэтымі белымі лімузінамі й чырвонымі дарожкамі! Мы былі разам, і разам з намі былі тыя, каго не было – вось што самае галоўнае.

Галоўны нашанівец: “Усе ў інтэрнэт!”

Андрэй Дынько – малады і сымпатычны галоўны рэдактар газэты – зьяўляўся то павіншаваць газэту і яе сяброў, то паразважаць пра яе выключную ролю ў гісторыі ды ў падтрымцы нашай самасьвядомасьці (“Нават калі адзін чалавек супрацьціўляецца, то нічога не страшана і ўсё будзе!”), то выказаць падзякі, то ўзгадаць сваіх папярэднікаў... Пару разоў уздымаўся, каб запрасіць дзяўчат і хлапцоў прысесьці на сцэне, каб “даць магчымасьць дыхаць тым, хто ззаду стаіць”. Парадаваўся Андрэй і з нагоды таго, што

“беларуская мова пайшла ў інтэрнэт”“Спадарства! Набывайце кампутары, усталёўвайце мадэмы – у сэтцы столькі беларускай мовы, Вы і не ўяўляецце сабе. Часам аж занадта :)”. 

Ніколі, як зазначыў сп. Дынько, кола чытачоў НН не расло гэтак імкліва, як са зьяўленнем сайту газэты. “Во так!” – эмацыйна рэагаваў на кожную фразу рэдактара бадзёры дзядок у трэцім шэрагу. 

Слова мелі самы малады супрацоўнік НН – Зьміцер Панкавец –  і самы сталы яе аўтар Валяньцін Тарас. Ад БАЖу быў шыкоўны букет – Аляксандар Старыкевіч пажартаваў:

“Калісьці Папу Рымскаму пажадалі дажыць да ста год. На што той адказаў: “Ня будзем абмяжоўваць міласьць Гасподню”. 

“Край, ты мой край! Дай веры, дай! І мы пераможам...”

Андрэй Дынько, бясспрэчна, уладальнік добрага пачуцьця гумору, адзначыў:

“Мяне слухаюць і чакаюць, калі ўжо Лявон Вольскі скончыць усю гэтую гаварыльню”.

Як заўсёды, стыльны і вынаходлівы, Лявон Вольскі распачаў з жартаў:

“Прыхварэў я. Хацеў было адмовіцца ад удзелу, але пабаяўся, што “наедуць”: “Як у Бэрлін ехаць, дык ты ня хворы!” Ды і ёсьць небясьпека, што перастануць друкаваць (Лявон – аўтар НН) А яшчэ, агледзеўшы залю, пажартаваў: “Трэ было вечарыну ў рэстарацыі ладзіць. І ўваход платны зрабіць”.  

А напрыканцы яго выступ пераўтварыўся ў кранальнае яднаньне прысутных, сьпяваючых, хто як здольны “Не загаснуць зоркі ў небе...” на словы Янкі Купалы. Паскардзіўшыся на дрэннае надвор’е і з тае прычыны – на праблемы з голасам, Вольскі, аднак, моцна выводзіў “Край ты мой, край”, а потым мэлядычнае ”Павешаным 1863”. Пасьля, ня гледзячы на ўсе заклікі Лявона быць аптымістамі, мы ўсе яшчэ раз з сумам задумаліся аб розніцы паміж Менскам і Мінскам

Арлоў: “Зычу, каб у нас заўсёды была наша краіна – Беларусь, а ў ёй свая газэта – “Наша Ніва”!”

Уладзімір Арлоў таксама зьявіўся ня без сюрпрызаў – у строі і пры гальштуку ў бел-чырвона-белую палоску.

“Упэўнены, - зазначыў гісторык, - ніхто, нават з самых старэйшых прысутных, ніколі ня бачыў мяне ў гарнітуры. Тым больш – пры гальштуку. У цырульню я ўжо проста пабаяўся ісьці – не пазнаюць. Адчуваю сябе ва ўсім гэтым, як мядзьведзь”.

Ну а што да нас – вельмі нават спадабалася. Пісьменьнік павіншаваў усіх прысутных са стагодзьдзем Нашай Нівы, і загадзя – зь Днём Волі. Для спадара Арлова

“тая “Наша Ніва” была магутным  агменьнем свабоды, стварала новую беларускую літаратуру,  будзіла гістарычную памяць;  адроджаная ў 90-я гг., НН працягвае справу і гэта тая газэта, якой не хапала ўсё пражытае дагэтуль жыцьцё”.

Распавёў сп. Арлоў і пра свайго дзеда – багатага селяніна, што да рэвалюцыі, па словах бабулі, выпісваў “нейкую газэту”:

“Вельмі б хацелся верыць, што “Нашу Ніву. У самаго дзеда запытацца ня мог – яго якраз рассталялі ў 30-ыя”

Потым спадар Арлоў прачытаў урыўкі са сваёй кнігі “Сланы Ганібала”, тыя, што пэрыядычна зьяўляліся на старонках НН. Вашай увазе наступная замалёўка:

”Расейскі пісьменьнік Аляксандр Купрын адбіў тэлеграму цару “Долой самодержавие!”. І неўзабаве атрымаў адказ: “Выпил – закуси. Подпись: Николай III”.

Няцяжка спраектаваць гэту сытуацыю на нашую сучаснасьць... 

У якасьці падарунка, сп. Уладзімер прынёс сваю “Краіну Беларусь” за подпісам:

“Зычу, каб у нас заўсёды была наша краіна – Беларусь, а ў ёй свая газэта – “Наша Ніва”!” 

Цягам дзьвюх вечарын на сцэне НН віншавалі Зьміцер Бартосік з “шалікам белым з чырвонаю стужкаю”, яшчэ ўчорашні палітычны вязень Сяргей Скрабец з расповедам пра галадоўку сп. Казуліна і воклічам “Жыве Беларусь!” ды іншым харошыя людзі. 

Напрыканцы вечарыны Андрэй Дынько абвесьціў аб сваім намеры сысьці з пасады галоўнага рэдактара і запрасіць на сваё мейсца Андрэя Скурко, свайго намесьніка. Для ўсіх, як і для самога Скурко, гэта стала самай вялікай неспадзяванкай вечара. З самой НН Дынько ні ў якім разе не сыходзіць, а становіцца галоўным рэдактарам сайту газэты.

Жыве Наша Ніва!

Каманда Studenty.by віншуе “Нашу Ніву” і зычыць, каб і новае стагодзьдзе стала эпохай Нашай Нівы, але зь іншым кантэкстам. Каб тое стала чарговым “залатым векам”, і было ня часам змаганьня і супрацьстаяньня, а часам росквіту беларускай культуры. Каб у кожнай хаце ляжаў сьвежанькі нумар НН, а nn.by адкрываўся хатняй старонкай на кампутарах у школах, унівэрсытэтах, працоўных офісах і інтэрнэт-кавярнях. “За нашу і вашу Ніву!” 
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0609 seconds.