Першы дзень у Беларускім Калегіюме

Журналісты і кампутароўцы, аматары Караткевіча, футбольнага таталізатару, мэталу ці клясычнай музыкі – людзі, якія не баяцца выказваць уласную думку, нават калі яна пра сэксуальнасьць нямецкай мовы – усё гэта сёлетні набор навучэнцаў Беларускага Калегіюма. Уражаньні ад першага дня навучаньня – у матэрыяле Касі Сарокінай.

На прыступках  

Серада – чацьвертага кастрычніка – сталася для мяне і яшчэ дзвух тузінаў будучых журналістаў першым днём навучаньня ў Беларускім Калегіюме. Проста сказаць, што я вельмі хацела туды патрапіць – значыць цынічна прамаўчаць: жаданьне было моцным і непахісным, а вось часу заўсёды бракавала. 

Хвілінаў за дзесяць да пачатку мы з Дашай (сяброўкай :)) ужо сядзелі ў своеасаблівай, але даволі ўтульнай аўдыторыі і зацікаўлена аглядалі кожнага, хто далучаўся да нашай кампаніі.

Алесь Анціпенка 

У раскладзе заняткаў наша сустрэча была пазначана, як арганізацыйная, а “арганізатарам” выступіў спадар Алесь Анціпенка, кандыдат філязофскіх навук, аўтар шэрагу публікацыяў у Беларусі і за яе межамі, сапраўдны прафэсіянал у сваёй справе. Чалавек, зь якім і ў мэтро побач прысесьці ганарова –  а што ўжо казаць пра цудоўную мажлівасьць стаць яго вучнямі! 

Зразумела, напачатку сп. Алесь прапанаваў усім пазнаёміцца паміж сабой. Прычым зрабіць гэта не зусім традыцыйна – калі кожны распавядае сам пра сябе. Што сярод усяго астатняга мусіць умець добры журналіст? Рабіць інтэрвію! Усе студэнты падзяліліся на пары і пачалі адзін аднаго апытваць. Нам з Дашай, безумоўна, пашанцавала, бо – ў адрозьненьні ад іншых студэнтаў – мы адна адну добра ведаем.

Знаёмства аднакурсьнікаў

Гул падчас інтэрвію стаяў зусім прафэсійны, што й ня дзіўна, бо, як пазьней апынулася, шмат хто з прысутных меў непасрэднае дачыненьне да журналістыкі – было некалькі студэнтаў і выпускнікоў журфаку БДУ, некалькі практыкуючых карэспандэнтаў і нават адзін пачынаючы пісьменьнік. І ўжо дакладна кожны другі з прысутных піша па начох вершы, як кажуць, “у доўгую шуфляду”.

Сярод тых, хто яшчэ навучаецца – студэнты самых розных спэцыяльнасьцяў: будучыя юрысты, лінгвісты, рэдактары, культуролягі, філёзафы. Ёсць нават студэнты эканамічнага ўнівэрсытэту і БДУІР. Прычым, некаторыя прызнаваліся, што расчараваліся ў сваіх спэцыяльнасьцях, таму і вырашылі прыйсьці ў БК – навучацца таму, да чаго ўвесь час цягнуліся.

Народ сабраўся, на дзіва, разнастайы, але вельмі цікавы. І гэта якраз нядзіўна: кім, як не дзіваком мусіць быць добры журналіст? Захапленьні – самыя розныя: пачынаючы ад клясычнай музыкі, сярэднявечча і Караткевіча да футбольнага таталізатара, мотагонкаў і мэталу.

Навучэнцы Беларускага Калегіюма збору 2006 году

Увогуле, было шмат яскравых мэтафараў і шчырых прызнаньняў. Так, Даша зазначыла, што лёгка ўжываецца ў любой кампаніі. Але вось “выжыць” яе адтуль бывае даволі цяжка :).

Хлопец Ільля распавёў сваёй суразмоўцы, як аднойчы яму пашанцавала з-за нязграбнасьці Ранальдзіньё, што няздолеў забіць чарговы гол, разбагацець на восемдзесят тысячаў.

Дзяўчына Аня прызналася, што сустрэла свайго “прынца на белым кані”, зь якім скача па жыцьці ў згодзе ды радасьці вось ужо чатыры гады.

Уладзь, выпусінік журфаку БДУ і дзеючы журналіст, зазначыў, што лічыць строй – галоўнай сваёй зброяй падчас працы:

Былі выпадкі, калі я нават адчуваў пэўную перавагу ў гэтым пляне над сваім суразмоўцам, і гэта мне здорава дапамагала”.

Яшчэ Уладзь ня згодны зь меркаваньнем, што для дасягненьня мэты падыходзяць ўсе сродкі. Ягоны суразмоўца Вадзім паскардзіўся, што Уладзь сваімі пытаньнямі наўпрост “атакаваў” яго. Але Вадзім не разгубіўся – ён таксама “моцны арэшак” – піша апавяданьні, ведае, што такое глямур і нават бачыў, як той выглядае: Вадзім удзельнік тыдня Высокай Моды...

Сьвежасьпечаныя навучэнцы выказвалі цікавыя і сьмелыя меркаваньні: адна дзяўчына – Саша – лічыць творчасьць Сартра жыцьцесьцьвярджальнай, а другая – Іра – назвала нямецкую мову надзвычай сэксуальнай. Адным словам, усё як мусіць быць – у адметнай і арыгінальнай установе і павіны навучацца цікавыя і неардынарныя асобы.

А наперадзе – тры гады навучаньня: тэорыя і практыка, аналітыка і кіно, творчасьць і шмат-шмат цікавых знаёмстваў. Усім посьпехаў і натхненьня!

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0693 seconds.