Наведнікі супраць! Рэвалюцыя на "Тузіне Гітоў"

Наведнікі супраць экспэртаў”. Пад такім дэвізам слушны музычны партал ТУЗІН ГІТОЎ падводзіць вынікі сэзону 2006. Для высьвятленьня лепшых песьняў арганізаваны вялікі ВЫНІКОВЫ ТУР, у якім бяруць удзел практычна ўсе кампазыцыі, што ўдзельнічалі ў гіт-парадзе цягам музычнага году. Але ж ёсьць рэвалюцыйная цікавостка, запрапанавая рэдакцыяй “Тузіна” ў новых правілах інтэрнэт-рэфэрэндума.

Палягае яна ў тым, што наведнікі мусяць гэтым разам галасаваць не ЗА свае ўлюбёныя песьні, а СУПРАЦЬ тых, якія ім найменш падабаюцца зь ліку тых, што ўжо абрала экспэртная рада “Тузіна Гітоў”.

Як і летась, у экспэртную раду “Тузіна” ўвайшлі найбольш уплывовыя музычныя журналісты Беларусі – Алег Клімаў, Тацяна Заміроўская, Зьміцер Падбярэзскі, Зьміцер Безкаравайны, а таксама прадстаўнік “Тузіна Гітоў” Wiecier Mechaniczny і “Першага музычнага” тв-канала Каця Пытлева.

Сёлетняе наваўвядзеньне ўжо стала нагодай да нечаканых вынікаў. Адным з першых гуртоў, які набраў найбольшую колькасьць "негатыўных" галасоў стаў гурт N.R.M з песьняй "Усё роўна мы пераможам". Цікава, што менавіта гэтая кампазыцыя стала бясспрэчным лідэрам "Тузіна Гітоў" (5 “першых месцаў” цягам апошніх тураў). Але нягледзячы на гэтыя першыя нечаканасьці, наведнікі зь вялікай цікаўнасьцю рэагуюць на магчымасьць галасаваць у “гіт-парадзе наадварот”. А па ўмовах ВЫНІКОВАГА ТУРА зараз штодня здымаюцца з дыстацыі чарта песьні, што набіраюць найбольшую колькасьць галасоў, аж пакуль не застануцца толькі 12 самых-самых. 

Аўтар сёлетняй канцэпцыі выніковага туру Wiecier Mechaniczny зазначае, што

такі варыянт, калі людзі галасуюць не ЗА свае любімыя песьні, а СУПРАЦЬ неўпадабаных, павінен унесьці пэўную разынку ў галасаваньне, дадаць адмысловай жвавасьці й відовішчнасьці. Але, прынамсі, вынікі пакуль падаюцца абсалютна непрадказальнымі. Разам з тым, хачу падкрэсьліць, што дэвіз нашага музычны партала застаецца нязьменным – “Папулярызацыя беларускамоўнай музыкі ва ўсіх яе фарматах”. А тое, што некаторыя вядомыя каманды “выскакнулі” ўжо ў першыя дні, аслабаняе дарогу маладым і малавядомым прэм’ерам і адкрыцьцям. Недарэмна мы плянуем назваць сваю новую справаздачную CD-складанку па выніках гэтага сэзону “ПРЭМ’ЕР ТУЗІН 2006”. Таму заклікаю ўсіх аматараў музыкі неабмінуць увагай гэткі цікавы й нават рэвалюцыйны гіт-парад ТУЗІН ГІТОЎ .

17:28, 13/07/2006 | Цікавосткі |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0707 seconds.