Трыб'ют псыха-фольку - НАГУАЛЬ сьвяткуе 5 год!
Калі чалавек бачыць слова tribute (прысьвячэньне), ён зь цікавасьцю адгукаецца на яго: чые песьні і хто будзе перарабляць? Як гэта будзе гучаць, можа быць нават лепей за арыгінал? У музычным сьвеце ўжо занялі свае пачэсныя мейсцы трыб’юты гуртам «Depechе Mode», «Doors», «Radiohead» і шматлікім іншым. У Беларусі афіцыйна выйшла ня менш за 5 трыб’ютаў. А яшчэ болей іх прайшло ў выглядзе вялікіх і стракатых па складзе канцэртаў. Чым жа трыб’ют гурта зь 5-гадовым стажам «Нагуаль» можа прывабіць увагу крытыкаў і самае галоўнае - гледачоў?
Нечаканасьць і арыгінальнасьць гэтае падзеі ў тым, што песьні “Нагуалю” выконваюцца на прыдуманай «фанатропнай» мове. Вось тыповыя прыклады: «кокі-токі каванана токі», «найну, найну ка», «джабо кя»... Апроч гэтага, у «Нагуалі» асаблівым чынам канцэнтруецца ўся сусьветная этна-культура, якая прапускаецца праз уласныя перажываньні й вышукі. Кожны выступ фольк-фармацыі Лявона Паўлёнка – гэта сюрпрыз і для гледачоў, і для саміх музыкаў: адна й тая ж кампазыцыя паўстае ў новым уражлівым выкананьні са зьменай інструмэнтаў, слоў і рухаў цела.
Такім чынам, творчасьць гурта стварае неабсяжную арэну для экспэрымэнтаваньня. Паспрабаваць акунуцца ў адчынены сьвет “балотных пітэкантрапаў”, адшукаць сябе ў ім і прадэманстраваць уласнае бачаньне іх самабытных песень – небывалы й шмат у чым парадаксальны вопыт для беларускіх, а таксама расейскіх этна-, рок-, шансон- і джаз-гуртоў.
Прадставіць сябе ў самым нязвыклым выглядзе ўжо гатовыя Зьміцер Вайцюшкевіч, «Altanka», Сяргей Пукст, «Князь Мышкін», «Recha», «Срэбнае вясельле», «Гурзуф», «Лаяльны мураш», «Хайле Тумс», Ёдар-бэнд, «Вірус ліха» ды інш. Напраканцы віноўнік сьвята – «Нагуаль» – выканае свае галоўныя хіты ў даволі новым гучаньні і самыя сьвежыя песьні, якія мала хто чуў. Сьвята гарантавана! Праект атрымаў назву «БАЛОТНЫЯ ПІТЭКАНТРАПЫ МІЁРСКАГА АКВАПАРКУ».
- 26 лютага, 19:00
- Квіткі ў распаўсюджвальнікаў: 11 тыс. руб.
- Замова квіткоў і даведкі праз тэл.: 8-029-278-32-16