«НагУаль» анексаваў гурт «Маланка Аркестра» ды выпускае новы альбом з песнямі і на чалавечых мовах

Нагуаль

Эзатэрычны шансон, казачны хіп-хоп, псіхадэлічны фолк – гэта гурт «НагУаль», які ўвесь час перажывае трансфармацыю сваёй формы. Неўзабаве каманда выпускае ў беларускую музычную прастору новы міні-альбом «Маладзік удалы». Гэта будзе трэцяя вялікая праца ў перыяд 9 год ад выхаду альбому «У Земли под Юбкой». З гэтай нагоды лідэр гурта Леанід Паўлёнак і новы вакаліст Ягор Квартальны распавялі Generation.by пра свае поспехі.

Леанід Паўлёнак пра інтрыгу і доўгі шлях да новай плыткі

«Да гэтага альбому мы ішлі доўга-доўга. Гады чатыры таму пачалі. Рабілі папярэднія запісы. У нас быў такі перыяд, калі мы гралі песні зусім медытатыўна і амаль акустычна. Пры дапамозе цымбалаў, кантрабасу, я на ўсялякай перкусіі і кучы рознага экзатычнага інструменту яшчэ. Вось і хацелі запісаць гэтую праграму.

Паехалі ў вёску ў 2009 годзе – запісалі. Але нам падалося, што выйшла крыху сухавата і мутнавата. Паказалі настрой, але так сабе. Праз год канцэпцыя нашай праграмы змянілася. Яна стала больш гаражнай і дыскатэчнай. Пасля сольнага канцэрту ў Доме прафсаюзаў у раёне 2010 года мы зноўку рашаем запісаць праграму. Ідзем у студыю, пішам. Рытм-секцыя нам падаецца нецікавай і зусім нейкай нежывой.

Прайшоў яшчэ год, мы зноўку пайшлі ў студыю. Стала лепей, але не так. Паралельна запісваліся розныя сінглы, якія я сам рабіў і проста выкладваў у Інтэрнэт без асаблівых аб’яваў. А зараз вось у нас з’явіўся Ягор Квартальны, і кажа: «Не, мусіць быць інтрыга». І гэта добра».

Леанід Паўлёнак

«Неяк дзіўна было казаць, што сёння грае гурт «НагУаль», а заўтра «Маланка Аркестр» – а там усё тыя ж людзі» 

У альбоме «Маладзік удалы» будуць гучаць песні з рэпертуару «Маланкі аркестра», Лёня тлумачыць, чаму так здарылася.

«На той момант, калі стваралася «Маланка», мне хацелася яе аддзяліць ад «НагУаля». «НагУаль» гэта такі фанэмны праект, даволі спецыфічны з паглыбленнем у этніку. А «Маланка» з’явілася як нешта такое лірычнае, танцавальнае і на ўжо зразумелай мове.Праходзілі гады, часам на канцэртах мы пачалі злучаць праграмы. Выступаючы як «Маланка Аркестр», мы выконвалі крыху з «НагУаля». Выступаючы з канцэртам «НагУаля», пачыналі граць песні «Маланак». Неяк здарылася так, што слухачы пачалі «НагУаль» называць «Маланкай» і наадварот. І вось прыйшло разуменне, што ўнутрана няма асаблівага супярэчання злучаць праграмы і песні».

Зазначае выбітнасць новага альбому Ягор Квартальны:

«Як раз вось гэты альбом будзе з’яўляцца сур’ёзным знакавым этапам: у ім будзе прывітанне з мінулага – песня «Маленький зелёный жук», песня на беларускай мове – «Маладзік удалы», песня на рускай мове – «Лимончики» і фанэмныя з сучаснага этапу «Хакель Джакель» і лірычная песня пра «Жэку». Да таго ж, па маіх адчуваннях, музыка двух калектываў пачала адзін у другі пранікаць. Скажам, «Маладзік удалы», па фармальных прыкметах – на зразумелай мове выкананая. Па ідэі, песня мусіла быць з рэпертуару Маланкі, але фактычна па настроі, па нейкіх фальклорных каранях, па духу – гэта песня стоадсоткава Нагуалеўская. Адпаведна, супярэчанне знікла цалкам».

«Каб увесь сок, кайф, з кожнай ноткі»

Як адчувае альбом галоўны саліст гурта Леанід Паўлёнак:

«Я дзіка замучыўся. Замучыўся ўсю гэтую справу дапамагаць зводзіць, бо ў нейкай ступені выступаю саўндпрадусарам. Адчуванне неадназначнае: раз мы да гэтага этапу падышлі, хочацца, каб гэта было "ух!" Каб увесь сок, кайф, з кожнай ноткі, з кожнага слова было цікава, каб гэта чыталася, каб гэта добра слухачу заходзіла».

Ягор Квартальны

Ягор Квартальны адчувае «Маладзік удалы» так:

«Калі казаць пра аўру гэтага запісу, то мне падаецца, што асноўная задача – высвятліць, на колькі ўвогуле гэты мікс будзе выглядаць цэласна. Ці можна гэта ўвогуле назваць альбомам. Ці складваецца цэласнае ўражанне ў людзей ад гэтага. Хочацца паказаць з аднаго боку разнастайнасць таго, што можа Нагуаль, а з другога боку заўважыць: наколькі б рознымі не былі ўсе складнікі, усё адно, дух – ён агульны».

Лёня:

«У гэтай мініальбомнасці запакаваная вялікая мультыкультурнасць. У цэлым, асабіста я, ствараючы нейкі твор праз мастацтва, у першую чаргу хачу сказаць людзям: «Сябры, свет такі вялікі і разнастайны, неабсяжны, што яго пазнаваць і пазнаваць, не здзекуйцеся адзін з аднаго, любіце адзін аднаго».

Леанід Паўлёнак

Ягор Квартальны



comments powered by Disqus
 
In 0.0467 seconds.