Гурт «Нагуаль» гукае вясну новым сінглам

Прадстаўнікі этна-ф'южна прэзентуюць старажытны беларускі абрад «гукання» вясны на новы лад: з моднымі сэмпламі і элементамі першароднага рэпа.

Гукаць вясну з абавязковым жыццярадасным «гу-у-у!» пасля абрыдлай зімы – старажытны беларускі звычай. Музыкі «Нагуаля» вырашылі не адыходзіць ад традыцый і таксама паспрабавалі годна сустрэць доўгачаканае цяпло.

‒ Яшчэ мінулай вясной у маю галаву літаральна за секунду прыйшлі першы радок і мелодыя дудачкі, ‒ дзеліцца гісторыяй стварэння песні лідар гурта Леанід Паўлёнак. – На нашых дзіцячых выступах пад яе пачалі вадзіць карагоды. І захацелася зрабіць з гэтага нешта добрае, дзіцячае, але звязанае са старажытнасцю і фальклорам.

Злавіць патрэбнае адчуванне атрымалася сёлета ў той жа магічны час: на стыку зімы і вясны.

‒ Першы радок прадыктаваў далейшае развіццё песні: увесь час прысутнічае сувязь чалавека з прыродай, ‒ тлумачыць Леанід. – Дзеля разнастайнасці вырашыў дадаць у песню модны электроны біт, а этна-хіп-хоп выйшаў з нетраў маёй свядомасці самастойна. Атрымалася такая танцавальна-лірычная кампазіцыя з практычным заклікам: падпявайце і вадзіце карагоды!. Хацелася б прысвяціць яе вясне і маёй маме.

У планах гурта прадставіць сінгл і абноўленую праграму шаманскага рок-н-рола у туры па Беларусі, што зараз рыхтуецца. Пачуць «Нагуаль» можна будзе і на фестывалях: 23 красавіка запланаваны выступ на «Фэсце кулікоў» у Тураве, а 25 чэрвеня группа выступіць на галоўнай сцэне буйного расійскага фестывалю «Дзікая мята».


14:40, 30.03.2016 | Навіны |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0457 seconds.